Пакаленне Альфа патрабуе ад педагогаў новых падыходаў у навучанні, упэўнена педагог-псіхолаг Таццяна Говар

- 15:25Новости, Психолог в школе

Адна з праблем сённяшняй адукацыі — нежаданне дзяцей вучыцца. Часты запыт на работу педагога­псіхолага ад педагогаў і бацькоў: “Дзіця не хоча вучыцца. Дапамажыце. Не ведаю ўжо, што з ім рабіць”.

Нарадзіліся з планшэтамі і смартфонамі

І бацькі, і педагогі адзіныя ў меркаванні, што сучасныя дзеці іншыя. Яны адрозніваюцца ад папярэдніх пакаленняў. Так! Дзеці іншыя! Гэта новае пакаленне, якое называюць пакаленнем Альфа. (Гэты тэрмін быў прапанаваны аўстрыйскім сацыёлагам Маркам Маккрындлам для абазначэння новага пакалення, народжанага пасля 2010 года.) Гэта дзеці, у якіх сучасныя тэхналогіі сталі часткай штодзённага жыцця. Яны нарадзіліся ўжо з планшэтамі і смартфонамі. Для эфектыўнага навучання і зносін з сучаснымі школьнікамі дарослым неабходна ўлічваць асаблівасці гэтага новага пакалення.

Адной з асаблівасцей пакалення Альфа з’яўляецца яго высокі ўзровень тэхналагічнай дасведчанасці. Сучасныя дзеці самастойна баразняць прасторы інтэрнэту, замест традыцыйных падручнікаў аддаюць перавагу відэаўрокам або анлайн-курсам. Яны валодаюць больш развітымі навыкамі мультымедыя і візуальнай камунікацыі, умеюць хутка адаптавацца да новых тэхналогій і любяць выкарыстоўваць візуальныя матэрыялы (фота, відэа і г.д.) для перадачы сваіх думак і пачуццяў. Гэтыя дзеці думаюць інакш, успрымаюць інфармацыю па-іншаму, у іх іншыя каштоўнасці і прыярытэты.

Даследаванне Microsoft паказала, што з-за велізарнага патоку інфармацыі, які абрушваецца на іх штодзень, працягласць канцэнтрацыі ўвагі ў сучасных дзяцей складае ўсяго 8 секунд, што на 4 секунды менш, чым у прадстаўнікоў папярэдняга пакалення Z.

Таму дзецям Альфа нельга даваць вялікія фармулёўкі заданняў ці тэксты. Яны лепш разумеюць намаляваныя вобразы, чым словы, хутчэй улоўліваюць інфармацыю праз карцінкі, відэа, анімацыю. Гэта вызначае іх від успрымання як кліпавае. Вялізныя тэксты без карцінак не прыцягваюць увагі, цяжкія для чытання і запамінання, здаюцца ім сумнымі і неэфектыўнымі.

Адным з ключавых адрозненняў сучасных школьнікаў з’яўляецца іх высокая інфармаванасць. Сучасныя дзеці атрымалі доступ да велізарнага аб’ёму інфармацыі. Яны лёгка знаходзяць адказы на свае пытанні, вывучаюць цікавыя для іх тэмы без удзелу бацькоў ці настаўнікаў.

Дзеці пакалення Альфа хочуць быць не пасіўнымі назіральнікамі, а актыўнымі ўдзельнікамі працэсу навучання. Ім важная магчымасць узаемадзейнічаць з інфармацыяй, задаваць пытанні, выказваць сваё меркаванне.

Сучасныя дзеці не хочуць удзя­ляць увагу вялікім задачам, таму што гэта сумна і патрабуе часу. З-за маларухомага ладу жыцця яны лічацца фізічна аслабленымі. Альфа могуць адчуваць праблемы са сном з-за доўгага выкарыстання смартфонаў, а таксама пакутаваць ад некаторых псіхалагічных праблем, такіх як залежнасць ад сацыяльных сетак.

Ад ведаў да кампетэнцый

Пры навучанні ў школе неабходна развітая адвольная ўвага, а ў дзяцей Альфа — гэта слабае звяно. Таму гэтае пакаленне трэба вучыць, абапіраючыся на іх адвольную ўвагу. Гэта аб’ектыўная данасць, і мы нічога не зможам з гэтым зрабіць. А для многіх педагогаў і бацькоў менавіта такі падыход стварае цяжкасці ў выкладанні. Адсюль узнікае шмат канфліктаў паміж дзецьмі і педагогамі. Але дарослыя не павінны паказваць свой гнеў і незадаволе­насць. Іх задача — вучыць дзіця так, каб яму было цікава і зразумела. Самае галоўнае — падабраць патрэбныя метады выхавання і навучання. Аднак, на мой погляд, школа не гатова прыстасоўвацца да сучаснага дзіцяці. Для гэтага трэба перайсці ад перадачы ведаў да развіцця кампетэнцый. Але ў школьнікаў па-ранейшаму “запіхваюць” вялізныя аб’ёмы інфармацыі, таму расце колькасць школьных неўрозаў сярод навучэнцаў. Дзеці страчваюць цікавасць да вучобы, а педагогі і бацькі пагражаюць, што пры нездавальняючых адзнаках дзіця застанецца на паўторны год навучання. Дзіця вымушана вучыцца ў сістэме, якая не прыстасавана да яго спосабу ўспрымання і камунікацыі, і на яго яшчэ ціснуць з усіх бакоў. Гэта з’яўляецца сур’ёзнай праблемай для сучаснай адукацыі.

Калі мы не павернемся тварам да дзяцей, то наступствы будуць сур’ёзнымі!

Разуменне і павага іх тэхналагічнай дасведчанасці, асаблівасцей увагі і мыслення, самастойнасці і пераваг у зносінах дапамогуць палепшыць камунікацыю з імі і забяспечыць падтрымку, у якой яны так маюць патрэбу. Важна разумець, што мы маем справу не з праблемай, якую трэба выра­шыць любым спосабам, а з новым відам ін­тэлекту, які патрабуе да сябе асаблівага стаўлення.

Візуалізацыя ў дапамогу

Як жа можна дапамагчы дзецям засвойваць веды ў школе? Улічваючы асаблівасці новага пакалення, патрэбны такія метады навучання, якія б не пагаршалі здароўе дзяцей, а дапамагалі ім лёгка засвойваць веды. Старыя метады навучання, заснаваныя на пасіўным атрыманні інфармацыі, ужо не працуюць. Таму трэба пазбавіцца класічных метадаў зносін з дзецьмі, такіх як устанаўленне доўгіх сур’ёзных размоў ці спробы данесці інфармацыю праз прадастаўленне фактаў і аргументаў.

Часта настаўнікі гавораць: “Я ім тлумачу, тлумачу, а яны не чуюць!” Так, не чуюць! Таму што яны па-іншаму размаўляюць! І гэта не павінна дарослых крыўдзіць. Сучасныя дзеці выкарыс­тоўваюць імпульсіўныя і імгненныя камунікацыі сродкамі інтэрнэту. Яны часта маюць зносіны ў чатах, гуля­юць у анлайн-гульні і ўдзельніча­юць у інтэрнэт-суполках. Такі від зносін не адрозніваецца значнасцю, глыбінёй і працягласцю, і гэта ўплывае на іх здольнасць камунікацыі ў рэальным жыцці. Таму гаварыце коратка і па сутнасці. Без гэтага дарослага “Вось я ў твой час…”. Сучаснае дзіця ўжо не можа жыць у ваш час.

Проста сядзець за партай з падручнікам Альфа-дзіцяці будзе сумна. Важна пераходзіць ад традыцыйных метадаў да інтэрактыўнага навучання.

З-за нізкай канцэнтрацыі ўвагі на ўроках неабходна выкарыстоўваць візуалізацыю ў працэсе навучання: выявы, кароткія відэа, табліцы, схемы. Выкарыстоўвайце яркія прэзентацыі, відэаўрокі, інтэрактыўныя карты, вучэбныя гульні і дадаткі. Гэта дапаможа дзецям лягчэй засвойваць матэрыял і ўтрымліваць увагу. Можна выкарыстоўваць гейміфікацыю навучання. Укараненне гульнявых механік у вучэбны працэс — адзін з самых эфектыўных спосабаў захапіць Альфа-дзяцей. Выкарыстоўвайце элементы гульні, арганізоўвайце тэматычныя квесты. Адмоўцеся ад доўгіх апавяданняў і аднастайных заданняў. Усю інфармацыю дзяліце на кавалачкі, выціскайце лішняе і структуруйце. Не давайце вучням сумаваць і хутка пераключайцеся паміж задачамі. У працэсе ўрока варта праводзіць размінкі. І не толькі ў малодшых класах. Размінкі дапамагаюць расслабіцца пасля напружанай разумовай работы, каб узяцца за новую.

Таксама можна выкарыстоўваць матыватары, мемы, кароткія смешныя відэа. Галоўнае, памятаць, што задача такіх практыкаванняў — разгрузіць мозг і пераключыцца на новае заданне, паколькі пры высокай напружа­насці можа ўзнікнуць часовае тармажэнне — гэта ахоўная рэакцыя цэнтральнай нервовай сістэмы на перагрузкі. Каб прыцягнуць увагу дзяцей, неабходна тлумачыць ім складаныя тэмы ў зручных прывычных для іх фарматах. Вось тут і спатрэбяцца мемы. Устаўляйце жартоўныя карцінкі ў прэзентацыі, падпісвайце выявы забаўнымі фразамі, якія аднолькава можна аднесці і да выявы, і да тэмы ўрока. Гэта зацікавіць вучняў, павысіць іх канцэнтрацыю ўвагі і дапаможа новаму матэрыялу хутчэй засвоіцца.

Зносіны на аднолькавых правах

Яшчэ адна асаблівасць Альфа-дзяцей — гэта тое, што ў іх няма навыкаў рэальнай камунікацыі. Школьнікі на перапынку, скупіўшыся, усё роўна глядзяць у свае мабільныя ўстройствы. Двое сядзяць побач, і паміж імі адбываецца дыялог: “Я табе карцінку смешную ў WhatsApp адправіў, пагля­дзі”. Другі: “О, так. Я табе адказаў”. Вось і пагаварылі. Яны не камуніцыруюць рэальна, і гэты навык паступова сыходзіць. Арганізоўвайце мазгавыя штурмы, дыспуты, аб’ядноўвайце вучняў у групы для работы над праектамі. Работа над праектамі развівае кры­тычнае мысленне, крэатыўнасць, уменне працаваць у камандзе. Вучыце іх канструктыўна спрачацца і адстойваць свой пункт гледжання.

Сучасныя дзеці маюць патрэбу ў пастаяннай матывацыі і падтрымцы. Яны імкнуцца да поспеху, і крытыка ці негатыўныя выказванні могуць нанесці сур’ёзную шкоду іх самаацэнцы. У зносінах з вучнямі трэба знахо­дзіць спосабы заахвочвання і пахвалы. Асабліва калі крытыка накіравана на ўзровень іх адзнак, знешнасць ці асобасныя рысы. Замест гэтага старайцеся знаходзіць у вучнях станоўчыя бакі, падтрымлівайце іх у іх дасягненнях і інтарэсах.

Альфа-дзеці не ўспрымаюць аўтарытарны стыль зносін. Размаўляйце з імі як роўныя, паважайце іх меркаванне, заахвочвайце дапытлівасць. Давер, павага, узаемаразуменне — менавіта гэтыя якасці з’яўляюцца ключавымі ў выхаванні і навучанні дзяцей пакалення Альфа. Быць на адной хвалі з дзецьмі сёння не так складана, калі проста прыняць іх асаблівасці і ўнікальнасць.

Звяртайцеся да сучасных методык, рабіце ўрокі інтэрактыўнымі і асноў­вайцеся на інтарэсах дзяцей. Гэта дапаможа развіць іх дапытлівасць і матывацыю да навучання, а ў вас не будзе праблем з дысцыплінай на ўроку.

Таццяна ГОВАР,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 13 Жлобіна імя В.В.Гузава
Фота Алега ІГНАТОВІЧА