Раскрыць выхаваўчы патэнцыял урока. Вопыт настаўніцы хіміі Ганны Гарасімчык

- 12:16Образование

Каб раскрыць выхаваўчы патэнцыял урока, настаўніца хіміі і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Ліды Ганна Гарасімчык вучыць дзяцей прымяняць атрыманыя веды ў жыцці і ў змест задач і заданняў уключае рэгіянальны і нацыянальны кампанент. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сярэдняя школа № 1 Ліды прымае ўдзел у рэалізацыі рэспубліканс­кага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі развіцця кампетэнтнасці педагогаў у фарміраванні нацыянальнай ідэнтычнасці навучэнцаў”.

У рамках інавацыйнай дзейнасці за апошнія два гады Ганна Іванаўна распрацавала 40 кантэкставых задач і заданняў па хіміі рознага ўзроўню складанасці. Усе яны накіраваны на фарміраванне нацыянальнай ідэнтычнасці вучняў, дэманструюць узаема­сувязь вучэбнага матэрыялу з рознымі аспектамі жыцця беларуса: гісторыяй, медыцынай, прамысловасцю нашай краіны і практычнай дзейнасцю. У гэтых заданнях гаворыцца пра ролю рэчываў у жыцці чалавека і грамадства, апісваюцца канкрэтныя сітуацыі, якія патрабуюць аналізу, асэнсавання і тлумачэння або выбару спосабу дзеяння. Тэкст кантэкставай задачы, пытанні і заданні спалучаюць у сабе элементы розных стыляў: мастацкага, размоўна-бытавога і навуковага. Для паспяховага іх вырашэння неабходна добра ведаць змест адпаведнага параграфа падручніка і ўмець прымяніць гэтыя веды ў сітуацыі, апісанай у задачы.

— Чаму б не стварыць кантэкставую задачу па хіміі, звязаную з ваеннай справай? У нашай школе на працягу 12 гадоў функцыянуюць ваенна-пат­рыятычныя класы пагранічнай накіраванасці, — адзначае педагог. — Мы актыўна супрацоўнічаем з Лідскім пагранічным атрадам. На базе вайсковай часці 1234 праводзяцца ўрокі памяці і мужнасці, практычныя заняткі па агнявой, тактычнай і тапаграфічнай падрыхтоўцы, тэматычныя сустрэчы. Вучні знаёмяцца з асаблівасцямі ваеннай службы, гісторыяй пагранатрада, сустракаюцца з ветэранамі пагранслужбы і з тымі, хто сёння стаіць на варце рубяжоў Беларусі.

Звернемся да гістарычнага кантэксту. Лідскі пагранічны атрад утвораны 31 ліпеня 1997 года. Знамянальнай падзеяй у жыцці асабовага складу часці стала ўручэнне баявога сцяга 25 жніўня 1998 года. Канчаткова ўчастак дзяржаўнай мяжы, які знаходзіцца ў зоне адказнасці Лідскага пагранічнага атрада, сфарміраваўся да 27 жніўня 2005 года. Яго працягласць складае 184,5 км, у тым ліку сухапутнага ўчастка — 111,5 км, рачнога — 66 км, азёрнага — 7 км.

Пераходзім непасрэдна да заданняў па хіміі. У ваеннай справе для перадачы каманд і апавяшчэння выкарыстоўваюцца сігнальныя ракеты, якія гараць яркім белым полымем. Яно з’яўляецца ў выніку рэакцыі парашкападобных алюмінію і KClO3. Прадуктамі гэтага пераўтварэння з’яўляюцца аксід алюмінію і хларыд калію. Даюцца наступныя заданні:

а) метадам электроннага балансу расстаўце каэфіцыенты ва ўраўненні гэтай рэакцыі;

б) разлічыце масу алюмінію, які прарэагуе з рэчывам KClO3 масай 24,5 г.

— Формы заданняў могуць быць рознымі. Асаблівую цяжкасць у дзяцей выклікаюць разліковыя задачы, — адзначае Ганна Іванаўна. — Прымяненне практыка-арыентаваных заданняў, уключэнне ў задачы жыццёвых сітуацый дапамагаюць у пераадоленні цяжкасцей, матывуюць вучняў. Часам дастаткова ўдзяліць такому выхаваўчаму моманту 2—3 мінуты на ўроку, каб абудзіць у дзіцяці цікавасць рухацца далей. Кантэкставыя задачы дапамагаюць у прафарыентацыйнай ра­боце.

Так, вывучаючы рэакцыі злучэння, раскладання, замяшчэння і абмену, навучэнцы знаёмяцца з дзейнасцю аднаго з лідараў малочнай галіны ў Беларусі — прадпрыемства “Молочный Мир”, яго гісторыяй і дасягненнямі. Яно ўваходзіць у топ-3 па вытворчасці сыроў на тэрыторыі нашай краіны. У гэтым працэсе выкарыстоўваецца нітрат натрыю як кансервант (Е251). Ён дзейнічае як бактэрыцыдны сродак, прыгнятаючы рост некаторых бактэрый, прадухіляючы разрывы і расколіны ў галоўках сыру. Ганна Іванаўна прапаноўвае вучням заданні рознага ўзроўню складанасці:

1 (1—2 балы). Складзіце формулу кансерванта E251.

2 (3—4 балы). Разлічыце малярную масу нітрату натрыю.

3 (5—6 балаў). Разлічыце масу порцыі, якая змяшчае 3 моль нітрату нат­рыю.

4 (7—8 балаў). Чаму роўная колькасць малекул у порцыі нітрату нат­рыю масай 8,5 г?

5 (9—10). Вылічыце масу кіслароду ў порцыі нітрату натрыю масай 4,25 г.

6*. Вылічыце масавую долю азоту ў нітраце натрыю.

Ганна Іванаўна акцэнтуе ўвагу вучняў на захаванні тэхнікі бяспекі пры знаходжанні на мелавых кар’ерах, або так званых беларускіх Мальдывах, катэгарычнай забароне на купанне ў такіх месцах. Мел — мяккая, порыстая ападкавая горная парода, адна з форм вапняку, якая складаецца з мінералу кальцыту. Ён лёгкі і сыпкі, таму на кар’ерах існуе вялікая небяспека абсыпання глебы.

Радовішчы мелу размешчаны ў асноўным на ўсходзе Беларусі, але сустракаюцца і на захадзе. Самы вядомы мелавы кар’ер знаходзіцца побач з Ваўкавыскам. Аснову хімічнага саставу мелу складае карбанат кальцыю. Вучням прапаноўваецца скласці формулу асноўнага кампанента мелу, затым разлічыць масу карбанату кальцыю ў навесцы хімічнай колькасцю 4 моль і колькасць формульных адзінак, якія знаходзяцца ў порцыі, што змяшчае 15 г карбанату кальцыю.

— Пры вывучэнні прымянення злучэнняў крэмнію вучні даведваюцца аб дзейнасці шклозавода “Нёман” у Бярозаўцы, дзе традыцыі вытворчасці шкла і хрусталю закладзены з 1883 года, а сёння асартымент прадпрыемства прадстаўлены 5 тысячамі вырабаў. Калі гаворым пра ўласцівасці аміяку, на памяць прыходзіць вядомы завод “Гродна Азот”, дзе выпускаецца каля 50 найменняў хімічнай прадукцыі, — расказвае педагог. — Пра існаванне некаторых прадпрыемстваў не кожны вучань нават здагадваецца. Напрыклад, “БелВітуніфарм” — вядучы вытворца вакцын, сываратак і фармакалагічных ветэрынарных прэпаратаў у Беларусі і краінах СНД. Тут, у прыватнасці, вырабляюць ёд 5-працэнтны спіртавы.

Дзецям можна прапанаваць наступныя задачы: разлічыць масу ёду, які пайшоў на прыгатаванне раствору (4 кг 5-працэнтнага спіртавога раствору ёду); даведацца, колькі трэба дабавіць спірту да прапанаванага раствору (592 г 16-працэнтнага раствору ёду ў спірце), каб атрымаць 5-працэнтны раствор.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота на прэўю з архіва рэдакцыі,
выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі