Спецыяльная школа Аршанскага раёна апошнія тры гады прызнавалася лепшай установай адукацыі па метадычнай рабоце ў раёне. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Тут напрацаваны шматгадовы вопыт, якім калектыў дзеліцца на ўзроўні вобласці і рэспублікі. Установа станавілася пераможцай абласнога этапу і суперфіналістам рэспубліканскага конкурсу “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі” ў намінацыі “Лепшая дапаможная школа” ў 2014 і 2017 гадах.
— Метадычная работа ў нас мае практычную накіраванасць, — гаворыць дырэктар Алена Чаховіч. — З 2012 года ў школе рэалізаваны міжнародны, рэспубліканскі і два абласныя інавацыйныя праекты. Камандай педагогаў-наватараў кіруе настаўнік-метадыст выдатнік адукацыі Алена Семянкова. Поспеху ў гэтай справе спрыяў яе папярэдні шматгадовы вопыт работы метадыстам у аддзеле адукацыі. Пры атрыманні кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” Алена Аляксандраўна абараняла тэму “Праграмна-мэтавы падыход у кіраванні якасцю спецыяльнай адукацыі”.
У 2018 годзе ў школе адкрыўся рэгіянальны рэсурсны цэнтр “Псіхолага-педагагічнае і арганізацыйна-метадычнае забеспячэнне інклюзіўнай адукацыі”.
— Установы спецадукацыі павінны стаць пляцоўкамі, якія каардынуюць дзейнасць па развіцці інклюзіі ў сваіх рэгіёнах, — адзначае Алена Аляксандраўна. — Тут павінен назапашвацца, абагульняцца і распаўсюджвацца адпаведны вопыт, праходзіць канферэнцыі, майстар-класы, семінары, круглыя сталы. Сёлета да нас па падтрымку звярнуліся з Аршанскага педкаледжа, які па лініі РІПА падключыўся да інавацыі па інклюзіі. Нашы педагогі правялі з калектывам і навучэнцамі каледжа адпаведную падрыхтоўчую работу. Мы расказваем і паказваем, чаго могуць дасягнуць дзеці з асаблівасцямі, тым больш тыя, хто належаць да складанай назалагічнай групы — дзеці з інтэлектуальнай недастатковасцю 1-га і 2-га аддзяленняў, якія вучацца па спецыяльных праграмах.
У мінулым навучальным годзе вучні аршанскай спецшколы атрымалі 37 дыпломаў у 9 творчых конкурсах. Пад кіраўніцтвам настаўніцы фізкультуры Алены Нікалаевай удзельнічалі ў XV Рэспубліканскім комплексным спартыўна-масавым мерапрыемстве “Усе разам” для дзяцей з цяжкімі і множнымі фізічнымі або псіхічнымі парушэннямі. У скарбонцы іх перамог 1-е месца ў Калядным рэспубліканскім турніры па боўлінгу па праграме “Спешыял Алімпікс”, тры 1-я і два 3-я месцы ў рэспубліканскіх спаборніцтвах па водных відах спорту па праграме “Спешыял Алімпікс” сярод дзяцей з АПФР, 2-е месца ў адкрытым рэспубліканскім турніры па футболе па праграме “Спешыял Алімпікс” сярод дзяцей з АПФР.
У школе з 2012 года дзейнічае сертыфікаваны Клуб юных алімпійцаў, створаны яго эмблема і талісман. Калектыў узнагароджаны дыпломам прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Віцебскай вобласці за ўкараненне алімпійскай педагогікі ў сістэму спецыяльнай адукацыі.
— Можа здацца дзіўным, але нашы вучні перамагаюць яшчэ і ў інтэлектуальных спаборніцтвах, — працягвае Алена Аляксандраўна. — З 2018 года яны далучаюцца да ўсерасійскіх алімпіяд і конкурсаў з міжнародным удзелам (сярод такіх, як яны, дзяцей) па матэматыцы, рускай мове, чытанні, прадмеце “Чалавек і свет”, сацыяльна-бытавой арыенціроўцы (у Расіі — прадмет “Сацыяльна-бытавое абслугоўванне”), швейнай справе, метапрадметных кірунках. Сёлета атрымана 21 узнагарода. Дыстанцыйную алімпіяду па СБА “Я ведаю. Я ўмею. Я магу” ўпершыню ў гэтым годзе на базе нашай школы правёў Віцебскі абласны ЦКРНіР, дзе нашы вучні мелі 4 дыпломы.
— Надзвычай важная сама магчымасць, якую атрымліваюць нашы вучні для максімальнай самарэалізацыі, — падкрэслівае Алена Аляксандраўна. — Уявіце, што ў адной сям’і выхоўваецца дзіця з масавай школы і яно ўдзельнічае ў алімпіядзе, а побач з ім асаблівы брат або сястра таксама заняты ў падобных спаборніцтвах. Як і на звычайных алімпіядах, дзецям уручаюць дыпломы, што забяспечвае раўнапраўе паміж імі.
Каб зразумець маштаб праблем, якія штодзень на працягу многіх гадоў вырашае наш калектыў, адзначу, што сёння ў школе вучыцца 101 дзіця (каля дзесяці гадоў назад іх было ўдвая менш). Расце і колькасць вучняў з множнымі парушэннямі, калі да асноўнага (інтэлектуальнага) парушэння дабаўляюцца рухальныя абмежаванні, аўтыстычныя расстройствы, праблемы са зрокам ці слыхам. 77 працэнтаў вучняў маюць інваліднасць (раней гэты паказчык быў на ўзроўні 20—30 працэнтаў). Адпаведна з кожным годам расце і колькасць ставак суправаджальнікаў (памочнікаў выхавальніка).
Ёсць выпадкі, калі да нас пераводзяць дзяцей, якія вучыліся ва ўмовах інтэграцыі ў масавай школе. Такім вучням было некамфортна ў асяроддзі звычайных аднагодкаў, яны не змаглі там праявіць сябе, ды і ад настаўнікаў не адчувалі індывідуальнага падыходу.
Эфектыўна дзейнічаюць метадычны савет школы, вучэбна-метадычныя аб’яднанні настаўнікаў і часовыя творчыя групы. Адна з такіх груп у мінулым навучальным годзе працавала над тэмай РАС.
— У вучэбным плане для дзяцей з РАС прадугледжаны карэкцыйныя заняткі па развіцці сацыялізацыі і камунікацыі, — расказвае Алена Аляксандраўна. — Але ў педагогаў няма адпаведнай праграмы, метадычных рэкамендацый і вучэбна-метадычнага забеспячэння. Творчая група стварыла свае прыкладныя праграмы карэкцыйных заняткаў па названых кірунках, пералік сацыяльных гісторый і картатэку практыкаванняў для фарміравання навыкаў камунікацыі. Узначальвала групу малады спецыяліст Настасся Вежык. Дзяўчына з адзнакай скончыла педкаледж, педуніверсітэт і магістратуру, заняла 1-е месца ў адкрытым абласным конкурсе “#Маладыя_педагогі#new_generation”, зараз рыхтуецца да конкурсу “SuperПРОФІ-2024”.
За распрацоўку тэмы СДУГ узялася творчая група пад кіраўніцтвам Алены Семянковай. У спецшколе прайшоў рэспубліканскі семінар па азначанай тэме. Сумесна з Віцебскім абласным ЦКРНіР праведзена тэматычная анлайн-кансультацыя для педагогаў па стварэнні спецыяльных умоў для навучэнцаў з СДУГ. У выніку сумесна з Віцебскім абласным ІРА былі распрацаваны адпаведныя метадычныя рэкамендацыі.
Яшчэ адна творчая група пад кіраўніцтвам Вольгі Буйніч працавала па кірунку фарміравання гульнявой дзейнасці. Праграма па гульні для 1 класа існуе, але яна ўключае толькі агульныя палажэнні, пералік тыпаў гульняў і іх назвы. Творчая група зрабіла апісанне ходу гульняў па ўсіх тэматычных блоках.
У спецшколе звычайна праходзяць карэкцыйныя заняткі па развіцці эмацыянальна-валявой сферы дзяцей. Але да іх няма вучэбна-метадычнага забеспячэння, ёсць толькі праграма для 2-га аддзялення і праект праграмы для пачатковай школы. Члены творчай групы пад кіраўніцтвам Аксаны Дорахавай стварылі прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне па гадах (для 1—5 класаў 1-га аддзялення і 1—9 класаў 2-га аддзялення) і канспекты карэкцыйных заняткаў па развіцці эмацыянальна-валявой сферы, разам з педагогам-псіхолагам распрацавалі рэкамендацыі для педагогаў і бацькоў і метады дыягностыкі па гэтым кірунку.
Класныя кіраўнікі 1—10 класаў аб’ядналіся і стварылі зборнік метадычных матэрыялаў “Ведай, любі, вывучай родны Аршанскі край” з планаваннем заняткаў па класах (1—2, 3—5, 6—8, 9—10 класы), а таксама канспекты кожных заняткаў.
Усе актуальныя матэрыялы і распрацоўкі па навучанні і выхаванні дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю, па карэкцыйнай рабоце, пералік сродкаў навучання, літаратуру і падручнікі можна знайсці ў электронным метадычным кабінеце Спецыяльнай школы Аршанскага раёна. Сёлета тут з’явіўся яшчэ і метадычныя партфель з нарматыўнымі прававымі дакументамі, вучэбнымі праграмамі, методыкамі навучання. У партфоліа размешчана інфармацыя аб дасягненнях педагогаў, іх публікацыях, удзеле ў вэбінарах, семінарах, конкурсах і навукова-практычных канферэнцыях (з электроннымі зборнікамі матэрыялаў), пададзены і пералік узнагарод вучняў.
Даведка
Педагогі Спецыяльнай школы Аршанскага раёна — актыўныя ўдзельнікі прафесійных конкурсаў. Геаграфія даволі шырокая — больш за 20 гарадоў краін блізкага і далёкага замежжа. Звыш 15 гадоў настаўнікі ўдзельнічаюць у доследнай праверцы падручнікаў для спецыяльных школ з рускай мовай навучання. Дзесяць чалавек з’яўляюцца членамі Беларускай педагагічнай супольнасці (секцыя спецыяльнай адукацыі). Чатыром педагогам прысвоена званне раённага настаўніка-майстра з правам правядзення майстар-класаў.
Дырэктар школы А.П.Чаховіч і настаўнік-метадыст А.А.Семянкова ўваходзілі ў навуковыя калектывы па распрацоўцы праграм спецыяльнай адукацыі ў 2021 і 2022 гадах, былі ў складзе аўтарскага калектыву па стварэнні вучэбных дапаможнікаў па беларускай мове для 9 і 10 класаў дапаможнай школы з беларускай мовай навучання. А.А.Семянкова таксама з’яўляецца суаўтарам вучэбных дапаможнікаў па беларускай мове для 3, 4, 5 класаў спецыяльнай школы з рускай мовай навучання і выхавання для навучэнцаў з інтэлектуальнай недастатковасцю.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва ўстановы