Эксперты і трэнеры вучацца сучасным методыкам міжнародных конкурсаў прафесійнага майстэрства

- 16:28Новости

Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі з’яўляецца нацыянальным аператарам конкурсаў прафмайстэрства і вядзе актыўную работу па падрыхтоўцы беларускай каманды да ўдзелу ў VI Рэспубліканскім конкурсе ProfSkills Belarus 2025, а таксама да міжнародных спаборніцтваў. У гэтым важнае значэнне надаецца падрыхтоўцы экспертаў і трэнераў. Падрабязнасці карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала начальнік цэнтра міжнароднага супрацоўніцтва РІПА Вольга Крэйніна.

Па яе словах, мерапрыемствы такой накіраванасці актыўна праводзяцца летам, у іх удзельнічаюць майстры вытворчага навучання, выкладчыкі, маладыя рабочыя і спецыялісты, прадстаўнікі прадпрыемстваў. Днямі ў філіяле РІПА «Індустрыяльна-педагагічны каледж» спецыялісты з Расійскай Федэрацыі правялі трэнінг па кампетэнцыі «Зварачныя тэхналогіі» для экспертаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Удзельнікі працавалі над актуальнымі конкурснымі заданнямі, выконвалі на практыцы розныя зварачныя тэхнікі і вучыліся ацэньваць выкананую работу па пэўных крытэрыях. Асноўная задача такіх трэнінгаў — павышэнне прафесійнага ўзроўню майстроў і выкладчыкаў, якія будуць рыхтаваць навучэнцаў да міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў прафмайстэрства. Акрамя навучання экспертаў і трэнераў сучасным методыкам прафесійнай падрыхтоўкі ўдзельнікаў спаборніцтваў трэнінг спрыяе фарміраванню суполкі экспертаў Беларусі і з іншых краін, што садзейнічае росту іх кампетэнтнасці, наладжванню партнёрскіх сувязей.

У гэтым годзе было праведзена 9 трэнінгаў па падрыхтоўцы экспертаў і трэнераў конкурсаў прафесійнага майстэрства па розных кампетэнцыях. У іх прынялі ўдзел 88 выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання з усёй краіны. Мерапрыемствы праводзяцца ў рамках праекта «Развіццё інавацыйнага патэнцыялу моладзі для паскоранага ўстойлівага развіцця Беларусі», які рэалізуюць ПРААН у Беларусі, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і РІПА пры фінансавай падтрымцы Расійскай Федэрацыі. Акрамя таго, у РІПА правялі сустрэчу кіраўніцтва інстытута і прадстаўнікоў кампаніі па вытворчасці прафесійнага зварачнага абсталявання гандлёвай маркі «Кедр». Былі разгледжаны магчымасці ўзаемадзеяння па пытаннях павышэння прафесійных кампетэнцый майстроў вытворчага навучання ў галіне зварачных тэхналогій. Вольга Крэйніна адзначыла, што ў працяг мерапрыемстваў, прысвечаных падрыхтоўцы канкурсантаў, прайшла нарада па тэме ўдзелу беларускіх каманд у спаборніцтвах прафесійнага майстэрства ў Расійскай Федэрацыі ў верасні 2024-га. Сярод іх фінал Чэмпіянату высокіх тэхналогій (17—21 верасня, Вялікі Ноўгарад) і Міжнародны адкрыты чэмпіянат BRICS + Future Skills and Tech Challenge 2024 (22—27 верасня, Казань). У нарадзе ўдзельнічалі супрацоўнікі, адказныя за падрыхтоўку беларускіх каманд у міжнародных конкурсах прафесійнага майстэрства, таксама ў анлайн-фармаце выступілі эксперты па кампетэнцыях, у якіх будуць удзельнічаць прадстаўнікі нашай краіны.

У мінулым годзе каманда Беларусі ўдзельнічала ў трох кампетэнцыях Чэмпіянату высокіх тэхналогій у Вялікім Ноўгарадзе, а сёлета нашы канкурсанты будуць спаборнічаць у шасці (гэта “Мантаж і абслугоўванне прамысловых робатаў”, “Оптаэлектроніка”, “Распрацоўка мабільных гульняў”, “Сістэмы разумнага дома”, “Спецыяліст па аналізе даных (BI-аналітык)”, “Тэхналогіі штучнага інтэлекту ў комплексных беспілотных сістэмах”).

Што тычыцца Міжнароднага адкрытага чэмпіянату BRICS + Future Skills and Tech Challenge 2024 у Казані, то ў гэтым годзе наша каманда прыме ўдзел у спаборніцтвах таксама па шасці кампетэнцыях: “Аўтаматызацыя бізнес-працэсаў”, “Вэб-тэхналогіі”, “Графічны дызайн”, “Інжынерны дызайн CAD”, “Інтэрнэт рэчаў”, “Мабільная робататэхніка”.

Ала КЛЮЙКО
Фота з сайтаў РІПА, Індустрыяльна-педагагічнага каледжа