Праверка на трываласць

- 9:30Авторские колонки, Ремарка

Бягучае лета не толькі радуе нас сонечным цяплом і буянствам зеляніны, але і прымушае пахвалявацца. Аранжавы ўзровень небяспекі з-за моцных навальніц і ўраганнага ветру неяк звыкла і трывала ўвайшоў у штотыднёвы прагноз надвор’я. Трапічная спёка на тэрыторыі Беларусі, на жаль, мае і трагічныя наступствы: навальнічны фронт з ліўнямі і шкваліс­тым ветрам, які пранёсся па тэрыторыі нашай краіны 14 ліпеня, забраў сем чалавечых жыццяў. Людзі загінулі ад падзення дрэў і элементаў дахаў. У тым ліку загінулі дзеці…

Наталля КАСТЭНКА

Балюча. Непапраўна. Страшна.

Такога разгулу стыхіі не памятаюць нават старажылы. Найбольш пацярпелі ад непагадзі Гомельшчына, Магілёўшчына і Брэстчына. Па ўдакладненых звестках на раніцу 17 ліпеня, ад праходжання 14 ліпеня навальнічнага фронту з парывамі вет­ру да 29 м/с у 33 раёнах Беларусі пацярпелі 748 населеных пунктаў: 15 у Брэсцкай вобласці, 676 у Гомельскай і 57 у Магілёўскай. Па словах мясцовых жыхароў, вецер быў такой сілы, што ламаў велічэзныя дрэвы, як запалкі, за секунды раскідваў шыфер з дахаў і сціраў з твару зямлі агароджы. У найбольш пацярпелым населеным пункце — аграгарадку Лапаціна Пінскага раёна — за пяць хвілін, якія здаліся вяскоўцам пяццю га­дзінамі, ураган пашкодзіў больш за 80 будынкаў.

У Асіповічах вецер знішчыў больш за палову гарадскога парку.

Энергасістэма Гомельскай вобласці з такой жудаснай стыхіяй сутыкнулася ўпершыню. Была парушана работа не толькі высакавольтных ліній, але і цэлага Мазырскага энергавузла. Зразумела, што з адключэннем электрычнасці ў рэгіёне прапала і водазабеспячэнне. І гэта ў самую спёку!

Для энергетыкаў, супрацоўнікаў МНС і Мінлясгаса азначаныя ліпеньскія дні былі гарачымі ўдвая. Ды і ночы таксама, таму што аднаўляць падачу электраэнергіі насельніцтву і прадпрыемствам, разбіраць завалы на дарогах, дапамагаць грамадзянам у рамонце дахаў даводзілася і ў складаных умовах надвор’я, і ноччу.

Дасталася ад ветру і ліўняў і ўстановам адукацыі. Ураган пашкодзіў дахі школьных будынкаў, паваліў агароджы вакол устаноў адукацыі, паламаў дрэвы на школьных тэрыторыях. Адным словам, наламаў дроў. Педагагічным работнікам, навучэнцам і іх бацькам, а таксама проста нераўнадушным грамадзянам давялося шмат папрацаваць, каб устараніць наступствы разгулу стыхіі. Адрамантаваны дахі, распілены і вывезены зламаныя дрэвы, расчышчаны ад смецця і галін школьныя тэрыторыі.

Працавалі ўсе старанна, якасна, але ці хопіць гэтага ў новых умовах? Напэўна, пара выпрацоўваць новыя падыходы да інфармавання насельніцтва аб будучых катаклізмах надвор’я, праводзіць рэвізію электрасетак і галоўнае — выпрацоўваць дакладны алгарытм дзеянняў пры пагрозе ўдару стыхіі ці пры ліквідацыі наступстваў гэтага ўдару. Нам няма чаго чакаць ад надвор’я — пара браць сітуацыю пад шчыльны кантроль. Тым больш што, па сведчаннях навукоўцаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, да 2030—2040 гадоў тэмпература на Віцебшчыне будзе прыкладна такой, як зараз на Палессі, і прырода раз-пораз будзе правяраць беларусаў на трываласць.

Нашы продкі пакінулі нам у спадчыну традыцыю праца­ваць талакой. Калі ў суседа здаралася бяда, на дапамогу прыходзілі аднавяскоўцы: адбудоўвалі хату, дапамагалі расчыс­ціць двор, дзяліліся ўраджаем. Нам неабходна развіваць гэую традыцыю, калі нераўнадушныя людзі падстаўляюць плячо ў складаны час. Настаўнікам цяжка самастойна адрамантаваць пашкоджаны ветрам дах на будынку школы — падтрымку акажуць бацькі навучэнцаў, якія яшчэ і з будаўнічымі матэрыяламі дапамогуць, бо часта працуюць у шэфскіх арганізацыях. Прычым лакаматывам такога руху могуць стаць вопытныя педагогі, якія маюць аўтарытэт у мясцовай супольнасці.

Напрыклад, настаўнік года Сяргей Шамінскі не стаў нікога чакаць, а сам выйшаў на дапамогу мясцовым камунальным службам у прыбіранні тэрыторыі. Якраз пра такіх і сказаў на нядаўняй нарадзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка: “Сапраўдны мужык!”

А значыць, чалавек прайшоў праверку на трывалась і неабыякавасць.

Фота на прэўю з архіва рэдакцыі, носіць ілюстрацыйны характар