Календула, шалфей, меліса, эхінацэя — гэтыя лекавыя расліны і шэраг іншых вырошчваюць навучэнцы Бацэвіцкай сярэдняй школы Клічаўскага раёна. Сумесна з педагогамі яны стварылі на прышкольным участку сапраўдны аптэкарскі сад. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
—Тэрыторыя вакол нашай школы складае тры з паловай гектары. Плошчу выкарыстоўваем рацыянальна: раздзялілі ўчастак на зоны, што дало магчымасць знайсці месца для ўсяго. У нас ёсць гульнявыя і спартыўныя пляцоўкі, пладовы сад, агарод, кветнікі, градкі з лекавымі травамі, — паведаміла дырэктар Святлана Мурашкевіч.
Дырэктар Святлана Мурашкевіч паказвае сёлетні ўраджай яблыкаў у школьным садзе
Агарод займае самую значную частку прышкольнай зямлі. Увесь цыкл сельскагаспадарчых работ пад кіраўніцтвам настаўнікаў выконваюць вучні.
— Вясной дзеці самастойна апрацоўваюць глебу, ажыццяўляюць пасеў насення. На летніх канікулах рэгулярна прыходзяць даглядаць агарод. У рамках летняй практыкі дзеці займаюцца праполкай і палівам. Сёлета вырошчваем бульбу, буракі, моркву, капусту і цыбулю. Зараз ужо рыхтуемся да збору ўраджаю. Збіраем заўсёды каля паўтоны агародніны, якую на працягу навучальнага года выкарыстоўваем для патаннення харчавання ў школьнай сталовай, — расказала Святлана Аляксандраўна.
На разнастайнасць харчавання навучэнцаў накіроўваюцца таксама яблыкі са школьнага саду. З нядаўняга часу іх на тэрыторыі ўстановы два.
Стары сад быў закладзены некалькі дзесяцігоддзяў назад. 25 яблынь актыўна пладаносяць.
— Лішкі ўраджаю здаём у нарыхтоўчыя пункты. Пазабюджэтныя сродкі ідуць на ўмацаванне матэрыяльнай базы, — адзначыла Святлана Мурашкевіч.
Вялікай радасцю для ўсёй школы стала закладка саду надзеі. На тэрыторыі з’явіліся 11 яблынь і грэцкі арэх. Усе саджанцы беларускай селекцыі.
— Маладыя дрэўцы даглядаюць вучні. Яны ўносяць угнаенні, паліваюць, мульчыруюць. Працуюць з энтузіязмам і чакаюць першых пладоў, — заўважыла Святлана Аляксандраўна.
Зараз у аптэкарскім садзе расце звыш 25 відаў раслін з карыснымі фармакалагічнымі ўласцівасцямі
Цікавасць у школьнікаў выклікала таксама стварэнне аптэкарскага саду. Ідэйным натхняльнікам гэтага праекта выступіла настаўніца абслуговай працы Валянціна Белакурская.
— На адным з урокаў дзеці ўзнялі тэму прымянення лекавых траў. Падчас абмеркавання вырашылі паспрабаваць іх вырошчваць мэтанакіравана. Вывучылі неабходную літаратуру і прыступілі да справы. Спачатку вырасцілі ўсім вядомыя мяту, мелісу, рамонак, календулу. Цяпер тут расце звыш 25 відаў раслін з карыснымі фармакалагічнымі ўласцівасцямі, — растлумачыла Валянціна Леанідаўна.
Участак з лекавымі травамі навучэнцы адпаведна аформілі. На ўваходзе на градцы размешчана інфармацыя аб праекце, каля кожнай расліны ўстаноўлена таблічка з назвай.
— Абсалютна ўсё навучэнцы робяць сваімі рукамі. Займальным стаў збор лекавай сыравіны. Працэс гэты карпатлівы і працаёмкі, таму ў дапамогу мы склалі спецыяльныя памяткі і буклеты. Навучэнцы дасканала ведаюць, якія часткі раслін неабходна нарыхтоўваць, як іх апрацоўваць, каб захаваць патрэбныя рэчывы. Сабранае мы прасушваем, а пасля вырабляем з траў фітачай, — расказала Валянціна Белакурская.
Настаўніца абслуговай працы Валянціна Белакурская і вучаніца 9 класа Ульяна Тоўсцелева дэманструюць фітачаі і вынікі рэалізацыі праекта
Свае фітачаі педагогі і вучні Бацэвіцкай школы прадстаўляюць на раённых мерапрыемствах. Ініцыятыва навучальнай установы была адзначана пераможным дыпломам рэгіянальнага конкурсу “Упрыгожым Беларусь кветкамі”.
Праект ва ўстанове плануюць развіваць. У найбліжэйшы час аптэкарскі сад дапоўняць новыя расліны, а чайныя зборы будуць даступны ўсім жадаючым.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара