Установы вышэйшай адукацыі Брэстчыны падводзяць вынікі сёлетняй уступнай кампаніі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна набор абітурыентаў ажыццяўляўся на 9 факультэтаў па 23 спецыяльнасцях, у тым ліку па дзвюх новых — “Бізнес-адміністраванне” і “Геаграфія”.
Адказны сакратар прыёмнай камісіі Святлана Ткач паведаміла, што сёлета на дзённую форму навучання за кошт бюджэту залічаны 675 абітурыентаў, на завочную — 62 (летась 460 і 47 адпаведна). Найбольшай папулярнасцю карысталіся спецыяльнасці “Правазнаўства” — 7 заяў на месца, “Сучасныя замежныя мовы (англійская, кітайская)” — 5,8, “Інфармацыя і камунікацыя” — 3,7.
— Радуе, што з году ў год не змяншаецца попыт на педагагічныя спецыяльнасці, — адзначыла Святлана Ткач. — Да нас прыходзяць матываваныя абітурыенты. Сёлета па выніках субяседавання залічаны 20 выпускнікоў педагагічных класаў. Яшчэ 40 з іх паступілі ва ўніверсітэт па агульным конкурсе. Сярод першакурснікаў — 2 пераможцы заключнага і 9 абласнога этапаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, 14 пераможцаў універсітэцкай алімпіяды, 41 медаліст і ўладальнік дыплома з адзнакай (летась 8), а таксама 128 мэтавікаў (летась 92). Якасным складам абітурыентаў мы задаволены.
Сярэдні конкурс на дзённую бюджэтную форму навучання — 1,5 заявы на месца (летась 1,8). Максімальны прахадны бал — 360 (летась 362) на спецыяльнасць “Інфармацыя і камунікацыя”. Сярод абітурыентаў — прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны.
Сёлета ў Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт на дзённую бюджэтную форму навучання залічаны 547 чалавек, на завочную бюджэтную — 13 (летась 463 і 17 адпаведна).
— Выконваем план дзякуючы актыўнай прафарыентацыйнай рабоце ў школах і каледжах, а таксама факультэцкім конкурсам, — расказаў адказны сакратар прыёмнай камісіі Андрэй Парфіевіч. — Абітурыенты маглі пазначыць у пададзеных заявах не адну, а нават усе спецыяльнасці ў парадку прыярытэту. Гэта дазволіла адабраць лепшых і даць учарашнім школьнікам больш магчымасцей для паступлення.
Набор вёўся на 5 факультэтах (архітэктурна-будаўнічым, эканамічным, інжынерных сістэм і экалогіі, электронна-інфармацыйных сістэм і машынабудаўнічым) па 32 спецыяльнасцях, у тым ліку па адной новай (“Вытворчасць вырабаў на аснове трохвымерных тэхналогій” — 1,6 заявы на месца) і адной новай прафілізацыі (“Лічбавае мадэляванне і праектаванне ў будаўніцтве”). Сярэдні конкурс — больш за 1,8 заявы на месца (летась 2,1).
З году ў год у абітурыентаў не зніжаецца цікавасць да эканамічных спецыяльнасцей (“Лагістыка” — 7,75 заявы на месца) і спецыяльнасцей факультэта электронна-інфармацыйных сістэм (“Праграмная інжынерыя” — 5,8, “Штучны інтэлект” — 5). Прахадныя балы вагаліся ад 190 (“Інжынерныя сеткі, абсталяванне будынкаў і збудаванняў”) да 374 (“Праграмная інжынерыя”).
Якасны склад сёлетніх абітурыентаў у БрДТУ істотна палепшыўся. Так, каля 40% з іх мелі агульную колькасць балаў больш за 300. У ліку першакурснікаў 10 пераможцаў універсітэцкай алімпіяды, 49 медалістаў і 62 мэтавікі.
Як расказала адказны сакратар прыёмнай камісіі Ірына Прыгодзіч, у Палескім дзяржаўным універсітэце самымі папулярнымі сярод учарашніх школьнікаў былі спецыяльнасці “Маркетынг” — 3,1 заявы на месца, “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый” — 2,8 і “Фізічная рэабілітацыя і эргатэрапія” — 2,6. Сярэдні конкурс на бюджэтную форму навучання — 1,5 заявы на месца, як і летась.
Набор студэнтаў ажыццяўляўся на 4 факультэты (эканомікі і фінансаў, інжынерны, біятэхналагічны, арганізацыі здаровага ладу жыцця) па 17 спецыяльнасцях. На дзённую бюджэтную форму навучання залічаны 475 чалавек, на завочную — 59 (летась 438 і 46). Прахадныя балы — ад 177 (“Трэнерская дзейнасць”) да 350 (“Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый”). Сярод першакурснікаў — 14 пераможцаў універсітэцкай алімпіяды, 33 медалісты і адзін уладальнік дыплома з адзнакай, а таксама 4 мэтавікі. Больш за 15% абітурыентаў — выпускнікі гімназій і ліцэяў, 12,5% учарашніх школьнікаў маюць звыш 300 балаў па выніках атэстата, ЦЭ і ЦТ. Пераважную большасць будучых студэнтаў складаюць прадстаўнікі Брэстчыны і Гродзеншчыны.
Па-ранейшаму самай папулярнай спецыяльнасцю ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце з’яўляецца “Правазнаўства” з-за невялікай колькасці бюджэтных месцаў — 15 заяў на месца. Высокія конкурсы склаліся таксама на эканамічных спецыяльнасцях: “Эканамічнае права” — 3 і “Электронная эканоміка” — 3,2.
Не абышлі ўвагай абітурыенты спецыяльнасці “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” — каля 1,8 заявы на месца, “Псіхалогія” — 2,2 і “Сучасныя замежныя мовы (англійская, кітайская)” — 2,5. Найменшыя конкурсы — на педагагічных і інжынерных спецыяльнасцях.
Сярэдні конкурс на бюджэтную форму навучання склаў каля 1,6 заявы на месца (летась 1,45). Прахадныя балы — ад 169 (“Тэхналогія машынабудавання, металарэжучыя станкі і інструменты”) да 341 (“Правазнаўства”).
— Набор вёўся на 4 факультэты (інжынерны, педагогікі і псіхалогіі, эканомікі і права, лінгвістычны) па 23 спецыяльнасцях, у тым ліку па 2 новых: “Псіхалогія” — 2,2 заявы на месца і “Эксплуатацыя наземных транспартных і тэхналагічных машын і комплексаў” — 1, — расказала адказны сакратар прыёмнай камісіі Дзіна Лабун. — На дзённую бюджэтную форму навучання залічаны 456 чалавек, на завочную — 95 (летась 425 і 95 адпаведна). Сярод абітурыентаў — пераможца абласнога этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, 17 медалістаў і 34 уладальнікі дыплома з адзнакай. 96 юнакоў і дзяўчат былі вызвалены ад уступных іспытаў. Высокі агульны бал (300 і больш) мелі 68 учарашніх школьнікаў. Больш за 45% абітурыентаў — выпускнікі гімназій, ліцэяў і каледжаў.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі