Восенню 1944-га Чырвоная Армія яшчэ біла гітлераўцаў у Еўропе, а на вызваленых беларускіх землях ужо зноў адкрыліся школы. Пабываўшы ў адной з такіх, у аграгарадку Рамязы Ельскага раёна, упэўніліся: тут захоўваюць памяць і пра герояў і ахвяр вайны, і пра тых, хто наладжваў на пакінутых ворагам папялішчах мірнае жыццё. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Незабытыя імёны
Музей працоўнай і баявой славы ў Рамязоўскай сярэдняй школе Ельскага раёна асаблівы. У 1939—1941 гадах дырэктарам школы працаваў Ціхан Якаўлевіч Кісялёў, які ў далейшым стаў вядомым дзяржаўным дзеячам, у 1980—1983 гадах займаў пасаду першага сакратара ЦК кампартыі Беларусі. Так што для стварэння школьнай музейнай экспазіцыі ў сярэдзіне 1980-х сюды прыязджалі спецыялісты з Мінска. Яна змястоўная, грунтоўная, вытрымана ў строгім стылі тых гадоў. Педагогі і школьнікі гэтую спадчыну савецкіх часоў беражліва захавалі, з цягам часу дапоўніўшы яе новымі экспанатамі і матэрыяламі.
Па словах дырэктара школы і кіраўніка школьнага музея Людмілы Трошка, вывучэнне падзей ваенных часоў з’яўляецца важным напрамкам іх даследчай работы. Мэтанакіравана працавалі ў архівах, музеях, вывучалі розныя друкаваныя і інтэрнэт-крыніцы, апытвалі аднавяскоўцаў. Пакуль былі жывыя ветэраны вайны, былыя вязні фашысцкіх канцлагераў, астарбайтары, вучні сустракаліся з імі, запісвалі ўспаміны. Зараз засталася толькі магчымасць наведваць некалькіх старажылаў, дзяцінства якіх апаліла вайна, але і іх аповеды пакідаюць моцныя ўражанні. Хлопчыкаў і дзяўчынак да слёз кранаюць успаміны аб жахах акупацыі: як людзі галадалі, мерзлі ў вырытых замест спаленых хат зямлянках, цярпелі ад ворага здзекі, аплаквалі забітых родных.
— Па выніках нашай пошукавай работы мы склалі пайменны спіс мірных ахвяр фашызму з ліку рамязоўцаў. У ім амаль 100 чалавек, закатаваных, расстраляных, зажыва спаленых захопнікамі. Гэты спіс нікога не пакідае абыякавым. Па ім бачна, што знішчалі людзей цэлымі сем’ямі, не шкадавалі ні немаўлят, ні 90-гадовых старых, — адзначае Людміла Фадзееўна.
Ахвяр магло быць яшчэ больш, калі б у чэрвені 1943 года не прасачылася інфармацыя, што немцы збіраюцца правесці ў Рамязах карную аперацыю. Многія мясцовыя жыхары паспелі ўцячы ў лес і засталіся ў жывых. А вёску карнікі спалілі ўшчэнт. Было знішчана каля 150 хат, калгасны амбар, кароўнік, свінарнік, сховішчы для снапоў, будынкі школы, клуба, пошты, медпункта, лясніцтва, хлебапякарні…
Былы выпускнік школы Іван Бандарэнка, які прайшоў праз фашысцкі лагер Kiesgrube, падарыў школьнаму музею 23 кнігі з успамінамі вязняў “фабрык смерці”.
Рамязоўцы мужна помсцілі ворагу за здзекі над роднай краінай і народам. Ужо ў першыя дні вайны на фронт пайшлі каля 120 мужчын. Многія прымкнулі да партызанскага руху, які на Палессі быў вельмі моцны. У ліпені 1942 года народныя мсціўцы разграмілі нямецкі гарнізон, які вораг размясціў у Рамязах, а ён быў адным з самых буйных у раёне. Аб гэтым баі зараз нагадвае памятная дошка, якая размешчана на будынку Рамязоўскай школы. Шмат дыверсій было ажыццёўлена на вузкакалейнай дарозе, якая праходзіла недалёка ад вёскі. А яшчэ рамязоўцы ўнеслі свой уклад у такі гучны эпізод часоў акупацыі, як масавы пераход у партызаны славацкіх афіцэраў і салдат, якія служылі на Ельшчыне. Менавіта ў Рамязах была арганізавана таемная сустрэча славакаў з партызанскім камандзірам, на якой дамовіліся аб супрацоўніцтве.
Памяць у спадчыну
Доўгачаканае вызваленне Рамязоў ад фашысцкай навалы адбылося 8 студзеня 1944 года ў ходзе Калінкавіцка-Мазырскай наступальнай аперацыі Чырвонай Арміі.
— Здаваць вёску без бою вораг не збіраўся, за яе біліся каля двух батальёнаў пяхоты. Прыемна адзначыць, што, дзякуючы тагачасным баявым данясенням, мы дакладна ведаем некаторыя прозвішчы сваіх герояў-вызваліцеляў з 1321-га палка 415-й стралковай дывізіі, — расказвае вучаніца 9 класа ўдзельніца атрада “Краязнаўцы” Любоў Мартынюк. — Так, першай у вёску ўварвалася рота старшага лейтэнанта Анварава. Старшы сяржант Агаджанаў знішчыў двух гітлераўцаў, Сабіраў — нямецкага афіцэра і чацвярых салдат. Разведчык Уварцаў з баявымі таварышамі захапіў мінамёт і накіраваў яго агонь на варожыя пазіцыі. У разгар жорсткага бою на падмогу прыйшлі кавалерысты 56-га і 58-га палкоў. Так сумеснымі намаганнямі пехацінцаў і кавалерыстаў вораг быў выбіты з вёскі.
Дзякуючы баявым данясенням у студзені 1944-га, рамязоўцы дакладна ведаюць прозвішчы сваіх герояў-вызваліцеляў.
У баі за Рамязы загінулі 32 савецкія салдаты, яны пахаваны ў брацкай магіле ў парку аграгарадка. Навучэнцы Рамязоўскай школы даглядаюць помнік, тут чыста і прыгожа і летам, і зімой. Іх настаўнікі памятаюць, як раней на мемарыял прыязджалі нашчадкі пахаваных тут воінаў, ладзіліся сустрэчы з імі школьнікаў. Дарэчы, больш за ўсё такіх наведвальнікаў было з Украіны. Але і зараз памятныя мерапрыемствы каля брацкай магілы праводзяцца з усёй шчырасцю і цеплынёй.
Рамязоўскія школьнікі прысвячаюць даследчыя работы членам сваіх сем’яў, землякам, якія ваявалі ў партызанскіх атрадах і на франтах Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ахвярам генацыду беларускага народа. Распрацаваны маршрут па спаленых вёсках Ельскага раёна, якія не адрадзіліся да новага жыцця, — гэта Забалацце, Копанка і Круглае. Не раз ездзілі туды падчас веласіпедных паходаў і аўтапрабегаў. У школьным музеі на працягу навучальнага года праводзяцца музейныя ўрокі, тэматычныя экскурсіі, выставы. Наладжана цесная сувязь з Ельскім краязнаўчым музеем. Дзякуючы такой мэтанакіраванай рабоце, кожны школьнік ведае, якую цану нашы продкі заплацілі за перамогу над ворагам, і бачыць — нават праз 80 гадоў мы не забылі аб іх пакутах і подзвігах.
Бывай, зброя!
Пасля вызвалення вёскі людзі будавалі на папялішчах родных хат хто зямлянку, хто курэнь, каб мець хоць нейкі дах над галавой. Жылося цяжка, голадна. І нават у такіх складаных умовах палешукі ў ліку першарадных спраў імкнуліся аднавіць перарваную вайной адукацыю дзяцей.
— Мясцовая жыхарка Надзея Паўлаўна Сыч расказвала, што першыя ўрокі праходзілі ў зямлянцы. Па словах іншай нашай аднавяскоўкі Марыі Лук’янаўны Сыч, некаторы час школа размяшчалася ў хаце яе сям’і, потым — у часовым драўляным будынку, — расказвае Людміла Трошка. — Пісалі ў Рамязоўскай школе ўзору 1944 года хто вугольчыкам на невялікіх дошках, хто пяром птушкі на абрыўках газет, зрабіўшы чарніла з ягад “Воўчае лыка” ці дзёртага бурака з сажай. Школьнай дошкі і сталоў спачатку не было, дзеці сядзелі падчас урокаў на драўляных лаўках, калодах. Але крок за крокам умовы паляпшаліся.
Захаваліся імёны людзей, якія ў тыя цяжкія часы дапамагалі дзецям выбірацца з зямлянак да святла ведаў. Першым пасляваенным дырэктарам у 1944—1946 гадах была Ульяна Ільінічна Шэцка, у 1946—1948 гадах — Ганна Антонаўна Шэцка. Старажылы добрым словам згадваюць сваіх тагачасных настаўнікаў — мужа і жонку Чуднікавых, Мікалая Захаравіча Сілінца, Сямёна Фёдаравіча Міхалёва…
На першых пасляваенных уроках у Рамязах дзеці пісалі пяром птушкі, чарніла рабілі з ягад ці дзёртага бурака з сажай.
У першыя гады пасля вайны Рамязоўская школа была пачатковай, у 1948—1949-х стала сямігодкай, у 1951-м — сярэдняй, і тады ж тут справілі наваселле. Установа адукацыі пераехала ў цагляны двухпавярховы будынак, які пачалі будаваць яшчэ да вайны, але не паспелі скончыць. У ім школа працуе і зараз. У 2010 годзе тут правялі капітальны рамонт, пры гэтым свой гістарычны архітэктурны выгляд будынак захаваў.
У новы навучальны год школа ўступае адноўленай. Зроблены рамонт класаў, спартыўнай залы, у блоку харчавання абсталявалі дадатковае памяшканне для захоўвання агародніны і садавіны. На прышкольнай тэрыторыі пабудавалі альтанку, устанавілі новыя лаўкі, пасадзілі туі, ядловец, самшыт, кветкі.
Хоць школа малакамплектная, тут створаны ўсе ўмовы для якаснай адукацыі і выхавання падрастаючага пакалення. Дзеці актыўна працуюць на ўроках, бо ў невялікіх класах кожны як на далоні, ахвотна ўдзельнічаюць у шматлікіх пазакласных мерапрыемствах.
Былая вучаніца пасляваеннай школы ў Рамязах Ніна Крэнт дзеліцца ўспамінамі з сённяшнімі школьнікамі
На базе Рамязоўскай школы функцыянуе раённы рэсурсны цэнтр “Рэсурсы краязнаўства ў выхаванні навучэнцаў”, кожны год адзначаецца перамогамі ў розных конкурсах гэтага кірунку. Існуе добрая традыцыя складання дзецьмі пад кіраўніцтвам настаўнікаў сваіх радаводаў. Добрыя вынікі дасягнуты школай у дзейнасці па грамадзянска-патрыятычным, экалагічным, спартыўным напрамках.
Тут па праве ганарацца тым, што ў ліку выпускнікоў школы — 47 медалістаў. Вырасцілі цэлую кагорту педагогаў, далі пуцёўку ў жыццё многім годным прадстаўнікам іншых сфер дзейнасці — аграрыям, інжынерам, ваеннаслужачым, музыкантам, журналістам. На стэндах у школьным музеі можна ўбачыць фотаздымкі выпускнікоў, якімі ганарыцца ўстанова адукацыі, — ад тых, хто паднімаў родны край з папялішчаў вайны да сучаснікаў. Упэўнена, у будучыні сюды абавязкова дабавяцца і прадстаўнікі сённяшняга пакалення рамязоўскіх школьнікаў. Для гэтага ўстанова адукацыі робіць усё неабходнае.
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і прадастаўлена ўстановай адукацыі