Валянціна Люленка — аб прадукцыйным партнёрстве з вышэйшай школай і будучых сумесных праектах

- 12:01Планерка

Усе жыццёвыя прыступкі начальніка аддзела адукацыі Воранаўскага райвыканкама звязаны з родным раёнам. Аб тым, з якім настроем педагогі гэтага кутка Прынямоння пачалі новы навучальны год, і аб прадукцыйным партнёрстве з вышэйшай школай і будучых сумесных праектах расказала Валянціна Люленка.

— Вы ўзначальваеце сістэму адукацыі раёна з 2018 года. Што папярэднічала гэтаму этапу ў прафесіі?

— У маім працоўным стажы быў вопыт работы педагогам-арганізатарам, настаўнікам пачатковых класаў і дырэктарам Доцішскай сярэдняй школы, якая ў маю бытнасць атрымала фактычна новае дыханне — была рэарганізавана з базавай у сярэднюю і пера­ехала ў новы будынак. Шчыра кажучы, быў у маім жыцці і этап, калі ненадоўга разыхо­дзілася з педагогікай. Як аказалася, толькі дзеля таго, каб прыйсці да заканамернай высновы: не магу ўявіць сябе па-за гэтай прафесіяй.

З улікам папярэдняга вопыту добра разумею, з чаго складаецца і што сабой уяўляе праца настаўніка, намесніка дырэктара, кіраўніка. Гэта дапамагае ў справе выбудоўвання дыялогу з калегамі — людзьмі творчымі, ініцыятыўнымі.

— Як выглядае педагагічная сям’я Воранаўшчыны?

Свой шлях у прафесіі пракладваюць 524 педагогі. Стартавым у педагогіцы гэты год стаў для 17 маладых спецыялістаў. Што вельмі важна, 11 з іх — нашы выпускнікі. Увогуле, мы актыўна і мэтанакіравана рухаемся ў напрамку падрыхтоўкі для сябе кадраў. Толькі сёлета на педагагічныя спецыяльнасці ва УВА паступілі 18 нашых выпускнікоў. Прычым пяцёра — па мэтавых накіраваннях.

На карце вобласці наш раён далёка не самы вялікі ў адукацыйным зрэзе. Дастаткова сказаць, што для дзяцей у нас адчынены дзверы 15 школ і большая частка з іх — у сельскай мясцовасці. І ўсё ж толькі сёлета сярод 118 выпускнікоў раёна пяцёра атрымалі стабальныя вынікі на ЦТ і ЦЭ, усе медалісты пацвердзілі свае веды. З выпрабаваннямі ў цэнтралізаванай форме мы справіліся без нулявых вынікаў.

Працягваючы размову аб узроўні падрыхтоўкі навучэнцаў, адзначу яшчэ, што сёлета ў невялікай Пагародненскай школе ў нас пяць медалістаў і два стабальнікі. І гэта сярод усяго 20 выпускнікоў!

— Магчыма, у раёне сёння працуюць і вашы выпускнікі?

— Ёсць тыя, каго ў свой час вучыла ў тым ліку я. Загадчыцу дзіцячага сада ў Радуні, дырэктара Клайшанскай і Радунскай школ… Калі працавала педагогам-арганізатарам, усе яны былі актывістамі ў любых справах і пачынаннях. А гэта нагода для разважанняў пра тое, што жыццёвая пазіцыя яшчэ са школьных гадоў вызначае вышыню прафесійных памкненняў.

— Сістэма адукацыі Воранаўскага краю характарызуецца актыўным партнёрствам з вышэйшай школай.

— Гэта сапраўды так. Больш за 10 гадоў прадукцыйна сябруем з галоўным універсітэтам краіны — БДУ. А два гады назад наш раён заключыў дагавор аб супрацоўніцтве і з ГрДУ імя Янкі Купалы. Летась правялі сумесна з універсітэтам і Саюзам пісьменнікаў Беларусі маштабны літаратурна-краязнаўчы форум “Воранаўскія чытанні”. Матэрыялы па яго выніках зусім хутка выйдуць асобным зборнікам. Плануем прадоўжыць правядзенне гэтага форуму і пашырыць яго межы.

Да таго ж у гэтым годзе плануем дапоўніць наша трыадзінае літаратурнае супрацоўніцтва “сістэма адукацыі раёна — Саюз пісьменнікаў — універсітэт” яшчэ адной гранню. Мяркуем, што ўдзельнікам новага сумеснага праекта стане абласная бібліятэка імя Я.Ф.Карскага.

Дзякуючы супрацоўніцтву з ГрДУ, у мінулым годзе былі выпушчаны тры зборнікі серыі “Мая Воранаўшчына”. Сёлета плануем дапоўніць гэтую серыю выданнем зборніка “Воранаўшчына гумарыстычная”. Важна, што збіраюць фальклорны матэрыял для такіх зборнікаў разам са студэнтамі і нашы школьнікі. Такая сумесная работа — важны момант у справе выхавання пат­рыётаў.

Нельга не адзначыць шматгадовы вопыт супрацоўніцтва з кафедрай беларускай філалогіі Купалаўскага ўніверсітэта Канвелішскай сярэдняй школы, дзе добрай традыцыяй стала правя­дзенне сумеснага летніка вучняў і студэнтаў “Канвалія” і не толькі. Дарэчы, кожны год выпускнікі гэтай школы выбіраюць для паступлення педагагічныя спецыяль­насці.

— А што наконт супрацоўніцтва з вышэйшай школай на карысць развіцця лічбавай адукацыі?

Тут нам даўно ёсць чым ганарыцца. Яшчэ ў 2012 годзе раённым аддзелам адукацыі быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным універсітэтам. За гэты час набылі цікавы вопыт рэалізацыі эксперыментальных і інавацыйных праектаў пры тэхнічнай падтрымцы БДУ. Дзякуючы ўніверсітэту, Воранаўская сярэдняя школа атрымала першы мабільны камп’ютарны клас (21 ноўтбук) і інтэрактыўную дошку.

Двое навучэнцаў гэтай школы сё­лета чарговы раз сталі пераможцамі нацыянальнага этапу міжнароднай Scratch-алімпіяды па крэатыўным праграмаванні і былі ўзнагароджаны ў рамках цырымоніі ТІВО-2024.

У Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку толькі ў мінулым годзе прайшлі навучанне 14 школьнікаў раёна. Усяго ж на сённяшні дзень у нас 36 такіх дзяцей. Прычым дзевяць з іх удзельнікамі адукацыйных змен станавіліся не адзін раз.

— За поспехам вучня заўсёды стаіць педагог.

Цалкам згодна. У адным напрамку рухаемся разам з камандай неабыякавых і захопленых педагогаў, якія штогод маюць шэраг асабістых дасягненняў і ўзнагарод. У 2024 го­дзе, напрыклад, здала іспыт на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” Алена Чарнавус з Радунскай сярэдняй школы, педагог Воранаўскай сярэдняй школы Таццяна Пушнянкова ўзнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”, а яе калега Яўген Войшніс занесены на раённую Дошку гонару. Да таго ж упершыню сельская школа нашага раёна стала лепшай у вобласці па выніках работы ў 2023 годзе — гэта Доцішская сярэдняя школа.

У нас ёсць педагогі, якія рыхтуюць алімпіяднікаў, прызёраў навукова-практычных канферэнцый рэспубліканскага ўзроўню. У іх велізарны патэнцыял. З моцнай камандай нам многае пад сілу і шмат цікавага наперадзе.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара