Дзеці разумеюць, што грошы не даюцца проста так — як навучэнцы Глускай гімназіі працуюць на карысць свайго раёна

- 14:25Новости

У спякотны летні дзень карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” завітала ў гадавальнік Глускага лясгаса, каб паглядзець, як працуе студатрад з мясцовай гімназіі.

Маладыя “ляснічыя” якраз адпачываюць у альтанцы. Зараз падсілкуюцца і пойдуць далей выконваць свае абавязкі — бачна, што на месцы дзяўчатам і хлопцам не сядзіцца.

— У працы на зямлі няма нічога нязначнага, усё важна, — падкрэсліваюць яны. — Кожнаму дрэўцу, кожнай градцы трэба ўдзя­ліць увагу. Мы ж хочам, каб наш раён заставаўся самым зялёным.

Сапраўды, у Глускім раёне стагоддзямі шумяць дубы і елкі. Задача лясгаса — гэтае багацце захаваць. Сёння ў гадавальніку, які быў закладзены больш за 10 гадоў назад і займае плошчу 11 га, растуць бярозы і дубы, елкі і клёны, ядлоўцы і туі, іншыя дрэвы. Аб’ём вырошчвання пасадачнага матэрыялу — больш за 4 млн штук у год. Студатрадаўцам гадавальнік падабаецца, сюды прыязджаюць працаваць дзеці з розных навучальных устаноў раёна.

— Учора мы займаліся праполкай елак, — расказвае адзінаццацікласнік Данiла Кашко. — А сёння нас папрасілі разгрузіць машыну з торфам — занятак тут заўсёды знойдзецца. Яшчэ не так даўно ў бабулі на дачы мне здавалася, што акучыць градку — цяжкая справа. І толькі тут зразумеў, што такое сапраўдная праца на зямлі.

Змена ў гадавальніку для хлопцаў і дзяўчат доўжыцца з 8:00 да 16:00, і так два тыдні. Кіраўнік атрада настаўніца англійскай мовы гімназіі Глуска Наталля Краўчанка ў гэтай навучальнай установе працуе ўжо 25 гадоў. Добра ведае ўсіх дзяцей, якія запісаліся ў атрад (сёлета гэта 11 старшакласнікаў). Характарызуе іх як актыўных і матываваных. Дарэчы, у Наталлі Пятроўны два сыны, якія таксама студатрадаўцы са стажам. А яшчэ свой дом з участкам, таму яна добра ведае, што такое праца на зямлі, і дапамагае дзецям словам і справай.

— Праца на полі няпростая, асабліва калі надвор’е гарачае, — заўважае настаўніца. — Але попыт на ўдзел у студатрадах сярод нашых дзяцей вялікі, у гэтым лясгасе змены кожны год. І не толькі тут: дзяўчынкі з нашай гімназіі ў студатрадах шыюць, хлопцы займаюцца будаўніцтвам. І гэты гадавальнік вельмі папулярны, бо ў яго зручнае размяшчэнне — усяго за 10 мінут можна дабрацца да яго ад гімназіі на веласіпедзе.

Сапраўды, заўважаю ля адміністрацыйнага будынка стаянку з веласіпедамі, на якіх прыязджа­юць дзеці. Пасля абедзеннага перапынку да працы вяртаюцца дзяўчынкі, яны займаюцца праполкай вялікай дзялянкі з дубкамі. Ксенія Ласоцкая з 11 класа ўжо другі год запар шчыруе ў гэтым гадавальніку. Яна дзеліцца вопытам:

— Галоўнае — не спяшацца, усё ра­біць акуратна. За дзень праходзім па чатыры доўгія рады дубкоў. Бачыце, адразу ві­даць, дзе мы ўжо былі: радкі чыстыя. А травы і пустазелля сёлета вельмі шмат. Кожны год праца можа быць рознай. Летась, напрыклад, мы падкормлівалі і перасаджвалі маленькія елачкі.

— У нас у Глуску свой дом, участак, дзе бацькі вырошчваюць агародніну, ёсць і цяпліцы, — расказвае Насця Белавушка, якая спрытна спраўляецца з матыкай. — Я з дзяцінства прывыкла дапамагаць бацькам на агаро­дзе, люблю працаваць на зямлі, хаця паступаць планую ў медыцынскі ўніверсітэт.

Педагог Наталля Краўчанка ўспамінае свае школьныя гады, калі працавала ў студ­атрадах — тут жа, у Глуску, дзе яна нара­дзілася і вырасла. Дадае, што тэхніка, канечне, зараз зусім іншая. А вось галоўнае засталося нязменным: у студатрадах дзеці пачына­юць лепш разу­мець, што такое фізічная праца і што грошы не даюцца проста так.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара