У Мазырскім дзяржаўным абласным ліцэі навучэнцам даюць магчымасць ствараць сваю гісторыю поспеху. Установа славіцца яркімі традыцыямі, гучнымі перамогамі і выключнымі прафесіяналамі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Ззяюць зоркі
Сваю ролю кіраўніка Іна Лагун ужо шмат гадоў бачыць у тым, каб ствараць асяроддзе, у якім працаваць няякасна — сорамна. Праз усе педсаветы і нарады чырвонай ніткай праходзіць адна думка: лепш адпрацаваць па поўнай і атрымаць жаданы вынік, чым правесці час бескарысна.
— Для мяне вельмі важна стварыць тую атмасферу ў камандзе, у якой захочацца працаваць прадукцыйна, у якой кожны ўдзельнік адукацыйнага працэсу будзе ўпэўнены, што яго паважаюць, што ён запатрабаваны, з яго меркаваннем лічацца, — падкрэслівае Іна Аляксееўна. — Акрамя таго, усе ўмовы спрыяюць таму, каб кожнае дзіця магло праявіць сябе. Калегі — сапраўдныя прафесіяналы — дапамагаюць раскрыць патэнцыял дзяцей у алімпіядным руху, навуковай рабоце, творчасці.
Ва ўстанове праводзіцца выхаваўчая работа, якая ўсіх аб’ядноўвае. Маштабную дзейнасць відаць далёка за межамі вучэбных кабінетаў.
Тэрыторыя ліцэя — гэта міні-музей пад адкрытым небам, дзе кожнага вітае сімвал мудрасці — сава, ёсць столік і крэсла здзяйснення жаданняў. На стале абведзена далонь вучаніцы, якая першай падала заяву для паступлення ў ліцэй.
Існуе павер’е: калі прыкласці далонь да стала і загадаць жаданне, то яно абавязкова здзейсніцца. На тэрыторыі ёсць лаўка сяброў, а таксама лаўка закаханых, якая з’явілася невыпадкова: каля 40 ліцэйскіх пар перараслі ў моцныя сямейныя саюзы. З гэтых дробязей і складаецца атмасфера адзінства, ліцэйскага братэрства, якая пануе ва ўстанове адукацыі. Калі прайсціся па калідорах памяшкання, то можна заўважыць шмат тэматычных зон, і стане зразумела, што творчае і адукацыйнае жыццё тут кіпіць. Узяць хаця б куток з дзяржаўнай сімволікай, які суседнічае з сімволікай ліцэя. Значок, эмблема, сцяг створаны па эскізах дзяцей, якія вучыліся тут 20 гадоў назад. Цяпер значок носіць кожны ліцэіст. Ёсць і сімвалічная карта Гомельскай вобласці, на якой абазначаны тыя раёны, з якіх прыязджаюць сюды навучэнцы. Асаблівая гордасць — “Скарбніца ліцэйскіх поспехаў”, “Галерэя заслужаных артыстаў ліцэйскай рэспублікі”, генеалагічнае дрэва выпускнікоў, партрэтная галерэя пераможцаў конкурсу “Ліцэіст года”, “Алея ліцэйскіх зорак”. Лепшыя навучэнцы з’яўляюцца прыкладам для аднагодкаў.
— Штогод з’яўляецца новая зорка. Як правіла, вылучаем тое дзіця, якое ўнесла найбольшы асабісты ўклад у развіццё ліцэя, — расказвае пра традыцыю дырэктар. — Гэта не толькі пераможцы прадметнай алімпіяды або творчага конкурсу. Гэта можа быць хлопчык ці дзяўчынка, якія і ў вучобе паспяховыя, і ў творчасці, і займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Усё адбываецца дэмакратычна. Класы вылучаюць кандыдатаў, афармляюцца плакаты з рэкламай іх дасягненняў. Пасля дзеці і настаўнікі галасуюць, і па выніках галасавання закладваецца зорка. Добрая традыцыя існуе з 2006 года.
Ёсць тут і ўласны Бібліябульвар з літаратурай на рускай, беларускай, англійскай і нямецкай мовах, а яшчэ куток рэлаксу і матывацыйная сцяна. Педагог-псіхолаг Кацярына Шавандо з паўслова разумее навучэнцаў. Яна ўпэўнена, што любая праблема вырашаецца. Дырэктар падала ідэю праводзіць псіхалагічныя перапынкі, задуму падхапіла і рэалізавала педагог-псіхолаг разам з ліцэістамі. Дзеці вельмі любяць размалёўкі-антыстрэс, цікавяцца псіхалогіяй. Такім чынам спецыялісту адкрываецца ўнікальная магчымасць даведацца пра асабістыя якасці, настрой навучэнцаў, карэктна правесці дыягностыку.
Ключ да эфектыўнай работы
Вялікая ўвага ў ліцэі ўдзяляецца і адукацыйнаму асяроддзю, сучаснаму абсталяванню. Спартыўная база дае магчымасць праводзіць заняткі з камфортам, дзеці з задавальненнем займаюцца спортам.
— Вучэбная база сучасная. У распараджэнні педагогаў 5 мультыбордаў, 15 інтэрактыўных дошак, 22 праектары. У кожнага ёсць прынтар для раздруковак. 90 камп’ютараў аб’яднаны ў лакальную сетку, усе маюць магчымасць выхаду ў інтэрнэт, — падкрэслівае Іна Аляксееўна. — У 2022 годзе навуковае таварыства ліцэістаў “ЛУВР” (лицейский университет всестороннего развития) выйграла грант спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў у памеры 30 тысяч рублёў. Усе сродкі былі накіраваны на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Удалае набыццё — лічбавая лабараторыя Releon. Калегі выкарыстоўваюць яе на вучэбных занятках пры выкананні практычных, лабараторных заданняў, навуковых даследаванняў, праектаў. У чым фішка лабараторыі? Яна дазваляе атрымліваць даныя вельмі высокай дакладнасці і адразу праводзіць лічбавую апрацоўку вынікаў эксперымента. З дапамогай праграмнага забеспячэння, якое ўстаноўлена на сэнсарнай інтэрактыўнай панэлі, вынікі эксперымента адразу афармляюцца ў графікі, табліцы, схемы. Заняткі ў лабараторыі прыносяць плён. Так, навучэнцы двойчы вярталіся пераможцамі з абласнога турніру юных фізікаў.
Ва ўстанове працуе калектыў аднадумцаў, кожны з якіх сапраўдны профі. Настаўніца англійскай мовы Антаніна Усава будуе кар’еру ў ліцэі не так даўно, але паспела падрыхтаваць пераможцаў навукова-практычнай канферэнцыі “Пошук”.
У кабінеце беларускай мовы і літаратуры галоўны скарб — Валянціна Шэцка, імя якой занесена ў кнігу педагагічных рэкордаў Гомельскай вобласці. Штогод яна рыхтуе стабальнікаў, у мінулым яе выпуску было дзевяць уладальнікаў такіх сертыфікатаў, яе вучні становяцца пераможцамі Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Даўно працуе ў ліцэі настаўнік інфарматыкі Сяргей Дамасевіч, выхаванцы якога кожны год лідзіруюць у абласной інтэрнэт-алімпіядзе па інфарматыцы. Яго ўласнае дзіця не аднойчы станавілася пераможцам Міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы.
Настаўніца англійскай мовы Кацярына Садоўская, як і калегі, штогод рыхтуе пераможцаў алімпіяды, ёсць сярод яе вучняў і шчаслівыя ўладальнікі стабальных сертыфікатаў.
Зазірнуўшы ў абноўлены да Дня народнага адзінства кабінет гісторыі, удалося пазнаёміцца з настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства Алай Ліс. Сёлета ў скарбонцы яе прафесійных дасягненняў пяць стабальнікаў па грамадазнаўстве, пераможца рэспубліканскай алімпіяды па гэтым жа прадмеце і шмат дасягненняў у абласных конкурсах і турнірах. Акрамя таго, Ала Мікалаеўна ўдзельнічае ў рэалізацыі рэспубліканскага эксперыментальнага праекта “Апрабацыя вучэбнай праграмы і вучэбнага дапаможніка “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі”.
Перспектывы
— Калі было падпісана рашэнне аб стварэнні Мазырскага дзяржаўнага абласнога ліцэя, перад педагогамі ставілася задача па стварэнні роўных умоў атрымання якаснай адукацыі для сельскіх і гарадскіх школьнікаў, навучэнцаў з раёнаў, найбольш пацярпелых пры аварыі на ЧАЭС. Ці апраўдваем мы сваё прызначэнне? Думаю, так! — з гордасцю прамаўляе кіраўнік. — Назаву толькі некалькі лічбаў і фактаў. Міністэрства адукацыі Беларусі прысвоіла ліцэю званне “Супершкола”. Наша ўстанова стала пераможцай абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы па забеспячэнні якасці адукацыі. Наш педагог Ян Кавалёў — абсалютны пераможца рэспубліканскага конкурсу “СуперПРОФІ-2023”. Бліскучыя вынікі дэманструюць ліцэісты на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах, на заключным этапе летась перамаглі чацвёра. Выніковым з’яўляецца ўдзел у ЦЭ. За апошнія два гады ліцэісты атрымалі 55 стабальных сертыфікатаў. У мінулым годзе сярэдні бал на цэнтралізаваным экзамене склаў 85,4. Лічу, што гэта дастойны вынік для 144 выпускнікоў. Адна выпускніца набрала максімальныя 400 балаў на іспытах. Штогод больш за 95% дзяцей паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца БДУІР, БДУ, медыцынскія УВА, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, студэнтамі апошняй установы летась сталі адразу 14 чалавек. У верасні ліцэй наведалі прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце.
У ліцэі няма выпадковых людзей, усе вельмі любяць сваю прафесію і ганарацца ёй.
— Калегі ведаюць, што іх цэняць і шануюць, іх ініцыятывы заўсёды падтрымліваюцца, — працягвае суразмоўніца. — Сёння іх галоўная задача — распазнаць адораных ліцэістаў, матываваць іх і распрацаваць стратэгію далейшага паспяховага развіцця.
Вельмі дзейснай з’яўляецца наступная форма ўзаемадзеяння з дзецьмі. Пасля кожнага этапу з пераможцамі сустракаемся за кубачкам гарбаты. Падчас такой гутаркі можна скласці своеасаблівы зборнік парад бывалых байцоў-алімпіяднікаў, як справіцца з хваляваннем і пераадолець псіхалагічную нагрузку.
Сур’ёзна ставімся да сістэмы заахвочвання: пішам падзячныя лісты на прадпрыемствы з просьбай адзначыць бацькоў вучняў. Сёлета знайшлі спонсара, які ўручыць прэмію ліцэістам — пераможцам алімпіяды. А яшчэ ўвялі ўзнагароду “Знак якасці ліцэйскай адукацыі”, якая апынецца ў руках тых, хто скончыць ліцэй на ўсе дзясяткі. Па традыцыі праводзім свята поспеху, на якім абсалютна кожны прадстаўнік калектыву адзначаецца за заслугі ў розных намінацыях.
З тысячы дробязей складаецца поспех. Галоўнае, што ў ліцэі ўдалося стварыць асаблівую атмасферу любові, якую адчувае абсалютна кожны. Пра гэта можна меркаваць па шчаслівых дзецях, па тым натхненні, з якім педагогі ідуць на работу, па тым, з якой гордасцю выхаванцы гавораць пра Беларусь. Калектыў падзяляе меркаванне Прэзідэнта Беларусі: патрыятызм, упэўненасць у будучыні сваёй краіны і жаданне зрабіць яе лепшай — галоўнае, што павінна быць у сённяшняй моладзі.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара