На тым беразе Случы. Чаму 17 верасня для Жыткавіцкага раёна — асаблівая дата?

- 13:20Родная земля

17 верасня для Жыткавіцкага раёна — асаблівая дата. Роўна 85 гадоў назад два берагі Случы, раздзеленыя пасля Рыжскага мірнага дагавора дзяржаўнай граніцай, зноў сталі беларускімі. Уз’ядналіся землі, уз’ядналіся сем’і, уз’яднаўся народ… Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Беларуская рака

Не шырокая і не вузкая, спакойная, павольная, маляўнічая… Калі б прапанавалі назваць самую-­самую беларускую раку, я, не раздумваючы, сказаў бы: “Случ”. І справа не толькі ў тым, што яе рэчышча працякае выключ­на па тэрыторыі Беларусі. Сваім характарам рака вельмі падобна на беларусаў-палешукоў, якія з даўніх часоў жывуць на яе берагах, — такія ж спакойныя, памяркоўныя, разважлівыя.

Над вадой можна заўважыць рэшткі драўлянага моста, які некалі злучаў два раздзеленыя беларускія берагі

Нядзіўна, што нашы землякі любяць адпачываць у гэтых прыгожых мясцінах. У адрозненне ад той жа матухны Прыпяці, дзе летам людзей не менш, чым на сталічных праспектах, на берагах яе дачушкі Случы яшчэ можна знайсці вусцішныя куточкі і па­быць там сам-насам з прыродай, адпачыць ад штодзённай мітусні.

Адправімся і мы на маляў­нічыя берагі Случы. Сустрэнемся з настаўнікамі-краязнаўцамі і пачуем ад іх шмат цікавых, малавядомых фактаў пра адзін з сумных перыядаў гісторыі нашага народа.

Захоўваючы памяць

Начальнік аддзела адукацыі Жыткавіцкага райвыканкама Міхаіл Міхайлавіч Макарэвіч:

— Дзень народнага адзінства — маладое дзяржаўнае свята, але адно з самых важных. Для Жыткавіцкага раёна яно асаблівае, таму што наш раён, згодна з Рыжскім мірным дагаворам, быў падзелены на дзве часткі. У першую чаргу былі падзелены сем’і, нашы землякі апынуліся на розных берагах Случы. Вызваленчы паход Чырвонай Арміі дазволіў аднавіць роднасныя сувязі, жыць беларусам у адзінай дзяржаве.

Яшчэ задоўга да абвяшчэння 17 верасня Днём народнага адзінства ва ўстановах адукацыі раёна праводзіліся памятныя мерапрыемствы, а з 2021 года яны сталі больш маштабнымі. Так, у мінулым годзе ў аграгарадку Ленін быў устаноўлены знак у гонар маладога дзяржаўнага свята, а сёлета ў музеі Ленінскай сярэдняй школы абноўлена экспазіцыя. Ва ўсіх установах адукацыі з 9 верасня праводзяцца ўрачыстыя мерапрыемствы.

Дырэктар Ленінскай сярэдняй школы Лідзія Цуба каля памятнага знака,
устаноўленага ў аграгарадку ў гонар Дня народнага адзінства

Для старшакласнікаў гэта дыялогавыя пляцоўкі, для малодшага і сярэдняга звяна — паэтычныя конкурсы, конкурсы малюнкаў. Мерапрыемствы разнапланавыя. Напрыклад, у дзіцячым са­дзе № 5 Жыткавіч закладзена алея “Мы адзіныя”, а 17 верасня ў аграгарадку Ленін стартаваў маладзёжны велапрабег, там жа ў пятніцу адбыўся абласны семінар.

Усе конкурсы, акцыі накіраваны на тое, каб мы адчувалі адзінства нашай дзяржавы, агульнае жаданне прадстаўнікоў розных пакаленняў жыць у мірнай і шчаслівай Беларусі.

Ленін і Уладзімір Ільіч

У кожнага, хто ўпершыню чуе назву аграгарадка Ленін, адразу ж узнікае думка кшталту: “Тапонім утвораны ад псеўданіма Уладзіміра Ільіча Ульянава”. Думка цалкам лагічная, але памылковая, бо назва Ленін вядома яшчэ з XVI стагоддзя. Праўда, польскія ўлады ў міжваенны перыяд спрабавалі перайменаваць населены пункт. Надта ж карцела ім пазбавіцца любога, нават сугучнага, напаміну аб правадыры сусветнага пралетарыяту.

— Спачатку спрабавалі наз­ваць Згарэлае, потым Сасынковічы — у гонар польскага генерала пагранічнай службы. Але нашы людзі не мірыліся з гэтым, таму шыльды, якія ўстанаўлівалі ў пачатку вёскі, ламалі і знішчалі. Так штучныя назвы не прыжыліся, а населены пункт, як і ў даўнія часы, сёння называецца Ленін, — з гонарам адзначыла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ленінскай сярэдняй школы Алена Іванаўна Русая.

Як і да свайго мінулага, да Уладзіміра Ільіча мясцовыя жыхары адносяцца з павагай, добра ведаюць яго працы. Пацвярджае гэта вялізны збор твораў Леніна, які захоўваецца ў школьным гістарычным музеі. Шматлікія тамы некалі сталі першымі экспанатамі. Потым настаўнікі і вучні пачалі прыносіць прадметы побыту продкаў, старыя фотаздымкі, дакументы. Так экспазіцыя пашыралася, і цяпер музейныя фонды налічваюць больш за тысячу адзінак.

Падзеленыя лёсы

Сёлета напярэдадні Дня народнага адзінства экспазіцыя была дапоўнена стэндамі, якія расказваюць пра жыццё мястэчка Ленін пад польскай уладай у 1920—1930-я гады.

— 18 сакавіка 1921 года быў заключаны Рыжскі мірны дагавор, па выніках якога беларускія землі былі падзелены. Падзялілі сем’і, народ, лёсы. Ніхто не пытаў у нашых людзей, хочуць яны гэтага ці не. Ленін апынуўся на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Палякі адразу ж пачалі ўстанаўліваць свае парадкі. Напрыклад, навучанне ў школе вялося толькі на польскай мове, дзецям забаранялася размаўляць на ўроках і перапынках па-беларуску. Складаным было і жыццё простых сялян, — працягвае экскурсію настаўніца.

І ў якасці пацвярджэння сваіх слоў Алена Іванаўна прывяла ўспаміны мясцовай жыхаркі Лі­дзіі Рыгораўны Пракаповіч: “Дзяцінства — самы шчаслівы час жыцця. Але было і тое, што вельмі азмрочвала маё і асабліва маіх бацькоў існаванне. Гаворка ідзе аб сістэме паншчыны і эканамічнай няроўнасці. Па ягады ў панскі лес пайс­ці — білет бяры, гэта значыць купляй дазвол на збор ягад. Каб атрымаць права на выпас каровы, таксама трэба заплаціць. Лес, луг для выпасу скаціны, лепшыя ворныя землі — усё належала панам, асаднікам. І як выжыць у такіх умовах простаму чалавеку? Кожны павінен быў адпрацаваць і пэўны час на будаўніцтве дарог, парушальнікаў чакаў суд і нават цялеснае пакаранне — збіццё розгамі”.

Калі настаўніца зачытвала гэтыя ўспаміны, я ўзгадаў аповеды маёй бабулі Настассі Фадзееўны Грэчкі, родам са Століншчыны (былая Заходняя Беларусь). Яна таксама калісьці расказвала мне і пра абавязковую адпрацоўку для сялян, напрыклад, так званы шарварак. І пра тое, што лепшыя землі аддаваліся панам, асаднікам, а сялянам — горшыя, сярод балот. І пра навучанне дзяцей выключна на польскай мове. Асабліва яркімі былі яе ўспаміны пра бацьку, майго прадзеда, актыўнага ўдзельніка падпольнага руху ў Заходняй Беларусі. Бабуля расказвала, як мужчыны таемна збіраліся ў сялянскіх хатах, чыталі газеты, лістоўкі, якія ім дастаўлялі таварышы з усходняй часткі Беларусі, а яны, дзеці, у гэты час ся­дзелі моўчкі на печы і слухалі, пра што гавораць дарослыя…

Каля старога моста

Ленін — унікальны населены пункт, адметны не толькі сваёй назвай. Нягледзячы на тое, што на яго тэрыторыі не засталося велічных помнікаў архітэктуры, ён, тым не менш, уваходзіць у многія турыстычныя маршруты Жыткавіччыны. І прычын тут некалькі. Першая — насычаная гісторыя, у якой перапляліся і войны, і мірнае развіццё, і сацыяльная несправядлівасць, і вера ў шчаслівую будучыню. Другая — арыгінальныя аб’екты з часоў мінулых, якія зацікавяць любога аматара даўніны.

Драўляны мост праз Случ каля Леніна, 1928 г.

Адзін з такіх аб’ектаў — рэшткі драўлянага моста праз раку Случ, які некалі злучаў два раздзеленыя беларускія берагі. Менавіта гэты мост мужна абаранялі ваеннаслужачыя 18-га Жыткавіцкага пагранатрада ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны, стрымліваючы наступленне гітлераўцаў. Гісторыя і баявы шлях пагранатрада — асобная тэма ў даследчай дзейнасці ленінскіх настаўнікаў і вучняў. Вось што паведаміла Алена Іванаўна, падыходзячы да музейнага стэнда з даваеннымі фотаздымкамі савецкіх пагранічнікаў:

— Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны 18-ы Жыткавіцкі пагранічны атрад наліч­ваў у сваім складзе тры пагранкамендатуры, 18 лінейных пагранічных застаў, тры аддзяленні сувязі камендатур, КПП “Жыткавічы”, узвод сувязі, каменданцкі, гаспадарчы і транспартны ўзводы. Заставы атрада размяшчаліся па левым беразе ракі Случ на поўдзень ад Прыпяці, ад граніцы з Украінскай ССР. На пачатак вайны тут служыла 548 чалавек. Пагранічнікі неслі службу ў цяжкіх прыродных умовах Палесся: дрымучыя лясныя масівы перамяжоўваліся з непраходнымі балотамі. Адна з застаў наогул круглы год была адрэзана ад Вялікай зямлі зыбкай багнай. Тут перамяшчаліся толькі па вузкіх драўляных насцілах, пакрытых слізкай тарфяной жыжкай. Нягледзячы на гэта, з 1925 па 1941 год пагранічнікамі было ліквідавана 10 банд, чатыры рэзідэнтуры і 33 рэзідэнты, затрыманы 901 парушальнік граніцы. Асабісты склад 18-га Жыткавіцкага пагранатрада ўдзельнічаў у вызваленчым паходзе ў Заходнюю Беларусь.

Унікальныя аб’екты

Яшчэ адным цікавым гістарычным аб’ектам з’яўляюцца старыя яўрэйскія могілкі на ўскрайку Леніна, а дакладней, надгробныя каменныя і драўляныя пліты (мацэвы). Некаторым з якіх больш за 100 гадоў.

Першыя пахаванні на гэтых могілках датуюцца XVI стагоддзем, калі Ленін упершыню ўзга­даны ў гістарычных дакументах. Многія надмагільныя пліты, якія вы бачыце на здымку, адносяцца да міжваеннага перыяду. Побач знаходзяцца і брацкія магілы расстраляных гітлераўцамі савецкіх патрыётаў.

Лёсу яўрэяў, якія да Вялікай Айчыннай вайны складалі большую частку насельніцтва Леніна, прысвечаны асобны раздзел экспазіцыі школьнага музея. Цікавай тут з’яўляецца карта з даваеннай планіроўкай мястэчка. Унікальнасць яе ў тым, што складзена на аснове ўспамінаў былых жыхароў Леніна, іх нашчадкаў, якія прыязджалі на малую радзіму ў пасляваенны час з розных куточкаў свету.

— Падчас адной з такіх сустрэч у музеі адбыўся цікавы выпадак: наш госць упаў на калені вось перад гэтым фотаздымкам. Мы падумалі, што чалавеку дрэнна, і ўжо збіраліся выклікаць хуткую дапамогу, але ён падняўся і сказаў, што на фотаздымку — яго прадзед Аўнер Голуб, які нарадзіўся ў Леніне і да 1939 года выехаў у Ізраіль. Калі госці прагульваліся па вуліцах аграгарадка, то здзіў­ляліся, што ў нас так утульна, а зямельныя ўчасткі вялікія, бо там, дзе цяпер стаіць адзін дом, да вайны было па 3—4, а ў кожным жыло некалькі сем’яў, — паведаміла Алена Іванаўна, а потым дадала: — Нашы госці, асабліва тыя, што прыязджаюць з Ізраіля, заўсёды адзначаюць, як у нас тут спакойна, камфортна. Прыгожая, маляўнічая прырода, гасцінныя людзі. Ім утульна на зямлі, дзе жылі іх продкі.

Гасцінная зямля

Талерантнасць у адносінах да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей, веравызнанняў — вядомая ва ўсім свеце рыса характару беларусаў. І ніякія межы, гістарычныя перыпетыі не змаглі пару­шыць мірнае жыццё на нашай зямлі розных народнасцей, у тым ліку ў складаныя 1920—1930-я гады. Каб пераканацца ў гэтым, адправімся на супрацьлеглы ад Леніна бераг Случы — у вёску Браніслаў.

— У нашым сельсавеце з даўніх часоў пражывае шмат нацыянальнасцей. Напрыклад, у вёсцы Града раней было шмат украінцаў, у Хорліне, адкуль родам мая бабуля, — немцаў. Цікавая версія паходжання назвы гэтай вёскі. У перакладзе з нямецкай мовы часткі слова азначаюць “мужчына” і “лён”. Немцы ў Хорліне сапраўды вырошчвалі лён. Займаліся гэтай працай выключ­на мужчыны, а жанчыны клапаціліся пра хатнюю гаспадарку. У 1938 годзе вёску рассялілі і мае продкі пераехалі жыць у Вільчу, Загацце. Засталіся пасля 1921 года ў нас і палякі, таму і распаўсюджаны прозвішчы Рудніцкія, Катвіцкія, Ранчынскія. Шмат палякаў жыло ў Лагвошчах. Тут нават дзейнічала польская школа і нацыянальны Дом культуры. Міжэтнічныя працэсы на нашых землях мы з вучнямі даследавалі і вынікі апісалі ў рабоце, якую неаднаразова прадстаўлялі на краязнаўчыя конкурсы, — паведаміла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Браніслаўскай базавай школы Валянціна Міхайлаўна Цупік.

Паколькі і вёска Браніслаў знаходзілася ў міжваенны перыяд каля дзяржаўнай граніцы, то тэма 18-га Жыткавіцкага пагран­атрада таксама з’яўляецца адной з асноўных у даследчай дзейнасці мясцовых педагогаў і школьнікаў. Пачаў гэтую работу яшчэ ў 1970-я гады настаўнік фізкультуры і музыкі Аляксандр Купрыянавіч Кавалёў. Ён хадзіў з вучнямі ў паходы на месцы размяшчэння пагранічных застаў, а паколькі ў школе быў піянерскі атрад імя А.М.Кіжаватава, то наладзіў супрацоўніцтва з Брэсцкай пагранічнай заставай імя А.М.Кіжаватава і нават вёў перапіску з 24 абаронцамі Брэсцкай крэпасці. Усе гэтыя лісты сёння беражліва захоўваюцца ў школьным музеі. Разам з Аляксандрам Купрыянавічам школьнікі нават выгадавалі нямецкую аўчарку і падарылі яе пагранічнікам, за што атрымалі ад іх у 1970 годзе памятны знак.

— Мы і цяпер з вучнямі наведваем месцы, дзе размяшчаліся казармы 18-га пагранатрада. У першую чаргу ходзім на Лапаціну гару — узвышэнне, з якога пагранічнікам было добра назіраць за мясцовасцю, далінай Случы. Праўда, сёння ад казарм засталіся толькі рэшткі падмуркаў. Але дзецям там усё роўна цікава. Мясціны прыгожыя, грыбныя, ягадныя, — паведаміла Валянціна Міхайлаўна.

Плённае супрацоўніцтва

Усе мы добра ведаем, што ўстановы адукацыі нашай краіны актыўна супрацоўнічаюць з пагранічнікамі ў справе ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі. Такое ўзаемадзеянне было нала­джана не сёння і не ўчора, а амаль 100 гадоў назад. Напрыклад, у Жыткавіцкім раёне яшчэ ў 1920-я гады, калі тут размясціўся 18-ы пагранатрад.

Дзякуючы падтрымцы пагранічнікаў, у Браніславе быў адкрыты магазін, пабудаваны дзве сіласныя вежы, клуб з бібліятэкай і нават арганізаваны калгас, які атрымаў назву “Прамень камуны”. Усе ініцыятывы сялян, накіраваныя на сацыяльнае развіццё іх вёскі, усяляк падтрымліваліся ўладай, пагранічнікамі.

Асобна трэба сказаць пра развіццё адукацыі. Калі ў Заходняй Беларусі актыўна ішоў працэс паланізацыі, закрываліся беларускія школы, дзе вучням забаранялася нават на перапынках размаў­ляць па-беларуску, ва ўсходняй, савецкай, частцы Беларусі ў гэтыя гады, наадварот, беларускія школы актыўна адкрываліся. Так, у Браніславе такая школа была пабудавана агульнымі намаганнямі сялян у 1922 годзе. Жадаючых вучыцца ў школе было настолькі многа, што на агульным схо­дзе сяляне прынялі рашэнне будаваць новую. Адкрылі яе восенню 1935 года. У будынку знахо­дзіліся сем класаў, піянерскі пакой, былі нават спартыўная зала, настаўніцкая і сталовая. Сабрала Валянціна Міхайлаўна і інфармацыю пра многіх настаўнікаў таго часу, адшукала ў мясцовых жыхароў іх фота­здымкі з вучнямі, зрабіла копіі і аформіла спецыяльныя альбомы.

Сапраўдны палац

Летапіс установы адукацыі створаны і настаўнікамі сярэдняй школы № 1 Жыткавіч імя Г.М.Тураўца.

Як паведаміла яе дырэктар Вольга Уладзіміраўна Туравец, гісторыя школы пачынаецца з 1925 года. У розны час яна мяняла свае назвы і месца размяшчэння. Вядома, што Жыткавіцкая беларуская сярэдняя школа размяшчалася ў трохпавярховым цагляным будынку на сённяшняй вуліцы Савецкай недалёка ад ваенкамата. Яе першым дырэктарам быў настаўнік па прозвішчы Прышчэпаў.

Вольга Туравец (у цэнтры) разам са сваімі намеснікамі Аляксандрай Кацянёвай і Верай Кабановіч
трымаюць копіі даваенных здымкаў школы

— Думаю, вам абавязкова трэба сустрэцца з тагачаснай вучаніцай гэтай школы ветэранам педагагічнай працы Нінай Фёдараўнай Цырыбка, — далучылася да размовы намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Адамаўна Кузьміч.

Ад такой прапановы я, канечне, не мог адмовіцца, тым больш, як высветлілася, тата жанчыны праектаваў той прыгожы трохпавярховы будынак і ўзначальваў работы па яго ўзвядзенні. Ды і Ніна Фёдараўна ўжо чакала госця з любімай “Настаўніцкай газеты”, з якой яна сябруе амаль 80 гадоў.

— На той час гэта была першая ў раёне школа-дзесяцігодка, — пачынае гутарку Ніна Фёдараўна. — Будынак з чырвонай цэглы, трохпавярховы… Гэта быў сапраўдны палац, які выдзяляўся на фоне аднапавярховых драўляных дамоў. Памятаю, настаўніцкая знаходзілася на другім паверсе і выходзіла на шырокі прасторны балкон, на якім нашы педагогі падчас перапынку адпачывалі. Столькі гадоў прайшло, а вобразы тых настаўнікаў і цяпер у мяне перад вачыма, праўда, іх імёны і прозвішчы ўжо забыла. Некаторых настаўнікаў мы так любілі, што нават ха­дзілі сустракаць, калі яны ішлі на ўрокі, і праводзілі дадому з заняткаў. Была вялізная спартыўная зала, прышкольны ўчастак, спартыўная пляцоўка, абсталяваныя кабінеты фізікі, хіміі і нават жывы куток для малодшых класаў. Асаблівай адметнасцю школы быў духавы аркестр старшакласнікаў. Шкада, што не збераглі гэты будынак. Пасля адступлення немцаў ён узляцеў у паветра… Відаць, яго добра не праверылі мінёры.

Таццяна Кузьміч у гасцях у Ніны Цырыбка

Раздзяленне беларускіх зямель у 1921 годзе стала трагедыяй і для сям’і Ніны Фёдараўны. Па яе словах, мама да 1939 года часта плакала, бо была родам з-пад Баранавіч і на другім беразе Случы засталася ўся яе радня.

— Якое ж было для яе шчасце зноў сустрэцца з роднымі пасля 18 гадоў расстання! Найбольш яркія ўспаміны майго даваеннага дзяцінства звязаны не толькі з вучобай у прыгожым будынку школы, але і з пагранічнікамі. Літаральна за нашым плотам знаходзіліся казармы, і мы бачылі, як пагранічнікі выхо­дзяць на пастраенне. Быў там і стадыён, дзе яны часта праводзілі футбольныя матчы. Паглядзець на гульню збіраліся ўсе Жыткавічы. У час вайны гэтыя казармы, як і многія людскія дамы, былі знішчаны, — узгадала жанчына.

З Нінай Фёдараўнай (нядаўна яна адзначыла 98-ы дзень нараджэння) мы яшчэ абавязкова сустрэнемся на старонках “Настаўніцкай газеты” і паслухаем цікавы аповед пра развіццё адукацыі ў Жыткавічах у пасляваенны час.

Маляўнічыя мясціны

Каб трапіць з Жыткавіч у Ленін, трэба абавязкова пераехаць на іншы бок Случы. У мінулым стагоддзі цэлых 18 гадоў для простых беларусаў гэта было практычна немагчыма. Сёння ж па мосце праз раку Случ на трасе М10 кожны дзень праязджаюць сотні аўтамабіляў. Жыхары былой Усходняй Беларусі спакойна едуць да сваіх родных або сяброў у гарады і вёскі былой Заходняй Беларусі. Гэтак жа і жыхары Лунінца, Пінска прыязджаюць у Жыткавічы або старажытны Тураў. Будзем цаніць нашу магчы­масць жыць адзіным народам у адзінай дзяржаве і разам працаваць на яе будучыню!

І яшчэ: абавязкова прыедзьце на бераг Случы! Няважна, левы або правы. Вы дакладна палюбіце гэтыя маляўнічыя мясціны.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара і з архіва Ленінскай сярэдняй школы