Зрабіць лета яркім і запамінальным імкнуцца ва ўстановах адукацыі Круглянскага раёна. З першых чэрвеньскіх дзён і да канца жніўня навучэнцам тут прапаноўваюць шырокі спектр цікавай занятасці. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Асноўны ўпор робім на аздараўленне. Падчас летніх канікул арганізавана функцыянаванне 18 лагераў як з дзённым, так і з кругласутачным знаходжаннем. Для поўнага задавальнення запытаў навучэнцаў і іх бацькоў мы прадугледзелі летнікі па розных напрамках дзейнасці. Ужо завяршылі работу турыстычна-краязнаўчы, эколага-біялагічны, ваенна-патрыятычны, фізкультурна-спартыўны, культурна-адпачынкавы, сацыяльна-педагагічны лагеры. Асаблівую ўвагу мы ўдзялілі адпачынку дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У летніку на базе Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі змаглі паўнавартасна аздаравіцца 20 асаблівых дзяцей, — паведаміла начальнік аддзела па адукацыі Круглянскага райвыканкама Марына Токарава.
Яркія моманты адпачынку навучэнцаў пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Круглага
Усяго па раёне аздараўленнем у лагерах ахоплена звыш 700 хлопчыкаў і дзяўчынак. Гэта больш за палову ад агульнай колькасці вучняў. Дні ў летніках праходзяць вельмі цікава. Для дзяцей ладзяцца спартландыі, віктарыны, эстафеты, гульні, конкурсы, выставы, акцыі, экскурсіі, прафілактычныя гутаркі. Паўсюдна праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя Году якасці, 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Рэалізуюцца інфармацыйна-адукацыйны праект “Крок да поспеху”, абласны праект “#Мая Зямля Прыдняпроўе”, рэспубліканскі марафон “Праводжу лета з карысцю”.
— Падлеткам, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту, была прапанавана працоўная занятасць. Такі варыянт баўлення вольнага часу карыстаецца папулярнасцю. Пры школах прадугледжаны пяць лагераў працы і адпачынку. Акрамя таго, навучэнцы працуюць у студэнцкіх атрадах і вытворчых брыгадах. Падлеткам таксама прадастаўлены магчымасці для індывідуальнага працаўладкавання, — адзначыла Марына Пятроўна.
Улетку пры ўстановах адукацыі функцыянуюць гульнявыя пляцоўкі, бібліятэкі, спартзалы, стадыёны, камп’ютарныя класы і відэасалоны. Не спыняюцца заняткі аб’яднанняў па інтарэсах у раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Вясёлка”. Тут жа для школьнікаў арганізоўваюцца забаўляльныя праграмы.
— Педагагічныя калектывы прыклалі ўсе намаганні, каб для кожнага навучэнца канікулы былі насычаны станоўчымі падзеямі і ўражаннямі, каб 1 верасня нашы дзеці сустрэлі загартаванымі, поўнымі сіл і энергіі для працягу вучобы, — падкрэсліла Марына Токарава.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара