Атрымаць сапраўдны працоўны вопыт і зарабіць першыя грошы — такая магчымасць падчас летніх канікул рэгулярна прадастаўляецца навучэнцам Міхееўскай сярэдняй школы Дрыбінскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Шмат вучняў жадаюць правесці лета не толькі за адпачынкам, але і за карыснай працай. У нашай школы вялікая прылеглая тэрыторыя, спраў заўсёды шмат, таму працоўная занятасць вельмі насычаная, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ларыса Котава.
Па яе словах, спачатку навучэнцаў прымаў лагер працы і адпачынку “Ветразь”. Падлеткі займаліся добраўпарадкаваннем і азеляненнем прышкольнага ўчастка. Зранку дзеці высаджвалі кветкі, а пасля іх чакалі забаўляльныя мерапрыемствы. Работа падлеткаў ужо прынесла плён: дзякуючы кветнікам, вакол школы — неверагодная прыгажосць.
— Прыняць вучняў на працаўладкаванне заўсёды гатова кіраўніцтва ААТ “ЧэрнеўкаАгра”. Лета — гарачая пара для сельгаспрадпрыемства, працоўныя рукі лішнімі не бываюць. Днямі там завяршыў дзейнасць наш студэнцкі атрад. Навучэнцы праводзілі міжвідавую праполку збожжавых культур. Дарэчы, падлеткі працуюць у калгасе не толькі ў складзе атрада, але і індывідуальна, — патлумачыла Ларыса Пятроўна.
Зараз вучні аказваюць падтрымку роднай школе. Па дагаворы з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама падлеткі дапамагаюць рыхтаваць установу да новага навучальнага года. Хлопцы і дзяўчаты з энтузіязмам ажыццяўляюць рамонт вучэбнай мэблі.
Сярод міхееўскіх школьнікаў нямала тых, хто працуе на бязвыплатнай аснове. Ва ўстанове ёсць валанцёрскі атрад, які ўлетку не спыняе функцыянаванне. Дзеці дапамагаюць па гаспадарцы адзінока пражываючым, састарэлым людзям. Акрамя таго, вучні пастаянна прыходзяць у школу ў рамках летняй практыкі: даглядаюць сад і расліны на ўчастку, далучаюцца да рамонту кабінетаў. Працуюць тут і дзеці, якія знаходзяцца на розных формах прафілактычнага ўліку. Яны перафарбавалі абсталяванне на гульнявой пляцоўцы, шчыруюць над абнаўленнем падручнікаў у школьнай бібліятэцы.
— Навучэнцы зацікаўлены ў стваральнай працы, таму імкнёмся задаволіць гэты попыт. Прадугледжваем розныя формы працоўнай занятасці, бо, працуючы, дзеці набываюць важныя ўменні і навыкі, якія неаднойчы спатрэбяцца ім у жыцці, — падкрэсліла Ларыса Котава.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара