У дзіцячым садзе № 1 Паставаў выхаванцаў далучаюць да гульні ў футбол

- 17:10Новости

У дзіцячым садзе № 1 Паставаў паспяхова рэалізуецца абласны творчы праект па далучэнні выхаванцаў да гульні ў футбол. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— “Гуляем у футбол” — так называецца гурток, які з мінулага навучальнага года наведваюць 22 выхаванцы старэйшага дашкольнага ўзрос­ту. Вядзе яго кіраўнік фізічнага выхавання Вольга Дуброўская. Самая галоўная ўмова для будучых футбалістаў — адсут­насць супрацьпаказанняў для заняткаў фізкультурай (рухавымі і спартыўнымі гульнямі), — гаворыць загадчыца ўстановы Лада Канчаніна. — Абласны творчы праект, да якога мы падключыліся, называецца “Далучэнне дзяцей дашкольнага ўзросту да сістэматычных заняткаў спортам праз авалоданне тэхнічнымі, тактычнымі і практычнымі навыкамі гульні ў футбол”. Працаваць у ім дазволілі нашы магчымасці: асобная спартыўная зала, вопытны кіраўнік фізвыхавання, дастатковая колькасць выхаванцаў (у садзе займаецца 250 дзяцей).

У дзіцячы сад набылі футбольныя манішкі, каардынацыйныя лесвіцы, мячы, вароты, футбольныя фішкі. Фізкультурныя куткі ў групах таксама папоўнілі спортінвентаром, наглядным дыдактычным матэрыялам. Распрацавалі картатэкі гульняў і практыкаванняў з элементамі футбола. Дзецям расказалі пра гісторыю ўзнікнення футбола і футбольнага мяча, завіталі ў сярэднюю школу № 1 Паставаў, каб паназіраць за трэніроўкай футбольнай каманды малодшых школьнікаў.

— Што самае галоўнае для футбаліста? Шпаркасць і спрыт, — адзначае кіраўнік фізвыхавання Вольга Барысаўна. — Я распрацавала комплексы рухавых гульняў і практыкаванняў з элементамі футбола, якія спалучаюць у сабе фізпадрыхтоўку і практыкаванні з мячом. Напрыклад, замест мяча дзеці ўяўляюць гарачую бульбу, якую трэба астудзіць, а замест футбольных варот — замак, які трэба захапіць, кідаючы ў яго мяч, быццам страляючы з гармат. У звычайныя фізкультурныя заняткі ўключыла спе­цыяльныя практыкаванні: вядзенне мяча па прамой лініі напераменку то правай, то левай нагой, паміж прадметамі (метболы, кеглі) і інш. Выкарыстоўвала малюнкі, графічныя выявы асноўных тэхнічных прыёмаў гульні ў футбол (вя­дзенне, спыненне, удар, перадача). Адзна­чу, што ўсе элементы спартыўнай гульні ў футбол складаюцца з рухаў, прадугледжаных вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі, выкананне іх цалкам даступна дзецям.

У маі гэтага года Вольга Дуброўская падчас семінара для тых, хто заняты ў абласным творчым праекце (з удзелам асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”), атрымала сертыфікат катэгорыі D UEFA.

Знаёмства выхаванцаў з элементамі гульні ў футбол адбываецца яшчэ і ў творчай дзейнасці, пры разгадванні загадак, завуч­ванні вершаў, чытанні казак, праг­лядзе мультфільмаў (“Незвычайны матч”, “Качаня, якое не ўмела гуляць у футбол”, “Смяшарыкі” і інш.). Малышы ўдзельнічаюць у віктарынах і спартыўных святах, спаборнічаюць у настольных гульнях “Футбол” і “Спартыўнае даміно”. Дапамагаюць і выхавальнікі старшых груп. Эстафеты, гульні і практыкаванні з элементамі футбола яны ўклю­чаць у розныя адукацыйныя сітуацыі, прагулкі, самастойную дзейнасць дзяцей.

— Мы змаглі далучыць да праекта бацькоў, якія разам з дзецьмі прымаюць удзел у творчых конкурсах, майстар-класах па вырабе атрыбутыкі для балельшчыкаў (надзіманыя палкі-­стукалкі, султанчыкі, сцяжкі, далонькі, футбольная дудка, білеты на матч), — расказвае Вольга Барысаўна. — Праект аказаўся цікавым, творчым, яркім. Малышы шмат даведаліся пра спорт і спаборніцтвы, адчулі смак першых перамог і паражэнняў. Дзякуючы футболу, у іх фарміруецца моц­ны характар, з’яўляюцца новыя сяб­ры, узнікае камандны дух, імкненне перамагчы ў сумленнай барацьбе.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва садзіка