Ад ідэі — да праекта: педагогі Жлобінскага раёна расказваюць пра школьныя ініцыятывы

- 14:13Пресс-тур «Настаўніцкай»

Выхаванне пры дапамозе працоўнага навучання, далучэнне вучняў да праектнай дзейнасці і музейнай педагогікігэта тыя кірункі дзейнасці педагогаў Жлобінскага раёна, з якімі журналісты Выдавецкага домаПедагагічная прэсаазнаё­міліся падчас прэстуру па Гомельскай вобласці.

Наш ураджай

Пачалося знаёмства з наведвання Бабоўскай сярэдняй школы. Сёння ва ўстанове адукацыі вучацца 163 навучэнцы, а з 20 педагогаў, якія тут выкладаюць, шэсць — выпускнікі гэтай жа школы.

“Мы працуем па двух кірунках, — расказала дырэктар уста­новы Антаніна Зявака. — У першую чаргу рыхтуем будучыя кадры для аграрнага сектара. Дарэчы, сёлета з 14 выпускнікоў 9 класа дзевяць вучняў паступілі ў каледжы, прычым сем дзяцей выбралі спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю, а яшчэ двое — педагагічны і будаўнічы кірункі”.

Разважаючы над сэнсам вяртання выпускнікоў у вясковую школу ўжо дыпламаванымі настаўнікамі, А.Зявака сказала, што гэта сведчыць аб важнасці педагагічнай прафесіі. А на пытанне, што дапамагае выхоўваць вучняў Бабоўскай сярэдняй школы, Антаніна Васільеўна дала адназначны адказ: працоўнае навучанне.

“Нашы сад і агарод размясціліся на ўчастку 25 сотак, — працягнула знаёміць са школай дырэктар. — Пачынаючы з 5 класа дзеці на працягу ўсяго сезона даглядаюць і сад, і агарод. Акрамя гэтага, у нас ёсць дзве цяпліцы, якія загружаны з ранняй вясны і да позняй восені. У іх вырошчваем расаду. Сёння ў цяпліцах растуць агуркі — нашы дзеці іх пасадзілі ў верасні”.

У школе не першы год дзейнічае праект “Клумба з агародніны”. Яго ўдзельнікі — навучэнцы інтэграванага класа. На спецыяльна адведзеным участку дзеці з асаб­лівасцямі псіхафізічнага развіцця вырошчваюць фасолю, якую прымяняюць на ўроках па сацыяльна-бытавой арыентацыі. Перабіранне бобу дапамагае развіваць дробную маторыку і станоўча ўплывае на разумовае развіццё, вучыць будаваць лагічныя сувязі, развівае маўленне.

Яшчэ адна ініцыятыва школы — “Сацыяльныя градкі”. Яна прыдумана для школьнікаў з сацыяльна ўразлівых груп. Сэнс ідэі ў тым, што вясной дзеці высейваюць пэўныя культуры, а восенню могуць за­браць частку агародніны, якая вырасла, дадому.

“Вельмі ганарымся і нашым садам, — адзначыла А.В.Зявака. — У ім 200 дрэў, сярод якіх яблыні, грушы трох відаў, костачкавыя дрэвы, а таксама рэмантантная маліна, якая пладаносіць некалькі разоў у год, буякі і клубніцы. Перша­пачаткова наш сад быў падарункам выпускнікоў 2011 года. Заканчваючы школу, яны пасадзілі 16 яблынь”.

Традыцыя высаджваць падчас выпускнога яблыні ўсім спадабалася і прыжылася. І ўжо 14 гадоў сад расце і нагадвае пра тых, хто калісьці вучыўся ў Бабоўскай ся­рэдняй школе.

Школьны сад і агарод — выдатная пляцоўка для эксперыментальнай і праектнай дзейнасці. Кожны год, калі рыхтуюць градкі да пасеву, вучні стараюцца паса­дзіць больш на адну новую куль­туру ці дапоў­ніць ужо існуючы асартымент новымі відамі. Гэтым разам вырашылі вырасціць кавуны. Для апрабацыі выбралі некалькі гатункаў, а добры ўраджай далі бедуін і раманза.

“Пастаянна садзім бульбу, моркву, капусту, цыбулю, баклажаны, перац, — пералічыла Антаніна Васільеўна. — Дарэчы, салодкі перац сёлета даў выдатны ўраджай і з гэтага года мы ўвялі яго ў харчаванне дзяцей. Па цыбулі таксама праводзілі эксперымент: спрабавалі вырасціць яе з семкі. Самы добры ўраджай паказаў эксібішэн. Яго цыбуліны дасягаюць вагі ў 1 кілаграм і больш. Увогуле, якія б мэты і задачы для сябе ні ставілі, самае каштоўнае ў нашай рабоце — гэта даказаць самім сабе, што мы можам змяніць свет да лепшага. Таму заўсёды ўсім нагадваем: спрабуйце, эксперыментуйце і ганарыцеся тым, што робіце”.

Умелыя майстры

Сакрэтамі эфектыўнай арганізацыі працоўнага навучання падзяліліся педагогі сярэдняй школы № 11 Жлобіна.

Любоў да працы ў вучняў тут выхоўваюць з пачатковых класаў. Дырэктар школы Таццяна Сахашчык расказала, што адным з метадаў далучэння малышоў да працоўнага навучання з’яўляецца арганізацыя тэматычных выстаў, прычым з удзелам бацькоў.

Уменне адчуваць настрой дзяцей і будаваць з імі даверлівыя адносіны — менавіта на гэтым грунтуецца работа настаўніцы пачатковых класаў выдатніка адукацыі Аксаны Фёдараўны Гаварушкінай

“Часта арганізуем для дзетак з пачатковай школы экскурсіі на шматлікія прадпрыемствы, дзе яны знаёмяцца з рознымі прафесіямі, — патлумачыла Таццяна Вячаславаўна. — Мы ўпэўнены, што прафарыентацыю трэба пачынаць з 1 класа”.

Настаўнік працоўнага навучання Яўген Міхайлавіч Шаўгеня з вучнямі

Навучэнцы старшых класаў падчас урокаў працоўнага навучання займаюцца ў сучасна абсталяваных майстэрнях.

“Падчас працоўнага навучання хлопчыкі вучацца працаваць са шматлікімі інструментамі, а дзяўчынкі — шыць, гатаваць”, — дадала дырэктар.

Настаўнік працоўнага навучання Аляксандр Леанідавіч Сярдзюк

На канікулах у школе арганізуюць другасную заня­тасць. Да работы далучаюцца часцей за ўсё навучэнцы 8 класа. Як правіла, працуюць школьнікі над заказамі, якія паступаюць з іншых устаноў адукацыі: шыюць бялізну, ручнікі, робяць мэблю.

“За пяць дзён работы вучні атрымліваюць яшчэ і зарплату, — расказала Таццяна Вячаславаўна. — А гэта вельмі важны бонус: прыемна, калі праца ацэньваецца”.

Мірныя праекты

Сярэдняя школа № 9 Жлобіна вялікую ўвагу ўдзяляе рабоце з маладымі спецыялістамі, профільнаму навучанню і рэалізацыі праектаў у межах статусу “Школа міру”.

Сёлета ў школе пачаў працаваць інжынерны клас. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Эма Саўчанка расказала, што ў гэтым годзе да іх прыйшлі працаваць чатыры маладыя педагогі.

“У школе пабудавана работа па адаптацыі маладых спецыялістаў на першым рабочым месцы праз школу маладога настаўніка, — адзначыла Эма Міхайлаўна. — Увогуле, усе нашы педагогі аказваюць дапамогу маладым калегам у набыцці навыкаў і вопыту работы. Ганарымся тым, што 11 педагогаў калектыву — выпускнікі нашай школы”.

Настаўніца англійскай мовы Кацярына Пятроўна Трушкевіч

Расказваючы пра статус Школы міру, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце адзначыла, што гэта карысны і перспектыўны праект, бо дапамагае прыцягваць да рэалізацыі розных ідэй вялікую колькасць валанцёраў з ліку юных міратворцаў.

“Удзел падрастаючага пакалення ў мірных ініцыятывах — гэта магутны выхаваўчы рэсурс, які дазваляе фарміраваць адказнага грамадзяніна, — запэўніла Э.Саўчанка. — Для таго каб дзеці разумелі значнасць праекта, мы прымаем удзел у многіх акцыях. Ганарымся, што нашы міратворцы сталі лепшымі на фестывалі “Мы дзеці твае, Беларусь!” і атрымалі дыпломы за сваю дзейнасць”.

Прэстыж педагогікі

У гімназіі № 1 Жлобіна вялікае значэнне адводзіцца профільнаму навучанню і ранняй прафарыентацыі.

Установа адукацыі — пераемнік сярэдняй школы № 1 Жлобіна: у статусе гімназіі яна працуе 19 гадоў. За гэты час педагогі падрыхтавалі 128 пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

“Мы ў тым ліку імкнёмся працаваць у межах інавацыйных праектаў, — расказала дырэктар Таццяна Калькова. — Сёння рэалізуем трэці, які накіраваны на фарміраванне грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў”.

У гімназіі ёсць свае адукацыйныя традыцыі. Ужо даўно палюбіліся школьнікам і педагогам фестывалі “Гімназія-фэст” і “Гімназія-­фэсцік” па замежных мовах, якія праводзяцца для навучэнцаў старшых і малодшых класаў адпаведна.

“Вельмі любяць дзеці і абласны фестываль па замежных мовах для навучэнцаў гімназій і ліцэяў “Залатая ліра”, — дадала Таццяна Міхайлаўна. — Дарэчы, у нашай установе выкладаюцца англійская і нямецкая мовы”.

Закранаючы пытанні адукацыйнага працэсу, дырэктар адзначыла, што ў гімназіі вядзецца дапрофільнае і профільнае навучанне па асобных прадметах, а таксама створаны класы педагагічнага і інжынернага напрамкаў. Акрамя гэтага, па запыце бацькоў і вучняў у 10 класе была арганізавана група ваенна-патрыятычнага кірунку.

“У мінулым навучальным годзе мы праводзілі вялікі савет па адпаведных пытаннях, таксама закранулі тэму прэстыжу педагагічных спецыяльнасцей, — дадала Т.Калькова. — Прыемна, што кожны год нашы выпускнікі з пераліку УВА выбіраюць і тыя, дзе можна атрымаць прафесію настаўніка. Перавагу аддаюць такім кірункам, як хімія, біялогія, замежныя мовы і псіхалогія. Для таго каб работа з профільным навучаннем прыносіла вынік, у гімназіі заключаны дагаворы з УВА Гомеля”.

Матэрыялы Наталлі САХНО
Фота Ігара ГРЭЧКІ