Адкрыць уласную ветклініку і ствараць новыя прадукты — пра што мараць навучэнцы ПДАТК

- 10:03Абитуриент, Образование

За першы тыдзень прыёму дакументаў у Пінскім дзяржаўным аграрным тэхналагічным каледжы занята амаль палова бюджэтных месцаў, расказалі карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” ва ўстанове адукацыі.

У Пінскім аграрным тэхналагічным каледжы 20 ліпеня стартавала прыёмная кампанія — 2024, бо тут навучанне вядзецца выключна на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Каледж набірае выпускнікоў 9-х класаў па пяці спецыяльнасцях: “Тэхнічная эксплуатацыя абсталявання харчовых вытворчасцей” з прысваеннем кваліфікацыі “тэхнік-механік” (50 месцаў), “Вытворчасць мясной і мясазмяшчальнай прадукцыі” і “Вытворчасць малочных прадуктаў” з кваліфікацыямі “тэхнік-тэхнолаг” (на кожнай — па 25 месцаў), “Ветэрынарная медыцына” з кваліфікацыяй “фельчар ветэрынарнай медыцыны” (58) і “Вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання” зноў з кваліфікацыяй “тэхнік-тэхнолаг” (28). Адзінаццацікласнікам прапаноўваецца навучанне на “Ветэрынарнай медыцыне”, тут для іх прадугледжана 29 месцаў. Ёсць у каледжы і платная форма навучання, і завочная. Так, адзінаццацікласнікі могуць паступіць на платную форму на спецыяльнасць “Вытворчасць мясной і мясазмяшчальнай прадукцыі”.

Навучэнка 3 курса ветэрынарнага аддзялення Ганна Сахнюк — спартсменка і актывістка. Яна родам з Пінска, у каледж паступіла пасля 9 класа з сярэднім балам дакумента аб адукацыі 7,6.

— Мне давялося пахвалявацца, ці прайду па конкурсе, але, калі ўбачыла сваё імя ў спісе залічаных, была неверагодна рада. З самага дзяцінства бацькі прывівалі мне любоў да жывёл. Да таго ж мой тата заа­тэхнік і выпускнік гэтага каледжа, ён і параіў мне паступаць у яго. Але я і сама вельмі хацела працаваць з жывёламі, у нас ёсць невялікая гаспадарка: курачкі, козы, а таксама дзве нямецкія аўчаркі. Я ні разу не пашкадавала, што прыйшла вучыцца сюды, бо набыла тут не толькі веды, але і шмат сяброў, змагла рэалізавацца ў спорце, валанцёрстве, творчасці. Дарэчы, я павысіла свой бал дзякуючы цікавасці да будучай прафесіі, жаданню вучыцца, чагосьці дасягаць і адбыцца ў жыцці. Мая мара — скончыць Віцебскую ветэрынарную акадэмію, а пасля адкрыць сваю клініку для дробных хатніх жывёл і лячыць кошак і сабак, — падзялілася планамі дзяўчына.

У сваю чаргу Мікалай Андрэйчук, навучэнец 3 курса тэхналагічнага аддзялення і спецыяльнасці “Тэхналогія захоўвання і перапрацоўкі жывёльнай сыравіны (малако і малочныя прадукты)”, паступаў з сярэднім балам 9.0.

— Сам я са Столінскага раёна, пайшоў у каледж па парадзе мамы, якая працуе на Тураўскім малочным камбінаце. А я хацеў бы ўладкавацца ў будучыні ў пінскі філіял “Савушкінага прадукту”. Мы там былі на практыцы па атрыманні рабочай прафесіі лабаранта хіміка-бактэрыялагічнага аналізу 3-га разраду. Увогуле я раю паступаць у гэты каледж, бо тут запатрабаваныя спецыяльнасці. Згадзіцеся, харчовая прамысловасць ніколі не стаіць на месцы, таму займацца стварэннем новых прадуктаў — гэта і цікава, і вельмі прэстыжна, — лі­чыць юнак.

У лабараторыі хіміка-бактэрыялагічнага аналізу, дзе навучэнцы каледжа атрымліваюць прафесію лабаранта і праводзяць вучэбныя, лабараторныя і практычныя заняткі, мяне сустрэла Юлія Кульбеда — навучэнка 3 курса спецыяльнасці “Тэхналогія захоўвання і перапрацоўкі жывёльнай сыравіны (мяса і мясныя прадукты)”. Яна расказала:

— Я хацела трапіць на запатрабаваную спецыяльнасць, і мой выбар выпаў на гэты каледж. Тэхнік-тэхнолаг — гэта вельмі неабходная прафесія, бо людзі заўсёды будуць хацець есці і вытворчасць харчовых прадуктаў будзе пастаянна развівацца. У лабараторыі мы праводзім аналітычныя даследаванні прадуктаў і сыравіны, прыдумляем новыя рэцэптуры і ствараем прадукты, затым дэгустуем іх і ацэньваем смакавыя якасці. Гэта вельмі цікава. Адна справа — паглядзець на вытворчасці, як вырабляюцца прадукты, і зусім іншая — самім стварыць свой прадукт у лабараторных умовах.

Мікалай і Юля збіраюцца атрымлі­ваць вышэйшую адукацыю, прычым зрабіць гэта яны могуць па скарочанай форме навучання ў Беларускім дзяржаўным універсітэце харчовых і хімічных тэхналогій альбо ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце.

Пакуль жа ў юных герояў канікулы, таму хочацца пажадаць ім добра адпа­чыць і набрацца сіл, а сёлетнім абітурыентам, якія выберуць Пінскі аграрны тэхналагічны каледж, — удачы!

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара