Звыш 7 тысяч дзяцей прымуць сёлета на навучанне ў Магілёўскім абласным цэнтры творчасці

- 17:12Новости

Музыка і харэаграфія, спорт і турызм, робататэхніка і камп’ютарныя тэхналогіі. Гэта далёка не поўны пералік занятасці, што прапануе навучэнцам Магілёўскі абласны цэнтр творчасці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Навучальная ўстанова прэзента­вала сваю дзейнасць яркім святам. У рамках рэспубліканскага Тыдня дадатковай адукацыі юным гараджанам прапанавалі ў інтэрактыўнай форме азнаёміцца з гурткамі, пабываць на займальных экскурсіях, паўдзельні­чаць у майстар-класах.

— Наш цэнтр — шматпрофільная ўстанова. Сёлета функцыянуюць 467 аб’яднанняў па інта­рэсах. На навучанне плануем прыняць больш за 7 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак, — паведаміў дырэктар МАЦТ Ігар Аўсеенка.

Папулярнасцю ў школьнікаў карыстаецца мастацкі профіль. Напрыклад, жадаючых наведваць заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, узорны эстрадны тэатр-студыю “Вясёлка” заўсёды шмат.

— Калектыву ўжо больш за 40 гадоў. Змяняюцца рэаліі, але нашы мэты застаюцца ранейшымі. Для ўсіх педагогаў дзеці — галоўнае. Мы не проста вучым іх вакалу, харэаграфіі, уменню трымацца на сцэне, але і імкнёмся сфарміраваць іх светапогляд, у поўнай меры рас­крыць патэнцыял. Нам гэта ўдаецца: сярод выпускнікоў — шэраг вядомых артыстаў як беларускай, так і расійскай эстрады. Канечне, творчы шлях выбіраюць толькі асобныя навучэнцы. Аднак з музыкай і песняй ідуць па жыцці абсалютна ўсе, — адзначыла педагог дадатковай адукацыі Вольга Шаўчэнка.

З індывідуальным падыходам да навучэнцаў працуюць і ва ўзорнай студыі выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Тон”. Педагогі перакананы: у любога дзіцяці ёсць пэўныя здольнасці.

— Накіроўваем схільнасці дзяцей у патрэбнае рэчышча, гадуем таленты. Вучым заўважаць прыгажосць і эстэтыку вакол сябе, падтрымліваем фантазіі і ідэі. Захоўваючы аўтарскую самабытнасць, фарміруем прафесійныя навыкі ў выяўленчым мастацтве. Гэта прываб­лівае дзяцей. Многія з малодшай групы і да выпуску наведваюць студыю, — па­дзялілася педагог Людміла Дудкова.

Устойлівую цікавасць у навучэнцаў выклікае тэхнічны і прыродазнаўча-матэматычны кірунак. Дзеці з энту­зіязмам займаюцца канструяваннем, мадэляваннем, робататэхнікай. Прычым важна, што навучэнцам рэгулярна прапаноўваюць нешта новае. Так, у гэтым годзе адкрываюцца аб’яднанні “Аўтаканструктар”, “Асновы электронікі і праграмавання”, “SMART-мультымедыя”, “IT-START”.

— Сучасных дзяцей прывабліваюць мультымедыйныя тэхналогіі. Вырашылі задаволіць гэты попыт. На занятках аб’яднання “SMART-мультымедыя” навучэнцы асвояць праграмы па стварэнні дызайнерскіх прэзентацый, навучацца рабіць дынамічныя відэаролікі з анімацыяй. Навыкі патрэбныя, таму і ахвочых вучыцца дастаткова. Група ўжо скамплектавана, — расказала педагог дадатковай адукацыі Вольга Волкава.

Адметна, што новыя напрамкі аб’яднанняў па інтарэсах адкрываюцца ў Магілёўскім абласным цэнтры творчасці пастаянна. Педагагічны калектыў падрабязна вывучае запыты і адукацыйныя патрэбы дзяцей, імкнецца да таго, каб захапленне па душы ва ўстанове мог знайсці кожны школьнік.

Даведка

У Магілёўскай вобласці 32 установы дадатковай адукацыі. Сёлета ў гэтых навучальных установах будуць працаваць больш за 4,3 тысячы аб’яднанняў па інтарэсах. Занятасцю плануецца ахапіць звыш 48 тысяч навучэнцаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара