Ва ўстановах адукацыі Слонімскага раёна свой шлях у прафесіі педагога сёлета пачынаюць 33 маладыя спецыялісты. 13 з іх вярнуліся на малую радзіму як мэтавікі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Усе 100% маладых спецыялістаў дашкольных устаноў адукацыі раёна, чыя абавязковая адпрацоўка сёлета скончылася, засталіся ў педагогіцы.
— Першы год работы ў калектыве ўлюбёных у сваю справу калег дапамог усвядоміць галоўнае: я на сваім месцы. Адчуваю вялізную падтрымку і разуменне, а гэта вельмі важна на старце для кожнага, хто прыходзіць у нашу прафесію, — дзеліцца малады спецыяліст-мэтавік са Слонімскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Паліна Блахіна.
За такімі словамі стаіць праца не толькі калектыву канкрэтнай установы. У цэлым у раёне добра наладжана і арганізавана ўзаемадзеянне з маладымі педагогамі.
— Умацаванне кадравага патэнцыялу ўстаноў адукацыі сёння з’яўляецца адной з нашых прыярытэтных задач. Траекторыя работы ў гэтым напрамку будуецца з улікам прагназавання і патрэбнасці ў кадрах, — адзначыла начальнік упраўлення адукацыі Слонімскага райвыканкама Святлана Валько.
Яна таксама дадала, што за апошнія тры гады сістэма адукацыі раёна папоўнілася 79 маладымі спецыялістамі. Сярод іх больш за 30 мэтавікаў і двое выпускнікоў педагагічных класаў. Да таго ж з 2021 года 74 выпускнікі раёна паступілі ў навучальныя ўстановы на педагагічныя спецыяльнасці па дагаворы аб мэтавай падрыхтоўцы. Як вынік, менавіта мэтавікі штогод складаюць больш за 40% ад маладых спецыялістаў, якія прыступілі да работы.
Што тычыцца сістэмы метадычнай падтрымкі пачынаючых свой шлях у прафесіі педагогаў, у раёне яна накіравана на тое, каб кожны з іх рэалізаваў сябе як настаўнік, майстар сваёй справы і застаўся верны прафесіі. Паспяхова функцыянуе ў раёне школа маладога педагога, а ў кожнай асобнай установе наладжана работа інстытута настаўніцтва.
За апошнія чатыры гады імёны пяці маладых спецыялістаў раёна былі занесены ў Віртуальную кнігу гонару маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці.
— Педагогіка — гэта вялікая колькасць траекторый для самаразвіцця. Толькі ў першы год работы ў школе ў складзе каманды раёна стала пераможцай у міжнародным фестывалі педагагічных ідэй “Прызванне — педагог”, а таксама лепшай у раённым конкурсе вядучых. Гэта напаўняе будні яркімі фарбамі, надае ўпэўненасці ў сабе і матывуе на далейшыя поспехі, — адзначае малады спецыяліст сярэдняй школы № 9 імя І.М.Сухамліна Карына Геваркян.
Вялікая ўвага ў раёне ўдзяляецца і сацыяльнаму аспекту на этапе ўваходжання маладога педагога ў прафесію. Гэта, як правіла, сустрэчы з кіраўніцтвам сістэмы адукацыі раёна яшчэ на этапе працаўладкавання і ўдзел у дыялогавых пляцоўках на ўзроўні старшыні райвыканкама падчас сустрэч без гальштукаў. Закранаюцца на іх такія важныя тэмы, як адаптацыя ў прафесіі і калектыве, жыллёвыя і бытавыя пытанні, сацыяльныя гарантыі і прававая падтрымка. Усё сказанае вуснамі маладога спецыяліста знаходзіць увасабленне ў рашэннях выканаўчай улады. Так, у 2023 годзе ў новабудоўлях райцэнтра дзесяці педагагічным работнікам было прадастаўлена арэнднае, а аднаму маладому спецыялісту — сацыяльнае жыллё.
— Ужо ў другі год работы ў якасці маладога спецыяліста напісала заяву на прадастаўленне арэнднага жылля. Усяго праз год заехала ў новую кватэру. Лічу, што ў педагогіцы кожны сапраўды зацікаўлены можа рэалізаваць сябе. Для гэтага ва ўстанове адукацыі ствараюцца ўсе ўмовы, — дадала малады педагог-мэтавік з Сялявіцкай базавай школы Алена Мароз.
Кожны са згаданых маладых спецыялістаў раёна яшчэ сустрэнецца з чытачом “Настаўніцкай газеты”. У наступных нумарах нашага выдання яны падзеляцца сваёй цікавай гісторыяй шляху ў педагогіку і яскравымі ўражаннямі ад работы.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара