Рэдакцыя часопіса «Роднае слова» разам з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі нагадваюць: ужо 10 верасня заканчваецца тэрмін прыёму навукова-даследчых работ на конкурс «Вы паслухайце родную мову: жаўруковаю песняй звініць…». Падрабязнасці даведаўся карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
У згаданага інстытута сёлета — 95-годдзе. І рэдакцыя часопіса разам з юбілярам ладзяць перадсвяточны конкурс, тэматычную шырыню якога выявілі мілагучныя радкі з верша Лідзіі Полазавай «Родная мова». «Мэта — зберажэнне духоўнай спадчыны народа, павышэнне моўнай кампетэнцыі носьбітаў беларускай мовы, грамадзянска-патрыятычнае выхаванне і развіццё навукова-даследчых здольнасцей навучэнцаў і студэнтаў, — адзначыла галоўны рэдактар часопіса Наталля Шапран. — Да ўдзелу запрошаны школьнікі Х—ХІ класаў, навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнты УВА».
Наталля Шапран (трэцяя злева) і яе паплечнікі па працы на ніве роднага слова
Сярод тэматычных кірункаў конкурсу — беларуская мова ў XXI стагоддзі; роднае слова ў дыялогу моў і культур; сучасныя лексічныя працэсы ў беларускай мове і інш.
Мяркуецца, што лаўрэаты будуць урачыста ўшанаваны падчас II Міжнароднага навуковага кангрэса «Беларуская мова — галоўная гісторыка-культурная каштоўнасць нацыі і дзяржавы» (да 95-годдзя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа).
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота з архіва часопіса «Роднае слова»