У сярэдняй школе № 15 Віцебска імя М.Я. Чуманіхінай адкрылі пасля рэканструкцыі музей «Памяць»

- 11:06Новости

Ва ўстанове адукацыі надаецца велізарнае значэнне грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню моладзі. Як падкрэсліла ў размове з карэспандэнтам «Настаўніцкай газеты» дырэктар школы Антаніна Яршова, цэнтрам гэтай работы з’яўляецца музей, адкрыты ў 1987 г. У яго фондах захоўваецца каля 500 экспанатаў.

Асаблівую каштоўнасць уяўляюць сабой сабраныя дзецьмі сумесна з педагогамі матэрыялы пра больш як 130 жыхароў пасёлка Рубы — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, іх занатаваныя ўспаміны. У музеі праводзяцца сустрэчы з ветэранамі і малалетнімі вязнямі канцлагераў, заняткі і экскурсіі для сваіх навучэнцаў, школьнікаў з Віцебска і вобласці, выхаванцаў дашкольных устаноў мікрараёна Руба.

У ліку тых, хто актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах, даследчай і пошукавай рабоце на базе музея, — 12 юнакоў і дзяўчат, залічаных сёлета ў профільны ваенна-патрыятычны клас.

Аб’яднанне па інтарэсах «Юны экскурсавод» доўгі час вядзе настаўніца беларускай мовы і літаратуры Валянціна Бабкова. Вучаніца Валянціны Віктараўны Вольга Сапсалёва, якая з 5-га класа займалася ў гуртку, стала настаўніцай гісторыі і вярнулася ў родную школу, дзе працуе ўжо больш за чвэрць стагоддзя. Музейнай работай ва ўстанове адукацыі кіруе менавіта гэты яркі педагагічны дуэт.

— Экспазіцыі музея знаёмяць не толькі з ваеннымі падзеямі, але і з аднаўленнем разбуранай захопнікамі народнай гаспадаркі, змяшчаюць багаты краязнаўчы матэрыял, — расказала В. Сапсалёва. — У Рубе знаходзіцца ААТ «Даламіт» — адзінае ў Беларусі і найбуйнейшае ў Еўропе прадпрыемства па здабычы і перапрацоўцы даламітавай сыравіны, нашы шэфы і надзейныя сябры. Школа з гонарам носіць імя Марыі Чуманіхінай, якая ўзначальвала калектыў камбіната вапнавых матэрыялаў з 1978 г. і пад чыім кіраўніцтвам ён ператварыўся ў магутны вытворчы комплекс. А ў гады акупацыі малой дзяўчынкай ёй давялося зведаць, што такое канцлагер, турма, зверствы гітлераўскіх нелюдзяў. У мірны час дзякуючы Марыі Якаўлеўне Руба імкліва развівалася. За 15 гадоў у пасёлку былі пабудаваны жылыя дамы, Палац культуры і тэхнікі, паліклініка, санаторый-прафілакторый і кафэ, два дзіцячыя садзікі, Дом быту, сярэдняя школа, магазіны, дабудаваны цяплічны камбінат. Пры садзейнічанні Марыі Чуманіхінай у Здраўнёве, недалёка ад Рубы, аднавілі сядзібу мастака Ільі Рэпіна. У цэлым працоўны калектыў «Даламіту» з’яднаў у пасляваенны перыяд вялікую колькасць моладзі. Мы даследавалі гісторыю прадпрыемства і выявілі, што сярод работнікаў было многа ветэранаў, малалетніх вязняў канцлагераў. Стараемся захаваць памяць пра кожнага з іх. Вельмі прыемна, калі маленькія дзеці да нас прыходзяць і пазнаюць родных на фотаздымках. Таму што гісторыя ў музейнай педагогіцы павінна мець чалавечае аблічча. Вось убачыць юны наведвальнік музея на фота знаёмага чалавека, тым больш прабабулю або прадзядулю, — і ў яго змяняюцца адносіны да гісторыі. Безумоўна, праз гэта ён глыбей разумее, што адбывалася ў краіне. Адчувае, магчыма, упершыню, сваю роднасць з лёсам народа. Кажу, зыходзячы з настаўніцкіх назіранняў і ўласных дзіцячых уражанняў, бо на фота ў музеі ёсць і мой дзядуля, ветэран вайны Уладзімір Ткачоў.

Цікавы факт: старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін вучыўся ў Рубе і ў тым ліку наведваў урокі Валянціны Бабковай. Знакаміты выпускнік цёпла павіншаваў калектыў роднай школы з адкрыццём адноўленага музея, азнаёміўся з нядаўна адрамантаванымі карпусамі пачатковай і сярэдняй школы, матэрыяльна-тэхнічнай базай установы. Разам з пачэснымі гасцямі, сярод якіх быў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома, кіраўнік вобласці прыняў удзел ва ўрачыстай лінейцы, прысвечанай Дню народнага адзінства.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара