Адпачынак з водарам рамантыкі арганізоўваюць для дзяцей педагогі Цэнтра турызму дзяцей і моладзі Пухавіцкага раёна

- 14:07Новости

Найлепшы адпачынак для дзяцей — на ўлонні прыроды. Менавіта так палічылі педагогі Цэнтра турызму дзяцей і моладзі Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці і арганізавалі дзве змены ў палатачным лагеры “Патрыёт” для дзяцей, якія мараць пра рамантыку турызму. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Адпачынак у палатачным лагеры “Патрыёт” — гэта незабыўны час на прыродзе ў асяроддзі новых сяброў, — адзначыў начальнік лагера дырэктар Цэнтра турызму дзяцей і моладзі Пухавіцкага раёна Дзмітрый Якаўлеў. — На працягу змен дзеці ўдзельнічалі ў займальных мерапрыемствах, спартыўных спаборніцтвах і творчых майстар-класах. Кожны дзень быў напоўнены новымі адкрыццямі, прыгодамі і пачуццямі.

Па словах Дзмітрыя Анатольевіча, дзеці прыязджаюць у лагер па новыя веды і незабыўны вопыт. Чаго толькі вартыя практычныя заняткі па абыходжанні са зброяй і стральба па мішэнях! У рамках гэтага мерапрыемства ўдзельнікі спачатку праходзяць навучанне, якое ўключае ў сябе практыкаванні і асваенне тэхнік стральбы. Ну, а пасля пачынаецца практыка.

Палюбіўся дзецям і лазертаг. Гэта не проста гульня — яна дапамагае разві­ваць камандны дух і ўмацоўвае сяброўскія сувязі паміж дзецьмі. Да таго ж у “Патрыёце” ладзіліся спаборніцтвы па дартсе, дзе кожны юны турыст мог паказаць сваю мет­касць і вытрымку.

Як расказаў Дзмітрый Якаўлеў, лагер смела можна назваць традыцыйным. Прыехаўшы сюды ўпершыню, яго выхаванцы пачынаюць наведваць “Патрыёт” кожнае лета. І гэтая гісторыя доўжыцца ўжо больш за 15 гадоў.

Вельмі любяць юныя турысты, калі да іх у лагер прыязджаюць госці. Напрыклад, падчас нядаўніх змен супрацоўнікі ДАІ пагутарылі з дзецьмі аб правілах дарожнага руху, веласіпедах, самакатах, скутарах, расказалі, з якога ўзросту можна катацца на такім транспарце, дзе гэта можна рабіць і ў які час сутак. Не абмінулі і тэму няшчасных выпадкаў на дарозе. Але самае цікавае было наперадзе. Дзецям дазволілі прымераць абмундзіраванне, патрымаць аўтамат і, вядома ж, сесці за руль аўтамабіля дарожнай інспекцыі.

Калі ў лагер прыязджалі супрацоўнікі Пухавіцкага РАУС, яны падрабазна расказалі, якая ў нашай краіне статыстыка правапарушэнняў з удзелам падлеткаў, а таксама пра тое, як правільна паводзіць сябе ў інтэрнэце. Не забылі нагадаць і пра адказнасць за злачынствы.

Байцы мясцовай 5-й брыгады спецыяльнага прызначэння таксама прыязджалі ў “Патрыёт” са сваім багатым інвентаром, і дзеці маглі паглядзець усё: зброю рознага калібру, абмундзіраванне. Хлопчыкам і дзяўчынкам нават паказалі, як збіраць парашут. А супрацоўнікі Пухавіцкага РАНС заехалі да юных патрыётаў на пажарнай машыне. Супрацоўнікі аддзела паведамілі аб пажарнай абстаноўцы ў раёне, аб прафесіі ратавальніка і паказалі, як працуе пажарная машына.

І які ж палатачны лагер без сапраўднага турызму? У “Патрыёце” дзеці ўзялі ўдзел у спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні: ішлі па маршруце, пазначаным на карце, і знаходзілі кантрольныя пункты. Таксама хлопчыкі і дзяўчынкі ўдзельнічалі ў радыяльным паходзе да святых крыніц, атрымаўшы асалоду ад прыгажосці прыроды, цікавай мясцовасці і, вядома ж, смачнай, гаючай і чыстай вадзіцы.

Было ў “Патрыёце” месца і экстрыму. Арганізатары лагера зладзілі для дзяцей сапраўдную прыгоду — спуск з мос­та дзюльферам. (Дзюльфер — гэта спуск па вяроўцы з дапамогай спецыяльнага рыштунку. Спосаб шырока выкарыстоўваецца ў скалалажанні і альпінізме.) А яшчэ ў лагеры была арганізавана траса для спус­ку. Кожны з юных патрыётаў з вялікім энтузіязмам і цікавасцю асвойваў яе і атрымаў у выніку шмат уражанняў і адрэналіну.

Не абышліся лагерныя змены і без сплаваў на байдарках. Водны турызм у Беларусі набірае папулярнасць, і прыемна назі­раць, што дзеці з задавальненнем далучаюцца да яго.

Штовечар ля вогнішча хлопчыкі і дзяўчынкі дзяліліся адно з адным сваімі ўражаннямі.

— У палатачным лагеры “Патрыёт” дзеці правялі незабыўныя дні, — падагульніў Дзмітрый Якаўлеў. — Да таго ж удзельнікі лагера атрымалі дыпломы і падарункі. Але галоўны вынік работы летніка — умацаванне здароўя і развіццё фізічных навыкаў у дзяцей.

 Падрыхтавала Наталля КАСТЭНКА
Фота прадастаўлена Цэнтрам турызму дзяцей і моладзі Пухавіцкага раёна