Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” завітала ў сярэднюю школу № 3 Кобрына Брэсцкай вобласці і паглядзела, якія пераўтварэнні адбываюцца тут перад стартам новага навучальнага года.
Тое, што ў школе рамонт у разгары, бачна здалёк: поўным ходам ідзе рэканструкцыя фасада, які хутка набудзе сучасны выгляд. У холе, дзе мяне сустракае дырэктар Аляксандр Кульша, адчуваецца пах свежай фарбы.
— Наша школа, якая з’яўляецца адной са старэйшых у Кобрыне, а ў гэтым будынку размяшчаецца ўжо амаль 40 гадоў, маштабна яшчэ не рамантавалася і заслужыла добрых пераўтварэнняў, — гаворыць Аляксандр Мікалаевіч. — Я і сам выпускнік гэтай установы, таму мне асабліва прыемна назіраць, як яна прыгажэе на вачах. У верасні нашы дзеці ўбачаць абноўленую актавую і спартыўную залы, вучэбныя класы. Акрамя таго, рамантуецца харчаблок, праходзіць частковая рэканструкцыя даху. Усе работы плануецца завяршыць да 20 жніўня.
Аляксандр Кульша ў школе з ранку і да вечара. З усімі складанымі пытаннямі, якія тычацца рамонту, тут звяртаюцца да яго. Дарэчы, да работ актыўна падключаецца і педагагічны калектыў: уласнымі сіламі супрацоўнікаў школы быў выкананы частковы рамонт пакрыцця падлогі ў спартыўнай зале. А дзесяцікласнікі аказалі вялікую дапамогу ў афарбоўцы аб’ектаў ва ўстанове і на прышкольным двары ў рамках працоўнага лагера “Тэрыторыя поспеху”.
Што яшчэ робіцца, каб у верасні больш за пяць соцень вучняў пайшлі ў абноўленую школу? Аляксандр Мікалаевіч праводзіць мяне па памяшканнях і знаёміць з маштабам работ. Зазірнулі ў харчаблок, у якім адбываюцца значныя змяненні.
— Спачатку мы збіраліся толькі перакласці плітку на падлозе, але ў працэсе работы вырашылі выканаць больш сур’ёзны рамонт, — расказвае дырэктар. — Праводзім частковы рамонт сістэмы ацяплення, сцен, нават абсталёўваем кабінет шэф-повара. У гарачым цэху мяняем электраправодку.
Актавую залу школы ў верасні будзе не пазнаць: усе сцены будуць пафарбаваны, устаноўлены новыя радыятары. Дарэчы, у афарбоўцы сцен і радыятараў прымаюць удзел педагогі школы. Такім чынам, выгляд залы, які не мяняўся з самай пабудовы школы ў 1986 годзе, стане сучасным.
— Вялікі дзякуй хачу сказаць усяму нашаму педкалектыву, які на працягу чэрвеня і ліпеня прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы кабінетаў да новага навучальнага года, — падкрэслівае намеснік дырэктара па гаспадарчай рабоце Ірына Дубіна. — Гэта настаўніца працоўнага навучання Наталля Логвін, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Юлія Кульша, настаўніцы пачатковых класаў Марына Рубель і Валянціна Андрэева, настаўніца англійскай мовы Наталля Ацюшкіна і іншыя нашы супрацоўнікі.
У спартзале таксама кіпіць работа: праводзіцца цеплавая рэабілітацыя памяшкання.
— Тут уцяпляецца фасад, каб зімой тэмпература на апускалася ніжэй неабходных значэнняў, — гаворыць кіраўнік аддзела па адукацыі раёна Аляксандр Шамяцюк, які разам з намі завітаў у школу. — Часткова адрамантавана пакрыццё падлогі, афарбоўваюцца батарэі.
Актуальным стаў і рамонт даху.
— У 3-й школе ён плоскі, а не скатны, — тлумачыць Аляксандр Шамяцюк. — Такія дахі часцей патрабуюць рамонту.
Варта зазірнуць і на цудоўную прышкольную тэрыторыю, дзе работа спыняецца, напэўна, толькі зімой. Тут і вялікі сад, і агарод. Даглядаць іх дапамагаюць педагогі і школьнікі.
— Гэтая школа для мяне родная, — расказвае дырэктар установы. — Вельмі хачу, каб яна прыгажэла. Актыўна развіваю спартыўны напрамак: па адукацыі я настаўнік фізічнай культуры, гэты прадмет з дзяцінства мой любімы. Скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, па размеркаванні прыехаў сюды, у Кобрын, працаваў у мясцовым аддзеле турызму, вазіў школьнікаў раёна на чэмпіянаты, у тым ліку міжнародныя. У мінулым годзе мы з імі пабывалі на турыстычным злёце навучэнцаў Саюзнай дзяржавы. Дарэчы, настаўніцкі калектыў у гэтай школе часткова захаваўся з часоў, калі я тут вучыўся. Вакол свае людзі, з якімі мы робім сумесную справу на карысць нашай установы адукацыі.
Аляксандр Шамяцюк:
— На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі раёна да новага навучальнага года з бюджэту ў гэтым годзе было выдзелена больш за 3,4 млн рублёў. Акрамя правядзення рамонтаў, набываем абсталяванне. Так, у рамках заканчэння пераходу на новыя прынцыпы арганізацыі харчавання, да якіх хутка падключацца апошніх восем устаноў адукацыі раёна, мы набылі 40 адзінак тэхнічнага абсталявання для харчаблокаў у сярэдніх школах. Гэта параканвектаматы, халадзільнікі, электрычныя патэльні і інш. Хутка тры новыя камп’ютарныя класы будуць устаноўлены ў Хідрынскай сярэдняй школе імя А.В.Лісковіча, а таксама ў сярэдніх школах № 6 і № 8. Больш за 320 новых камплектаў школьнай мэблі чакаюць размяшчэння ў класах.
Кіраўнік аддзела па адукацыі раёна заўважае, што рамонт устаноў адукацыі раёна пряцягнецца і ў наступным годзе — ужо ёсць шмат планаў. А старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Пачко трымае ўсе гэтыя задачы на кантролі.
— Кожны год увага выканаўчай улады да развіцця сістэмы адукацыі раёна і, адпаведна, аб’ём фінансавання на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы нашых устаноў адукацыі растуць. Так, у 2021 на рамонты школ было выдзелена каля 200 тысяч рублёў, а ў гэтым — у 8 разоў больш. І такая станоўчая тэндэнцыя вельмі радуе.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара