Кіраўнікі ўстаноў адукацыі расказалі, як сёлета школы і дзіцячыя сады паўдзельнічалі ў праекце «Сад надзеі»

- 13:20Новости

Не першы год у Беларусі праходзіць рэспубліканская акцыя па зборы ўраджаю пладовых садоў у рамках праекта “Сад надзеі”. Як у гэтым годзе школы і дзіцячыя сады краіны паўдзельнічалі ў патрыятычнай справе,  карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пацікавіліся ў кіраўнікоў устаноў адукацыі.

Сяргей Анішчанка, дырэктар Салтаноўскай сярэдняй школы Рэчыцкага раёна:

Яшчэ ў 1990-х гадах, калі школа толькі будавалася, была спроба стварыць тут свой сад. Сёння ў нас 50 маладых саджанцаў, акрамя старога саду.

У 2021 годзе ў рамках акцыі “Сад надзеі” наш педагагічны калектыў пасадзіў 23 маладыя яблынькі. С той пары ў калектыву з’явілася дзе­цішча, якое патрабуе дбайнага догляду. Наш малады сад знаходзіцца пад наглядам дзяцей і дарослых: летам праполваем, беражом ад засухі, зімой — ад няпрошаных гасцей, вясной белім дрэўцы, увосень рыхтуем іх да зімоўкі. Для нас важна навучыць дзяцей любіць родную зямлю, клапаціцца аб ёй праз догляд маладога саду.

Пры гэтым у старым садзе мы штогод збіраем нядрэнныя ўраджаі. Прычым кожнае дзіця ўдзельнічае ў акцыі. Нават два кошыкі яблыкаў ад першакласніка — гэта ўжо вынік і першы крок да патрыятызму і працы на карысць школы. Трэба адзначыць, што яблыкі мы не выкарыстоўваем непасрэдна ў школьным харчаванні, але сродкі ад рэалізацыі ўраджаю на­кіроўваем на патрэбы навучальнай установы.

У гэтым годзе ўраджай склаў каля 2,5 тоны, што ў грашовым эквіваленце больш за 600 рублёў. Сродкі пайшлі на набыццё спартыўнага інвентару, а калі больш дакладна — баскетбольных і футбольных мячоў, ракетак для тэніса.

Догляд саду вельмі аб’ядноўвае калектыў педагогаў, дзяцей і бацькоў. Таму асобная падзяка бацькам, якія з разуменнем ставяцца да акцыі і прымаюць актыўны ўдзел у гэтай пачэснай справе і такім чынам далучаюць дзяцей да працы, прывіваюць любоў да Бацькаўшчыны!

Людміла Барысевіч, загадчыца Нікіціхінскага дзіцячага сада Шумілінскага раёна:

— Мы таксама паўдзельнічалі ў рамках акцыі ў добрай справе. Вялікага саду ў нас, на жаль, няма, але ёсць старая яблыня, якая кожны год радуе сваім ура­джаем. У гэтым го­дзе, праўда, з-за ўмоў на­двор’я яблыкаў мала, мы сабралі ўсяго крыху больш за 2 кілаграмы пладоў, але сімвалічна, што яны з нашага ўчастка.

Усю прадукцыю з прысядзібнага ўчастка мы правя­раем у лабараторыі на прадмет прыдатнасці для дзіцячага харчавання. І падчас аднаго з прыёмаў ежы малышы пачаставаліся яблычкамі з роднага дрэва.

Наша яблыня з’яўляецца равесніцай дзіцячага сада, ёй амаль 50 гадоў. Яблыкі кісла-салодкія, на выгляд вельмі прыгожыя, роўненькія.

Нашым выхаванцам заўсёды цікава паўдзельні­чаць у зборы ўраджаю. Кожны хоць па яблычку ды збярэ. Я ўпэўнена, што такія акцыі вельмі патрэбны дзецям, нават такім маленькім, як нашы, бо гэта залог іх беражлівых адносін да прыроды і любові да роднага краю.

Аксана Дудзюк, дырэктар Бярозаўскай базавай школы імя А.М.Застаўнага:

— У акцыі мы прымаем удзел з 2021 года. На тэрыторыі нашай школы два сады — стары, які быў пасаджаны ў 1976 годзе, і новы, які заклалі ў 2009 годзе. Старому саду амаль палова стагоддзя, засталося ад яго 14 дрэў. Гэта самыя смачныя яблыкі знаёмых з дзяцінства гатункаў, такіх як “антонаўка”, “малінаўка”, “ранеткі”. У новым садзе мы сабралі больш сучасныя гатункі яблыкаў — “аркада”, “асілак”. У межах акцыі ў 2021 го­дзе пасадзілі 11 дрэў, потым дасадзілі 6 кустоў парэчак і два дзясяткі кустоў малін.

У гэтым годзе сабралі каля 1,2 тоны яблыкаў. Адзначу, што нарыхтоўка пладоў ажыццяўляецца як для харчавання, так і для рэалізацыі. На атрыманыя сродкі набываем для школы неабходныя рэчы, напрыклад, інвентар, будаўнічыя матэрыялы для рамонту школы і г.д.

Калі гаварыць пра збор ураджаю, то найбольш актыўны ўдзел у гэтай справе прымаюць вучні 8—9 класаў. Шмат работы і па доглядзе саду: прыбіраем смецце, лісце, абразаем сухое галлё, белім дрэвы, мульчыруем глебу, выконваем праполку. Імкнёмся да акцыі прыцягваць і вучняў 6—7 класаў, якія ў межах гадзін працоўнага выхавання даглядаюць сад, бо збіраюць ураджай толькі вучні старшых класаў.

На мой погляд, акцыя “Сад надзеі” — вельмі важная справа. Гэта выдатная магчымасць далу­чыць дзяцей да працы і прывіць ім любоў да роднай зямлі, заціка­віць нечым, акрамя гаджэтаў, а яшчэ падтрымаць сувязь пакаленняў.

Марына Іваноўская, дырэктар Ленінскай сярэдняй школы Бабруйскага раёна:

Наш сад яшчэ вельмі малады. Мы яго пасадзілі ў рамках акцыі “Сад надзеі”. У Год народнага адзінства ўсім вялікім калектывам — дзеці, настаўнікі, баць­кі — пасадзілі 56 яблынь. На працягу года разам даглядаем наш маладняк. Зімой беражом ад зайцоў, летам — ад спёкі, вясной белім стволікі, мульчыруем глебу, выконваем праполку, восенню ўкрываем ад звяроў. У 2022 годзе, у Год гістарычнай памяці, дасадзілі яшчэ 35 яблынь.

У акцыі ўдзельнічалі ўсе дзеці, нават першакласнікі. Паказальна, што ні адна яблынька не прапала. Толькі заяц у першы год знішчыў кару маладога дрэўца, таму пасля гэтага для кожнага саджанца робім спецыяльныя футлярчыкі з пластыку.

Гатункі яблынь у нас розныя — летнія, зімовыя. Вучням вельмі падабаецца працэс догляду нашага агульнага дзецішча. Яны назіраюць за кожнай кветачкай, лісточкам.

Акрамя саду надзеі, у нас ёсць яшчэ сад памяці, які быў закладзены ў 1980—1990-х гадах мінулага стагоддзя па-за тэрыторыяй школы. Кожная яблынька там сімвалізуе вяскоўца, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, ці воіна-інтэрнацыяналіста, які аддаў жыццё падчас выканання інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістане. У садзе памяці пасвячаем школьнікаў у піянеры, на 9 Мая праходзяць святочныя ўрачыстасці.

Таццяна Лапаціна
Фота на прэўю з архіва рэдакцыі, носіць ілюстрацыйны характар