Выхаванне ў дзяцей эстэтычнага густу, любові да творчасці, далучэнне школьнікаў да мерапрыемстваў шостага школьнага дня — гэтыя напрамкі робяць адметнай дзейнасць педагогаў Любанскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Галоўная роля настаўніка
Разважаючы над тым, якімі былі гэтыя канікулы, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Любанскага райвыканкама Таццяна Каравацкая ў першую чаргу падвяла вынікі аздараўленчай кампаніі.
— На працягу трох летніх месяцаў у раёне рэалізоўвалася рэспубліканская акцыя “Эфектыўнае лета”, якая праходзіла пад дэвізам “Наша лета эфектыўнае: з карысцю, яркае, крэатыўнае!”, а таксама абласная акцыя “Лета на Міншчыне: эфектыўна і бяспечна”, — звярнула ўвагу Таццяна Леанідаўна. — У 25 установах адукацыі раёна была арганізавана работа 25 аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем, у якіх адпачылі 638 навучэнцаў. Таксама ў нас працавалі спартыўны лагер і шэсць аздараўленчых лагераў з кругласутачным знаходжаннем.
Тэматычны змест праектаў і праграм, якія рэалізоўваліся ў аздараўленчых лагерах, фарміраваўся ў адпаведнасці з календаром знамянальных дат, дзяржаўных свят і інш.
— Ідэалагічнае, грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне — прыярытэтныя напрамкі ў перыяд летняй аздараўленчай кампаніі 2024 года, — дапоўніла Т.Каравацкая. — У аздараўленчых лагерах праведзены такія ініцыятывы, як урокі мужнасці, мітынгі памяці, мерапрыемствы ў межах рэспубліканскіх акцый “Ніхто не забыты, нішто не забыта”, “Месцы памяці”, “Гісторыя Перамогі ў маёй сям’і”. Калі падсумаваць, то толькі сумесная творчая праца прафесіяналаў дазволіла захаваць і ўмацаваць здароўе нашых дзяцей, напоўніць летні адпачынак яркімі ўражаннямі, цікавымі, змястоўнымі мерапрыемствамі.
Што тычыцца падрыхтоўкі да новага навучальнага года, пашпарты гатоўнасці школам Любанскага раёна ўручылі яшчэ на мінулым тыдні. Адной з першых школ, якая яшчэ на пачатку жніўня была гатова сустракаць сваіх вучняў, стала ўрэцкая сярэдняя школа № 2.
Праз сувязь пакаленняў
На працягу навучальнага года кожны шосты школьны дзень урэцкая сярэдняя школа № 2 ператвараецца ў цэнтр па ваенна-патрыятычным выхаванні. Як у прамым, так і ў пераносным сэнсе.
Ва ўстанове адукацыі два гады назад быў створаны раённы ваенна-патрыятычны клуб “Патрыёт”, а крыху пазней і рэсурсны цэнтр па дапрызыўнай падрыхтоўцы. Кіраўнік Генадзь Міхайлавіч Карака апантаны сваёй справай і з ахвотай вучыць дзяцей усяму, што ўмее сам. Ды і вопыт дазваляе: раней педагог працаваў у кадэцкім вучылішчы, таму не на словах ведае, як узаемадзейнічаць з навучэнцамі і наколькі важна да кожнага знайсці падыход.
— Генадзь Міхайлавіч стварыў у клубе даверную атмасферу, пабудаваў работу так, каб забяспечыць сувязь паміж пакаленнямі, — гаворыць дырэктар урэцкай сярэдняй школы № 2 Святлана Ахрамовіч. — Што тычыцца навучэнцаў з іншых школ, якія прыязджаюць да нас па суботах, то ім вельмі падабаюцца тэматычныя ўрокі.
Сярод тых, хто пераймае веды і ўменні Генадзя Міхайлавіча, не толькі старшакласнікі. На іх фоне прыкметна выдзяляецца маленькі Ваня Радзівонаў. Дырэктар школы расказала, што хлопчык прыйшоў у клуб адразу пасля яго адкрыцця.
— Сёлета мы рызыкнулі, узялі Ваню на “Бастыёны мужнасці” і не прагадалі, — працягвае С.Ахрамовіч. — Ён вельмі лоўка з усім спраўляецца, а старшакласнікі толькі дзіву даюцца, цікавяцца, як у яго так хутка атрымліваецца ўсё рабіць.
Тэме ваенна-патрыятычнага выхавання прысвечаны і заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах “Гатовы Радзіме служыць!” і “Юны патрыёт”, якія таксама працуюць у школе. Дарэчы, пра тое, як у іх праходзяць заняткі, расказваюць і паказваюць нават выхаванцам дашкольных устаноў. Так, дзіцячы сад № 35 Урэчча супрацоўнічае са школай ужо вельмі даўно. Загадчыца ўстановы Ганна Хацько адзначыла, што выбар ваенна-патрыятычнага
напрамку дзейнасці абумоўлены даўнім і цесным супрацоўніцтвам з раённым клубам “Патрыёт”.
— На пачатак навучальнага года складзены план, які мае некалькі раздзелаў, — дадае Г.Хацько. — Сярод іх работа бацькоўскага клуба “Спадчына”, адкрытыя заняткі сумесна з удзельнікамі “Патрыёта” і іх бацькамі, афармленне дзіцяча-бацькоўскіх выстаў. Збіраемся ўкараніць элементы верхняга адзення для выхаванцаў старшай групы і для педагогаў, арганізаваць сумесныя эскурсіі і велапрабегі па знакавых гістарычных
мясцінах.
Штрышкамі і кляксамі
А яшчэ фарбамі, акварэллю і акрылам па тканіне ствараюць свае шэдэўры навучэнцы Любанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Многа гадоў дзяцей гэтаму вучаць педагогі дадатковай адукацыі Алена Брагінец і Вольга Ляхава. У “Кляксачках”, якімі кіруе Вольга Віктараўна, школьнікі вучацца розным падыходам у мастацкай творчасці.
— Падчас заняткаў спалучаем шматлікія кірункі, — прэзентуе гурток В.Ляхава. — Мы не толькі малюем акварэллю і гуашшу, але і займаемся роспісам па дрэве, знаёмімся з рознымі тэхнікамі.
Маленькім мастакам і мастачкам вельмі падабаюцца нетрадыцыйныя тэхнікі работы з фарбай: адбітак лісцем, маляванне ватнымі палачкамі, распырскванне, маляванне далонямі і пальчыкамі, а таксама пухірыстай плёнкай.
— У кожнага дзіцяці ёсць талент, — упэўнена педагог. — Галоўная роля тут належыць настаўніку, бо ён павінен заўважыць здольнасці вучня і раскрыць іх. Нават дарослыя могуць навучыцца маляваць, калі ёсць жаданне. Ствараем эскізы алоўкам, а пасля працуем па іх фарбамі.
З фарбамі даўно на ты і настаўніца мастацкіх дысцыплін кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Штрышок” Алена Брагінец.
— Мы пачынаем з вывучэння малюнка, жывапісу, затым бяром у рукі акварэль, — расказвае А.Брагінец. — Пазней пераходзім на прафесійныя матэрыялы, адзін з якіх акрыл.
Працуючы з акрылам, выхаванкі Алены Леанідаўны падтрымалі трэнд апошніх гадоў і пачалі распісваць шоперы, ператвараючы іх у асобны від мастацтва. А ў мінулым навучальным годзе настаўніца разам са сваёй выхаванкай Ангелінай Гіляцкай распісала акрылам сукенку. Натхненне і ідэі для гэтага А.Брагінец знайшла ў паэме “Над ракою Арэсай”, якая належыць пяру вялікага песняра Янкі Купалы.
— Наш горад Любань знаходзіцца на беразе Арэсы, — працягвае мастачка. — І менавіта Янка Купала праславіў раку ў сваёй паэме, а наша сукенка — гэта ўвасабленне ўсёй той прыгажосці, якая знаходзіцца побач. Што тычыцца фарбаў, то яны — самая лепшая магчымасць паказаць усім, у якім прыгожым месцы мы жывём. А малюнак — гэта тое, што дапаможа запомніць гэтую прыгажосць.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА