Дзейнасць музеяў, развіццё праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”, удзел у алімпіядным руху: на абласной канферэнцыі педагагічных работнікаў Міншчыны акрэслілі ключавыя напрамкі работы на новы навучальны год, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая падзякавала педагогам Міншчыны за працу, адданасць дзецям і прафесіі, за жаданне ісці ў нагу з часам і весці за сабой навучэнцаў, а таксама вызначыла акцэнты на новы навучальны год.
— Сёння важна пабудаваць эфектыўную сістэму ўзаемадзеяння з вучнёўскім саветам, — адзначыла К.Пятруцкая. — Асаблівую ўвагу варта ўдзяліць дзейнасці музеяў. Ведаю, што ва ўсіх установах адукацыі Міншчыны разгарнуліся экспазіцыі, прысвечаныя генацыду беларускага народа. Што тычыцца планаў на навучальны год, то мы працягнем рэалізоўваць праект “Бацькоўскі ўніверсітэт”, удзелім увагу міжведамаснаму ўзаемадзеянню па захаванні бяспекі дзяцей і іх здароўя.
У Мінскай вобласці развіццё бацькоўскага ўніверсітэта было надзённым пытаннем нават падчас летніх канікул. На гэта ў тым ліку звярнуў увагу начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко. Таксама кіраўнік нагадаў, што менавіта школа павінна закладваць падмурак светапогляду, асновы маральных установак, фарміраваць грамадзянскую пазіцыю.
— На Міншчыне праводзіцца маштабная работа па стварэнні ваенна-патрыятычных клубаў, — адзначыў Мікалай Мікалаевіч. — Сёння наша сумесная задача — паспяховая сацыялізацыя навучэнцаў у дынамічных умовах лічбавага грамадства, падрыхтоўка да ўсвядомленага выбару прафесіі. Плануецца, што ў новым навучальным годзе сярод прыярытэтных застаецца пытанне даступнасці і якасці адукацыі для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Што тычыцца асноўных напрамкаў работы педагогаў, то адным з кірункаў дзейнасці савета кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі вобласці стане павышэнне бацькоўскай пісьменнасці ў пытаннях выхавання і развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту, стварэнне электроннага каталога “Адукацыйныя брэнды сістэмы дашкольнай адукацыі Мінскай вобласці: вопыт, перспектывы развіцця”.
Прыёмы мнематэхнікі калегам прадэманстравала настаўніца біялогіі гімназіі № 1 Слуцка Іна Хаўстовіч (другая справа)
Не абмінулі ўвагай падчас канферэнцыі і неабходнасць павышэння адукацыйнага і кваліфікацыйнага ўзроўню педагагічных кадраў. Асаблівая гордасць Міншчыны — педагогі — аўтары падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, актыўныя ўдзельнікі інавацыйнай і эксперыментальнай дзейнасці. Што тычыцца метадыстаў, то адпаведную катэгорыю маюць 72 педагогі. Прыкметна, што ў рэгіёне праводзіцца работа па пазачарговым прысваенні другой кваліфікацыйнай катэгорыі маладым спецыялістам.
На абласным мерапрыемстве былі закрануты ў тым ліку пытанні рэалізацыі інавацыйных і эксперыментальных праектаў. Так, на Міншчыне развіваецца робататэхніка, Scratch-праграмаванне, пашыраецца сетка класаў прафесійнай накіраванасці.
— Вядзецца актыўная работа па навучанні школьнікаў фінансавай дасведчанасці, — заўважыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі. — З гордасцю магу сказаць, што за мінулы навучальны год мы атрымалі 27 дыпломаў на рэспубліканскім конкурсе навукова-даследчых работ, заваявалі 11 медалёў на міжнародных алімпіядах і 83 узнагароды на міжнародных конкурсах даследчага характару. Нашы 38 вучняў і 2 педагогі адзначаны спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Па выніках здачы ЦТ і ЦЭ 175 выпускнікоў атрымалі 100 балаў.
Мікалай Башко акцэнтаваў увагу, што ў вобласці актуальнай застаецца арганізацыя работы па падрыхтоўцы адораных дзяцей да ўдзелу ў алімпіядным руху. Ён упэўнены: якасны вынік — гэта сістэмная работа педагогаў-трэнераў, навучэнцаў, бацькоў, кіраўнікоў устаноў адукацыі сумесна з абласным інстытутам развіцця адукацыі.
Прыемнай часткай мерапрыемства стала ўзнагароджанне педагогаў. Ганаровыя граматы і падзякі з рук старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра Турчына атрымалі загадчыца дзіцячага сада № 6 Фаніпаля Юлія Пражэнік, настаўніца мастацтва сеніцкай сярэдняй школы № 2 Святлана Гулевіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Слуцка Юлія Савановіч і інш.
Нагрудны знак “Выдатнік адукацыі” атрымалі 10 настаўнікаў, сярод якіх дырэктар гімназіі № 1 Слуцка Алена Міронава, настаўнік фізікі клецкай сярэдняй школы № 3 Аляксандр Шалік, настаўнік фізікі Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Канстанцін Сечка, настаўніца хіміі гімназіі Мядзела Наталля Клімовіч і інш.
Наталля САХНО
Фота аўтара