Інтэлектуальная, працоўная і другасная занятасць дзяцей, а таксама развіццё ў школьнікаў творчых і спартыўных здольнасцей — на гэтым падчас летняй аздараўленчай кампаніі акцэнтуюць увагу педагогі Стаўбцоўскага раёна.
Прэс-тур, які журналісты Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” запланавалі па Міншчыне, атрымаўся багатым на асоб і ўражанні. І ўсё гэта дзякуючы педагогам, з якімі пашчасціла пазнаёміцца.
Канікулы ў школе…
Першай для наведвання ў Стаўбцоўскім раёне стала Дзераўнянская сярэдняя школа. Яе дырэктар Сяргей Новікаў расказаў, што летняму аздараўленню навучэнцаў надаецца вялікае значэнне.
“Летняе аздараўленне сёлета праходзіць пад дэвізам “Наша лета эфектыўнае: карыснае, яркае, крэатыўнае!” у межах рэспубліканскай акцыі “Эфектыўнае лета” і абласной акцыі “Лета на Міншчыне: эфектыўна і бяспечна”, — адзначыў Сяргей Андрэеевіч. — У школе ў летні перыяд працавалі тры аздараўленчыя лагеры, кожны з якіх меў свае адметнасці”.
Аздараўленчы лагер “Сонейка” з дзённым знаходжаннем працаваў для навучэнцаў пачатковых класаў, у першую чаргу для дзяцей з малазабяспечаных, мнагадзетных, апякунскіх сем’яў, а таксама для тых непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. “Штодзень у летніку праходзілі мерапрыемствы спартыўнага кірунку, якія арганізоўваў настаўнік фізічнай культуры і здароўя Генадзь Канановіч, — звярнуў увагу Сяргей Андрэевіч. — Так, праводзіліся спаборніцтвы “Залатая скакалка”, “Хуткі мяч”, спартландыі паміж атрадамі”.
У лагер працы і адпачынку “Юнацтва” былі залічаны 14 навучэнцаў 8—10 класаў, якія працавалі ў ААТ “Дзераўное”, а ў профільным грамадска-гуманітарным лагеры “Прафадысея” з кругласутачным знаходжаннем адпачылі 20 вучняў.
“Дзеці з задавальненнем прымалі ўдзел у мерапрыемствах прафарыентацыйнага кірунку, — дадаў дырэктар школы. — Падчас іх правядзення яны азнаёміліся з запатрабаванымі прафесіямі, а таксама даведаліся, што трэба для таго, каб іх атрымаць”.
…і ў школьным музеі
У музеі Дзераўнянскай сярэдняй школы “Стаўбцоўшчына літаратурная” галасы вучняў не сціхаюць і летам.
Прыйшоўшы ў школьную бібліятэку, каб узяць кнігі, дзеці могуць зайсці ў музей і пачытаць выбраныя творы: усё ж атмасфера тут пануе сапраўды натхняльная, літаратурная.
Школьны музей пачаў працаваць ва ўстанове ў 1997 годзе. Сёння ён складаецца з некалькіх раздзелаў, кожны з якіх яскрава адлюстроўвае тэму, якой прысвечаны: “Яны стаялі ля вытокаў”, “З Мікалаеўшчыны родам”, “Нёманам натхнёныя”, “Зямля, дзе пачаўся твой лёс”. Нягледзячы на тое, што профіль музея — літаратурны, асобны раздзел у ім прысвечаны дзераўнянскай зямлі.
“Работа па зборы краязнаўчых матэрыялаў праводзіцца ў шосты школьны дзень, — расказала бібліятэкар Дзераўнянскай сярэдняй школы кіраўнік музея Ванда Генадзьеўна Даўгапол. — На працягу мінулага навучальнага года кожны клас працаваў па пэўным праекце. У выніку ў нас з’явіліся такія цікавыя работы, як “Жанчыны на вайне”, “Славутыя людзі нашага краю”, “Маўклівыя сведкі гісторыі”, “Памяць сэрца”, “Запрашэнне ў гісторыю аграгарадка Дзераўная”, “Зямля бацькоў — зямля святая”.
Дзякуючы праектнай дзейнасці, краязнаўчы раздзел музея папоўніўся звесткамі пра тых педагогаў Стаўбцоўшчыны, якія пакінулі значны след у навучанні i выхаванні маладога пакалення.
Старасвержанскія баграціёнаўцы
Па дадатковыя веды пра гісторыю роднага краю і Вялікай Айчыннай вайны — у клуб “Баграціён” Старасвержанскай сярэдняй школы.
У кастрычніку мінулага года ў Старасвержанскай сярэдняй школе быў адкрыты ваенна-патрыятычны клуб “Баграціён”. З такой назвай у краіне функцыянуе некалькі школьных клубаў. Гэта і нядзіўна, бо менавіта так 80 гадоў назад называлася аперацыя па вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
— Асноўная дзейнасць нашага клуба накіравана на вывучэнне гісторыі Беларусі і падзей Вялікай Айчыннай вайны, асабліва тых, што адбываліся на тэрыторыі нашага раёна. Хлопчыкам падабаецца разбіраць больш значныя бітвы і майстраваць макеты ваеннай тэхнікі. А дзяўчынак прываблівае магчымасць апрануць ваенную форму і асвоіць страявую падрыхтоўку, — расказаў Віталь Вячаслававіч Цвірка, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні і настаўнік матэматыкі Старасвержанскай сярэдняй школы.
Між іншым, юныя баграціёнаўцы прыносяць клятву вернасці бацькам, школе і Радзіме, пасля чаго атрымліваюць пасведчанні членаў клуба. На працягу года яны асвойваюць страявы крок, вучацца ўрачыста выносіць сцяг клуба і нават знаёмяцца з побытам салдат воінскай часці пасёлка Наваколасава. Зараз у клубе каля 20 удзельнікаў, прычым у іх ліку ёсць і малодшыя школьнікі. У надыходзячым навучальным годзе будзе працягнуты набор баграціёнаўцаў.
Падчас заняткаў клуба вучням школы расказваюць і аб прэстыжы прафесіі ваеннаслужачага. Сёлета ўжо былі жадаючыя сярод адзінаццацікласнікаў паступіць у Ваенную акадэмію, але, на жаль, не прайшлі па стане здароўя.
Выхаванцы клуба паспелі паўдзельнічаць і ў ваенна-спартыўных гульнях “Зарніца”, “Зарнічка” і “Арляня”. Прычым малодшыя вучні школы ў раённай “Зарнічцы” занялі 2-е месца.
Старасвержанскія баграціёнаўцы аказваюць дапамогу пажылым людзям свайго аграгарадка і даглядаюць салдацкія могілкі. Дарэчы, у Стаўбцоўскім раёне 33 воінскія пахаванні, у якіх знайшлі спачын больш за 8,6 тысячы абаронцаў.
— У нашай школе шмат увагі ўдзяляецца добраўпарадкаванню пахаванняў ваеннага часу. Вучні даглядаюць помнік загінуўшым і магілу камсамольцаў-падпольшчыкаў у вёсцы Ператокі, — паведаміла дырэктар Старасвержанскай сярэдняй школы Ніна Іванаўна Аляшкевіч. — Хочацца падкрэсліць, што ў патрыятычным выхаванні нашых вучняў удзельнічаюць усе педагогі і многія бацькі. Бо толькі уласным прыкладам можна выхаваць сапраўдных патрыётаў.
Шчаслівая выпадковасць
У загарадным аздараўленчым лагеры “Нёман” асаблівую ўвагу ўдзяляюць падбору педагагічных кадраў.
За лета тут аздаравіліся 594 навучэнцы. Што тычыцца выхавальнікаў, то гэтым разам у “Нёмане” важатымі працуюць студэнты БДУ і маладыя спецыялісты са школ раёна.
“Гэта самая шчаслівая выпадковасць, што ў мінулым годзе я прыехала ў гэты лагер, — дзеліцца студэнтка факультэта журналістыкі БДУ Аляксандра Казлоўская. — Мы вучымся ва ўніверсітэце, жывём асобна ад бацькоў, якія засталіся ў іншых гарадах, а зносіны з дзецьмі даюць магчымасць вярнуцца ў дзяцінства. Вельмі хочацца, каб выхаванцы, калі вырастуць, з цеплынёй прыгадвалі той час, калі былі ў “Нёмане”, і помнілі сваіх важатых”.
Каб падарыць дзецям радасць і незабыўныя эмоцыі, у лагер прыязджаюць і настаўнікі з розных школ горада і раёна. Так, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 4 Стоўбцаў Алена Гайко не першае лета свой настаўніцкі водпуск прысвячае дзецям. На пытанне, ці не стамілася яна ад адпаведнай работы на працягу навучальнага года, педагог шчыра адказала, што не.
“Мы прыязджаем у лагер выключна для дзяцей і працуем з імі, бо любім сваю работу, — дадала А.Гайко. — Мы разумеем, што ў нас ёсць веды, якімі можам падзяліцца са школьнікамі. Акрамя гэтага, падчас зносін з імі атрымліваем новыя эмоцыі і ўражанні”.
Тое, што педагагічны калектыў “Нёмана” бездакорна выконвае свае абавязкі, пацвердзіла начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Стаўбцоўскага райвыканкама Людміла Стонька.
“У “Нёмане” штогод збіраюцца прафесіяналы, якія ўмеюць працаваць з дзецьмі і ведаюць, як іх захапіць, — сказала Людміла Мар’янаўна. — Пуцёўкі ў лагер заўсёды запатрабаваныя. Сярод выхаванцаў многа тых, хто вяртаецца сюды з году ў год. Сустракаючы такіх дзяцей, разумеем, што наша сістэма летняга аздараўлення эфектыўная, а формы работы, якія прымяняюцца для ўзаемадзеяння з дзецьмі, цікавыя і захапляльныя”.
Наталля САХНО і Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА