Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж РІПА і Мінадукацыі Архангельскай вобласці падпісалі ў Віцебску

- 10:01Новости

Актуальныя пытанні кадравай палітыкі ў будаўнічай галіне абмеркавалі прадстаўнікі Віцебскага аблвыканкама, Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай, профільных каледжаў і прадпрыемстваў паўночнага рэгіёна на семінары-нарадзе. Сустрэча прайшла на базе Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Сярод задач, вынесеных на парадак дня, — павышэнне эфектыўнасці ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі з заказчыкамі кадраў і бесперапыннай падрыхтоўкі спецыялістаў па скарочаных праграмах на ступенях прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Таксама былі скаардынаваны далейшыя сумесныя крокі па ўдасканальванні арганізацыі практык, прафарыентацыйнай дзейнасці, замацаванні выпускнікоў на першым рабочым месцы.

Па словах рэктара РІПА Валерыя Галубоўскага, такія сустрэчы вельмі важныя, гэтая работа комплексна праводзіцца ў абласцях і на рэспубліканскім узроўні. Варта адзначыць, што Віцебск раней за іншыя рэгіёны праявіў ініцыятыву на тое, каб пры кансалідуючым удзеле абласной улады на сістэмнай аснове арганізоўваць падобныя пляцоўкі. Яны неабходныя для пошуку канструктыўных рашэнняў і каардынацыі дзеянняў усіх зацікаўленых у павышэнні якасці падрыхтоўкі кадраў. На семінары-нарадзе прагучаў шэраг значных прапаноў, напрыклад, па фарміраванні праграмы падрыхтоўкі для спецыялістаў кадравых службаў прадпрыемстваў у кантэксце ключавых момантаў партнёрства з сістэмай адукацыі. Па некаторых прапановах можа быць унясенне дапаўненняў у змест дзеючых адукацыйных праграм, у тым ліку ў дачыненні модуляў складання каштарысаў у аўтаматызаваным рэжыме пры вывучэнні праграмных прадуктаў.

Пры падпісанні пагаднення аб супрацоўніцтве паміж РІПА і Міністэрствам адукацыі Архангельскай вобласці, якое таксама адбылося на базе Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа, В. Галубоўскі адзначыў актыўны рост эфектыўнага ўзаемадзеяння ў сферы прафадукацыі паміж гэтым расійскім рэгіёнам і нашай краінай. У прыватнасці, за 2023 г. больш за 20 прадстаўнікоў Архангельскай вобласці прайшлі навучанне ў РІПА, які з’яўляецца базавай арганізацыяй дзяржаў — удзельніц СНД па прафпадрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў у сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Сёлета маладыя прафесіяналы з Магілёўскага дзяржаўнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П. Арлоўскага і філіяла РІПА «Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя акадэміка М.С. Высоцкага» прынялі ўдзел у конкурсах прафмайстэрства ў Архангельску і вярнуліся з бронзавымі медалямі. Акрамя таго, заключаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж Капыльскім дзяржаўным каледжам і архангельскім Тэхнікумам будаўніцтва і гарадской гаспадаркі.

— Прадметам цяперашняй дамоўленасці з’яўляюцца павышэнне кваліфікацыі педагагічных кадраў каледжаў Архангельскай вобласці, сумесныя семінары, конкурсы, — адзначыў рэктар РІПА. — Рыхтуемся да візіту дэлегацыі выкладчыкаў з Архангельска, запланаванага на 28 кастрычніка — 2 лістапада. Расійскія партнёры зацікаўлены нашым вопытам работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, уключаючы яе арганізацыйна-метадычнае забеспячэнне.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота Таццяны КУХТО