У цэнтры ўвагі — выхаванцы з РАС: у Беларусі стартаваў пілотны праект «Інфарматыка без разеткі — для кожнага дзіцяці»

- 9:00Главная, Образование

Пілотны праект па апрабацыі праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Інфарматыка без разеткі — для кожнага дзіцяці” стартаваў у 35 установах дашкольнай адукацыі Беларусі з гэтага навучальнага года. Сярод яго ўдзельнікаў 56 педагогаў і 63 выхаванцы з РАС. Падрабязнасці — у матэрыялах круглага стала, арганізаванага Паркам высокіх тэхналогій для  “Настаўніцкай газеты”.

На працягу апошніх 10 гадоў назіраецца няўхільны рост распаўсюджанасці расстройстваў аўтыстычнага спектра (РАС) у дзяцей ва ўсіх краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі.

Педагог, якая ажыццяўляе персанальнае суправаджэнне, Вера Кашкар з дзіцячага сада № 22 Рэчыцы праводзіць гульню “Знайдзі пару” з прапанаванага зборніка дыдактычных гульняў

Пытанні навучання і выхавання дзяцей з РАС знаходзяцца ў cферы асаблівай увагі Кансультатыўнага савета пры Савеце Рэспуб­лікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання па пытаннях сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Старшынёй Савета Рэспуб­лікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталляй Качанавай пастаўлена задача аб тым, што дзяржава павінна прыкладаць усе намаганні, каб у дзяцей з асаблівасцямі развіцця была магчымасць расці і вучыцца разам са звычайнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, павінны быць дакладна адпрацаваны праграмы навучання з частковай інтэграцыяй, поўнай інтэграцыяй і інш.

Парк высокіх тэхналогій адгукнуўся на заклік Наталлі Качанавай і арганізаваў праект па распрацоўцы праграмы дадатковай адукацыі “Інфарматыка без разеткі — для кожнага дзіцяці” для хлопчыкаў і дзяўчынак з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўзросце 6—7 гадоў.

Аляксандр Марцінкевіч, намеснік начальніка Сакратарыята Назiральнага савета Парка высокіх тэхналогій:

Праграма “Інфарматыка без разеткі — для кожнага дзіцяці” ў Беларусі распрацавана ўпершыню. Гэта сумесны праект Міністэрства адукацыі і Парка высокіх тэхналогій, накіраваны на фарміраванне алгарытмічных уменняў і лагічнага мыслення ў дзяцей ва ўзросце 6—7 гадоў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у тым ліку дзяцей з РАС. Праграма садзейнічае паспяховай сацыяльнай адаптацыі дзяцей. Стваралася яна на аснове пяцігадовага вопыту рэалізацыі адукацыйнага праекта ПВТ “Інфарматыка без разеткі” для дзіцячых садоў, у якім сёння заняты амаль 11 тысяч выхаванцаў па ўсёй краіне.

Некалькі гадоў назад праграма “Інфарматыка без разеткі” была адаптавана для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, парушэннямі зроку, затрымкай інтэлектуальнага развіцця і цяжкасцямі ў навучанні. Гэты пра­цэс закрануў не змест гульняў, а матэрыялы і абсталяванне. Работа з дзецьмі з аўтызмам патрабавала іншага падыходу. У ПВТ была створана міжведамасная рабочая група з удзелам педагогаў-псіхолагаў, настаўнікаў-дэфектолагаў і выхавальнікаў, якія працуюць з дзецьмі з РАС. У выніку распрацавана 250 унікальных дыдактычных гульняў, з якіх пасля апрабацыі былі адабраны 149 найбольш падыходзячых для работы з дзецьмі з РАС.

У пілотным праекце па апрабацыі гульняў у мінулым навучальным годзе прынялі ўдзел 19 педагогаў і 27 выхаванцаў з РАС з 13 дашкольных устаноў краіны. У далейшым была створана праграма “Інфарматыка без разеткі — для кожнага дзіцяці”, якую сёння можна разглядаць як аснову для распрацоўкі індывідуальных праграм дадатковай адукацыі для дзяцей з АПФР і выкарыстоўваць ва ўстановах дашкольнай і спецыяльнай адукацыі, а таксама дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Да праграмы былі скла­дзены метадычныя рэкамендацыі, а 149 гульняў увайшлі ў асобны зборнік, які можна знайсці на сайце ПВТ.

Гульні можна рэкамендаваць не толькі педагогам, але і бацькам для заняткаў з дзецьмі дома. Да таго ж усе ўдзельнікі праекта маюць магчымасць займацца самаадукацыяй: на пляцоўцы ПВТ з’явіўся анлайн-курс для педагогаў, які ўключае рэкамендацыі па рабоце з дзецьмі з РАС у межах праграмы “Інфарматыка без разеткі — для кожнага дзіцяці”.

Наталля Карлюкевіч, намеснік начальніка аддзела адукацыйнай дзейнасці Сакратарыята Назiральнага савета Парка высокіх тэхналогій, кіраўнік праекта:

У гэтым навучальным го­дзе на 35 пляцоўках мы апрабоўваем праграму дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Інфарматыка без разеткі — для кожнага дзіцяці”. На круглым стале ў ПВТ 27 верасня сабраліся педагогі ЦКРНіР, дзіцячых і спецыяльных садоў, якія працу­юць з дзецьмі з РАС у рамках праекта. Сярод удзельнікаў сустрэчы была Таццяна Емяльянцава, загадчыца лабараторыі медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі пры псіхічных і паводзінскіх расстройствах РНЦП медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі, доктар медыцынскіх навук, дацэнт. Яна адзначыла, што распрацаваная праграма і метадычныя рэкамендацыі спрыя­юць выяўленню задаткаў у дзяцей з асаблівасцямі развіцця, а таксама развіццю асноў алгарытмічнага мыслення і фармальнай логікі ў гульнявой форме. Прапанаваныя дыдактычныя гульні павышаюць інтэлектуальную гатоў­насць дашкольнікаў да навучання ў пачатковых класах, спрыяюць паляпшэнню памяці, увагі, развіццю эмацыянальнай і камунікатыўнай сфер.

Што сабой уяўляе зборнік дыдактычных гульняў? Ён уключае 149 гульняў, якія фарміруюць у дзяцей новыя ўменні і ўяўленні. Кожная гульня суправаджаецца апісаннем дыдактычнай задачы, правіл і ходу гульні, рэкамендацыямі па правядзенні, спісам неабходных матэрыялаў і абсталявання, магчымых цяжкасцей і форм гульні. Усе гульні структураваны па канцэнтрычным прынцыпе з нарастаючай складанасцю, што дазваляе педагогам адаптаваць іх пад канкрэтнае дзіця ў залежнасці ад яго пазнавальных магчымасцей, узроўню інтэлектуальнага і маўленчага развіцця. Навучанне дзяцей з РАС выбудоўванню лагічных ланцужкоў, кадзіраванню інфармацыі і пошуку прычынна-выніковых сувязей, на першы погляд, можа здацца немагчымым. Вядома, што такое дзіця можа ўвогуле не захацець удзельнічаць у гульні, не зразумець яе правіл. Таму педагогам важна праяўляць гнуткасць: пры неабходнас­ці мяняць правілы, спрашчаць заданні або, наадварот, ускладняць іх, каб падтрымаць цікавасць малога да гульні, выкарыстоўваць дадатковыя стымулы. Галоўная мэта — дапамагчы дзіцяці дасягнуць поспеху, сфарміраваць неабходныя ўменні.

Педагогі адзначалі, што дзякуючы ўдзелу ў праекце яны змаг­лі раскрыць здольнасці дзяцей з РАС, пра якія нават не здагадваліся. І гэта чарговы раз даказвае, што дарослыя не заўсёды правільна ацэньваюць патэнцыял дзяцей, штучна абмяжоўваюць іх магчымасці, не ствараюць умоў для самавыяўлення.

Наталля Слабкевіч, намеснік загадчыка дзіцячага сада № 492 Мінска:

Для ўдзелу ў апрабацыі дыдактычных гульняў мы выбралі трох выхаванцаў з РАС. З кожным з іх наша педагог-псіхолаг Алена Віршыч адпрацоўвала па дзве новыя гульні ў ты­дзень. Заняткі праходзілі ў першай палове дня ў рамках гульнявой дзейнасці. Педагог фіксавала час, затрачаны на кожную гульню, колькасць падыходаў, якія спатрэбіліся для яе арганізацыі, метады і прыёмы, якія дапамагалі сканцэнтраваць увагу дзіцяці, апісвала падказкі, якія рабіла яму, і віды заахвочванняў. Самым складаным было завалодаць увагай малыша. Тым не менш дзеці справіліся нават з тэмамі, якія мы, дарослыя, палічылі складанымі: адмаўленне па аналогіі, праў­дзівыя і памылковыя выказванні, лагічная аперацыя “і”. Яны выканалі і заданне, дзе літары былі закадзіраваны лічбамі і трэба было скласці лічбавы рад і прачы­таць слова. І гульня пра паштальёна, якая спачатку зусім не ішла з адным дзіцем, атрымалася. Малыш сам пачаў гуляць у яе, прыняў ролю паштальёна, далучыў да гульні аднагрупнікаў.

Удзел у праекце дапамог нам, спецыялістам, паверыць у свае сілы, павысіць прафесійную кампетэнтнасць. Мы значна больш даведаліся пра сваіх выхаванцаў з РАС: як па-рознаму яны паво­дзяць сябе ў аднолькавых умовах, якія ў іх схаваны вялікія магчымасці для развіцця. Выхавальнікі персанальнага суправаджэння назіралі за ходам заняткаў сваіх падапечных і прызнаваліся, што дзеці раскрыліся для іх зусім з іншага боку. Трэба было бачыць, з якімі эмоцыямі малыя з РАС вучылі выхавальнікаў гатаваць па лінейным алгартыме бутэрброды.

Наталля Падліпская, педагог-псіхолаг дзіцячага сада № 551 Мінска:

На дзяцей з РАС у грамадстве часам глядзяць як на людзей з інтэлектуальнай недастатковасцю. Але ж у большасці сваёй у іх захаваны кагнітыўны інтэлект, да якога складана дастукацца. Існуюць рэгулятыўная, афектыўная і кагнітыўная сферы псіхікі. У карэкцыйнай рабоце педагогі звычайна абапіраюцца на моцныя бакі дзіцяці. У выпадку з аўтызмам рэсурсам для развіцця можа стаць кагнітыўная сфера. Галоўнае — актывізаваць яе. У гэтым дапамогуць дыдактычныя гульні, напрыклад, “Магазін”, калі дзіця выбірае па колеры агародніну, садавіну ці ягады, якія не супадаюць з зададзенымі карткамі — сімваламі адмаўлення колеру. У яе мы гулялі з нашым выхаванцам з РАС. Самае цікавае здарылася праз пэўны час, калі дзіця, якое баялася ха­дзіць у магазін, прапанавала маці пайсці туды, каб купіць не фіялетавыя, не зялёныя і не чырвоныя рэчы. Гэта яскравы прыклад таго, як кагнітыўны інтэлект паўплываў на рэгулятыўную функцыю праз узнікненне цікавасці, падахвочванне да дзеяння, пераадоленне бар’ераў.

Такім жа чынам можна паўплываць на афектыўную сферу. У адной гульні трэба было ўключаць гукі навакольнага асяроддзя: спевы птушак, шум мора і г.д. У гэтым шэрагу раптам з’явіўся гук працуючага дрыля. Хлопчык з РАС звычайна палохаўся такіх рэзкіх гукаў, збягаў ад іх. Педагог зрабіла цішэй гучнасць, супакоіла дзіця і дала яму тлумачэнні. Паступова ў выхаванца з’явілася ціка­васць да падобных гучных і рэзкіх гукаў. Дзякуючы гульні, дзе трэба было пабудаваць маршрут з аднаго пункта ў другі, хлопчык выказаў дапушчэнне пра магчымасць перабудаваць маршрут. А зна­чыць, і шлях да дзіцячага сада, які ён раніцай праходзіць, таксама можна змяніць, і рэчы, якімі ён карыстаецца, могуць памяняць маршрут і апынуцца не ў прывычных месцах.

Настасся Хамраева, загадчыца дзіцячага сада № 571 Мінска:

Для работы з дзецьмі з РАС у рамках праекта ў мінулым го­дзе мы запрасілі нашага маладога спецыяліста педагога-псіхолага Дар’ю Андрэеўскую, магістра псіхалогіі. І наша настаўнік-дэфектолаг Вікторыя Гарбацэвіч з энтузіязмам аднеслася да ініцыятывы, бо з 2021 года займалася са звычайнымі дашкольнікамі па праграме “Інфарматыка без разеткі”. Калі летась мы працавалі з адным выхаванцам з РАС, то ў гэтым годзе ўзялі другога, займаемся з хлопчыкам і дзяўчынкай.

Якія змяненні мы назіраем? Раней наш хлопчык з РАС аддаваў перавагу маляванню толькі алоўкамі, ад фарб адмаўляўся. А пасля ўдзелу ў дыдактычнай гульні “Які колер атрымаецца?” (па фарміраванні ўмення выконваць лагічную аперацыю “і”) у яго абудзілася цікавасць да змешвання фарб з мэтай атрымання новага колеру. Яшчэ ў малога былі праблемы з арыенціроўкай у прасторы. Дапамагло тое, што ён быў захоплены цыркам і, вывучаючы тэму “Пабудова лабірынтаў”, зацікавіўся дыдактычнай гульнёй “Чарга ў цырк”, якую паспяхова асвоіў і навучыўся пераносіць навыкі з гульні на іншыя віды дзейнасці.

Таццяна Стасевіч, загадчыца дзіцячага сада № 22 Рэчыцы:

У праект “Інфарматыка без разеткі — для кожнага дзіцяці” з гэтага навучальнага года былі ўключаны пяць устаноў адукацыі Гомельшчыны, у тым ліку і наш дзіцячы сад. Місія нашай установы заключаецца ў тым, каб быць апорай для ўсіх выхаванцаў з АПФР, якіх у нас крыху больш за палову ад агульнай колькасці. Усе яны атрымліваюць неабходную карэкцыйна-педагагічную дапамогу. Займаюцца ў нас і восем выхаванцаў з РАС, з іх трое ўдзельнічаюць у праекце, а з імі і тры педагогі. У іх ліку і Вера Кашкар — пераможца абласнога конкурсу ў намінацыі “Лепшы выхавальнік, які ажыццяўляе персанальнае суправаджэнне”.

Для паспяховай інтэграцыі дзяцей з аўтызмам у грамадства неабходны гульні і заданні, якія дапамогуць ім развівацца, лепш разумець навакольны свет, устанаўліваць міжасобасныя адносіны, працаваць у камандзе, кіравацца агульнымі інтарэсамі і правіламі. Што наш калектыў чакае ад праекта? Каб ён аб’яднаў педагогаў і бацькоў і мы ўсе разам змаглі раскрыць шматлікія таленты і здольнасці сваіх выхаванцаў з РАС.

Надзея ЦЕРАХАВА