Дырэктар школы Марына Блахіна паспяхова сумяшчае работу, самарэалізацыю і выхаванне пяці дзяцей

- 10:04Новости

Быць педагогам і кіраўніком — няпроста. А калі ты яшчэ і мнагадзетная мама, то становіцца ў разы складаней. Але для дырэктара Добраўскай сярэдняй школы Горацкага раёна Марыны Блахіной сям’я — крыніца натхнення. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З мужам, Аляксандрам Пятровічам, Марына Валер’еўна гадуе двух сыноў і трох дачок. Дзеці для іх — галоўнае жыц­цёвае багацце. Мнагадзетнымі сталі свядома. 

— Калі пажаніліся, проста вырашылі: дзяцей будзе колькі Бог дасць. Улічваючы нюансы ў здароўі, бясконца ўдзячныя за сыноў і дачушак. Бо гэта — невычэрпная кры­ніца для радасці, — паведаміла Марына Блахіна.

Першага сына Кірыла Марына Валер’еўна нарадзіла ў 2005 годзе. Зараз сур’ёзнаму, разважліваму юнаку амаль 20, ён студэнт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, асвойвае настаўніцкую прафесію.

— Кірыл ужо зусім дарослы, але і цяпер памятаю тыя неверагодныя пачуцці, якія адчула, узяўшы яго на рукі. Менавіта тады і прыйшло разуменне, што хачу яшчэ дзяцей, — падзялілася Марына Блахіна.

Услед за Кірылам на свет з’явілася Ульяна. Потым Яўгенія, Аляксандра, а за ёй і самы малодшы — Савелій.

— Нягледзячы на тое, што яны браты і сёстры, дзеці зусім не падобныя адно да аднаго. Усе непаўторныя, са сваімі індывідуальнымі рысамі характару, — гаворыць Марына Валер’еўна.

Ульяна — актыўная, удзельнічае ў розных творчых конкурсах, паспяхова праяўляе сябе ў алімпіядным руху. Яўгенія, наадварот, стрыманая, заўсёды сабраная. Дзяўчынка захапляецца маляваннем, на­ведвае мастацкую школу.

— Саша цікавіцца ўсім і адразу. Рухавая і рознабаковая, яна паспявае вучыцца ігры на домры, спяваць у хоры, кулінарыць, займацца харэаграфіяй і валейболам. Савелій у нас яшчэ дашкольнік. Далікатны, ласкавы — ён як маленькі праменьчык святла ў сям’і, — расказала Марына Блахіна.

З пяццю дзецьмі штодзень у Марыны Валер’еўны мноства клопатаў. Спраўляцца з чарадой бытавых праблем дапамагае муж. Усю хатнюю працу яны дзеляць паміж сабой. Ра­зам займаюцца выхаваннем сыноў і дачок.

— Стараемся гадаваць дзяцей добрымі, прыстойнымі, сумленнымі людзьмі. Упор робім на фарміраванне працавітасці. Ва ўсіх у сям’і ёсць свае абавязкі. Не па чутках нашы дзеці знаёмы і з сельскай працай. У бабулі ў вёсцы яны даглядаюць хатнюю гаспадарку, вырошчваюць ураджай на агародзе. Важна, што за любыя справы мы заўсёды бяромся разам. Асабістым прыкладам паказваем з мужам значнасць згуртаванасці, сумеснага пераадолення цяжкасцей. Ды і ў цэлым стараемся быць для сыноў і дачок арыенцірам. Бо перакананы: выхаваць якасці, якіх няма ў бацькоў, немагчыма, — адзначыла Марына Блахіна.

Па меркаванні Марыны Валер’еўны, вялікую ролю ў выхаванні адыгрываюць традыцыі. Па вечарах бацькі і дзеці нязменна збіраюцца за агульным сталом, каб абмеркаваць тое, што адбылося за дзень, падзяліцца навінамі.

— Перыядычна ходзім і ў храм. Прывіваем сынам і дочкам хрысціянскія каштоўнасці, вучым іх міласэрнасці і цярпімасці да блізкіх, — заўважыла Марына Блахіна.

Сям’я і дзеці для Марыны Валер’еўны на першым месцы. Аднак і работа мае вялікае значэнне. Быць толькі хатняй гаспадыняй і развітацца з прафесіяй яна не змагла.

— Жанчыне патрэбен як сямейны ачаг, так і самарэалізацыя. У поўнай меры не адбыла ніводнага дэкрэтнага водпуску. Калі дзеткі падрасталі, іх даглядала бабуля, а я вярталася ў педагогіку. Даволі доўга выкладала беларускую мову і літаратуру. Пасля працавала намеснікам дырэктара. А напярэдадні бягучага навучальнага года ўступіла на пасаду кіраўніка. Пакуль праходжу перыяд адаптацыі, перыядычна ўзнікаюць пэўныя цяжкасці, аднак мне вельмі дапамагае калектыў. Школа ў нас невялікая, але навучэнцы паказ­ваюць даволі высокі ўзровень ведаў, вынікова ўдзельнічаюць у конкурсах, спаборніц­твах, алімпіядах. Асабліва ганарымся тым, што ў дарослае жыццё вучні выходзяць духоўна сталымі, з выразнай грамадзянска-пат­рыятычнай пазіцыяй, — падкрэсліла Марына Блахіна.

Акрамя педагагічнай, яна займаецца і грамадскай дзейнасцю — уваходзіць у склад раённага Савета дэпутатаў. У вырашэнні працоўных задач Марына Блахіна знахо­дзіцца бесперапынна, але любую вольную хвілінку прысвячае сынам і дочкам: кожнага паспявае акружыць увагай, цеплынёй і любоўю. За годнае выхаванне дзяцей не так даўно была ўзнагароджана ордэнам Маці.

— Узнагароду атрымлівала з трапятаннем. Для жанчын, якія вырашылі мець шмат дзяцей, укладваць у іх часцінку сваёй душы, гэта знакавая падзяка ад дзяржавы. Шчырую ўдзячнасць хочацца выказаць кіраўніцтву краіны за каласальную падтрымку мнага­дзетных сем’яў. Дзярждапамогу атрымліваем пастаянна, што вельмі каштоўна, — падзялілася Марына Валер’еўна.

Сёння Марына Блахіна лічыць сябе шчаслівым чалавекам. На яе думку, шчасце на самай справе заключаецца ў звычайных простых рэчах.

— Усведамляць, што работа прыносіць задавальненне, што дом і сям’я — твой на­дзейны тыл. Хіба ж гэта не шчасце? — выказала ўпэўненасць суразмоўніца.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара