Беларускі фальклор уяўляе сабой невычэрпную крыніцу багацейшых народных традыцый і абрадаў, таму ў сістэме духоўна-маральнага выхавання вучняў краязнаўча-даследчая дзейнасць займае важнае месца. У нашай установе, якая ўваходзіць у «Сетку школ міру Беларусі», быў распрацаваны праект «Адраджэнне нацыянальных традыцый», накіраваны на фарміраванне ў юных беларусаў нацыянальнай самасвядомасці і самаідэнтыфікацыі праз аднаўленне, захаванне і перадачу культурна-гістарычнай спадчыны народа.
У школе створаны дзіцячыя фальклорныя калектывы «Спадчына» (15–17 гадоў), «Валошкі» (12–13 гадоў) і «Чубарыкі» (9–10 гадоў), удзельнікі якіх выконваюць беларускія народныя песні, знаёмяцца з гульнямі, вырабамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і побыту, займаюцца аднаўленнем каляндарна-абрадавых свят «Багач», «Жніво», «Каляды», «Стрэчанне», «Масленіца», «Гуканне вясны», «Вялікдзень», «Юр’я». Адметнасцю нашых калектываў з’яўляецца тое, што вучні выступаюць ва аўтэнтычных народных касцюмах, якія самі шыюць і аздабляюць вышыўкай у школьнай майстэрні.
У рамках праекта «Адраджэнне нацыянальных традыцый» арганізуюцца вучнёўскія фальклорныя экспедыцыі ў вёскі Жлобінскага раёна, сустрэчы з носьбітамі народных традыцый. Напрыклад, навучэнцамі быў назапашаны багаты матэрыял аб жаночым касцюме калінкавіцкага строю. Жыхарка вёскі Васілевічы Жлобінскага раёна А. У. Гаўрыленка, якая з маленства займаецца вышыўкай, распавяла пра сакрэты свайго майстэрства і падарыла нашаму музею даматканую жаночую кашулю першай паловы XX стагоддзя, якую вышыла яе маці. Даследчая работа «Традыцыйны жаночы касцюм Жлобіншчыны» была прадстаўлена на конкурсе вучнёўскіх работ «Звычаі, традыцыі і абрады сваёй мясцовасці». Таксама нашы выхаванцы заваявалі 1-е месца з работай «Старажытны абрад Юр’я» на рэспубліканскім конкурсе творчых работ вучняў «Радзімы спадчына – мой гонар».
На занятках аб’яднання па інтарэсах «Народна-сцэнічны танец» дзеці развучваюць парна-гуртавыя танцы («Базар», «Полька-бабачка», «Ночка», «Карапет», «Кракавяк», «Карманчыкі», «Грыца», «Нарэчанька», «Полька-мост», «Грачанікі» і інш.), якія з’яўляюцца часткай тэатралізаваных фальклорных інсцэніровак. У 2021 годзе выхаванцы калектываў «Спадчына» і «Валошкі» атрымалі Гран-пры рэспубліканскага інтэрнэт-праекта «Покори вершину» за прадстаўленыя гісторыка-бытавыя танцы Гомельскага Палесся, а ў 2022 годзе «Валошкі» заваявалі дыплом III ступені рэспубліканскага конкурсу фальклорных калектываў, які ладзіўся ў рамках рэспубліканскага конкурсу «Юныя таленты Беларусі», прадставіўшы адноўленыя абрады Усходняга Палесся «Чырачка» (в. Тонеж Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці) і «Провады русалкі» (в. Вялікі Бор Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці), якім прысвоены статус аб’ектаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.
Сёння наш праект «Адраджэнне нацыянальных традыцый» рэалізуецца ў рамках інавацыйнай работы, якую вядзе ўстанова па фарміраванні і развіцці духоўна-маральнага патэнцыялу асобы навучэнца на аснове традыцыйных каштоўнасцей беларускага народа ў кантэксце хрысціянства.
Прапануем вашай увазе фальклорную інсцэніроўку «Юраўскі карагод», якая была прадстаўлена дзіцячым калектывам «Спадчына».
Мэта: фарміраванне ў школьнікаў нацыянальнай самасвядомасці і самаідэнтыфікацыі праз рэканструкцыю старажытнага абраду «Юраўскі карагод».
Задачы:
- паглыбіць веды навучэнцаў пра фальклорную спадчыну Усходняга Палесся;
- узбагаціць эмацыянальна-вобразны свет вучняў сродкамі беларускага фальклору;
- садзейнічаць захаванню аб’ектаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.
Абсталяванне: стол, абрус, каравай, ручнікі, лавы, чырвоны і зялёны фартушкі, комін, штучныя кветкі, музычны матэрыял (беларускія народныя песні «Выйду я на двор – бычкі бушуюць», «Карагодная», «Дай, Юрай, маці ключы»).
Ход інсцэніроўкі
І. Уводны этап
Вядучы 1. Вясна багата абрадамі, звычаямі, рытуаламі, якія звязаны з працоўнай дзейнасцю чалавека, яго адвечнымі клопатамі аб добрым ураджаі і дабрабыце сям’і, марамі і спадзяваннямі на лепшае будучае.
Вядучы 2. Але сапраўдны пачатак вясны ў каляндарна-земляробчай абраднасці быў звязаны са старажытным святам Юр’я, якое адзначалася 6 мая і было напоўнена шматлікімі абрадавымі дзеяннямі, песнямі, павер’ямі, прыкметамі ахоўнага і заклінальнага характару.
Вядучы 1. Самая выразная адметнасць усходнепалескага свята Юр’я – непаўторны і самабытны веснавы абрад «Юраўскі карагод» вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, дзе з 1980 года існуе фальклорна-этнаграфічны калектыў «Мiжрэчча». Яго стваральніца – выканаўца народных песень, захавальніца традыцый роднай вёскі Кацярына Панчэня. Гэты абрад у 2005 годзе атрымаў статус аб’екта нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь і адзін з першых увайшоў у спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Вядучы 2. Шматлікія дзеянні Юраўскага карагода разгортваюцца вакол каравая, які мае назву карагод. Рыхтуюцца да свята загадзя: сяляне прыбіраюцца ў хатах і падворках, плятуць вянкі. Усе дзеянні абраду маюць сакральны сэнс і накіраваны на зварот да Бога з просьбай аб добрым ураджаі.
ІІ. Асноўны этап
На сцэну выходзяць групы дзяўчат з вяночкамі ў руках і спяваюць.
- Выйду я на двор – бычкі бушуюць.
Юр’я. Юр’я. Бычкі бушуюць.
- Бычкі бушуюць, бо весну чуюць.
Юр’я. Юр’я. Бо весну чуюць.
- Рэкі загулі, лёды паплылі.
Юр’я. Юр’я. Лёды паплылі.
- Лугі зеляны, кветкі зацвілі.
Юр’я. Юр’я. Кветкі зацвілі.
- Выйду малада, кветкі збіраці.
Юр’я. Юр’я. Кветкі збіраці.
- Кветкі збіраці, вяночкі віці.
Юр’я. Юр’я. Вяночкі віці.
- Вяночкі віці, Юр’я спеваці.
Юр’я. Юр’я. Юр’я спеваці.
На сцэну выходзяць некалькі дзяўчат, якія трымаюць галінкі яблыні. У адной з іх – каравай, у другой – ікона, трэцяя нясе века (накрыўку) ад дзежкі з зернем і ўпрыгожванне для каравая, у чацвёртай – ручнік. Астатнія падыходзяць да іх.
Ганначка. Вось і дачакаліся мы свята Юр’я! Збірайцеся, хлопцы, дзяўчаты, сёння пойдзем ніву аглядаць!
Дзяўчына 1. Мы ўставалі раненька, выпякалі, нараджалі абрадавы каравай. Вось які ён прыгожы, духмяны ў нас атрымаўся!
Ганначка. А дзе ж нашыя тры галінкі?
Дзяўчына 2 (падае галінкі). Вось, Ганначка, тры галінкі ад яблыні.
Ганначка. Так, так, галінкі трэба браць толькі ад дрэў жаночага роду. А на кожнай галінцы павінна быць па тры парасткі – каб усяго было дзевяць. Столькі месяцаў працягваецца цяжарнасць жанчыны. Так гэтым абрадам ушаноўваецца ўрадлівасць зямлі.
Ну што, дзяўчаты, давайце будзем радзіць карагод? Бо без Бога не да парога! Каб Бог жыта ўрадзіў ды пшаніцу, ячмень, як мятліцу!
Дзяўчына 3. Давайце будзем радзіць. Вось нашы каляровыя кветачкі і стужачкі.
Дзяўчаты ўпрыгожваюць папяровымі кветкамі тры галінкі, спяваюць.
- Карагод, карагод, мы цябе наражаем,
Ой, венце, венце, зелёнэ бервенце (2 разы).
- Цябе наражаем, Бога праслаўляем.
Ой, венце, венце, зелёнэ бервенце (2 разы).
- Бога праслаўляем, Юр’е велічаем,
Ой, венце, венце, зелёнэ бервенце (2 разы).
- Чэша хлопец косы, а дзяўчына косу,
Ой, венце, венце, зелёнэ бервенце (2 разы).
- Пожану мы волы на Юр’евску росу,
Ой, венце, венце, зелёнэ бервенце (2 разы).
Дзяўчына 4. Вось які цудоўны ў нас карагод атрымаўся: высокі, прыгожы!
Дзяўчына 1. А зараз возьмем века ад дзежкі, насыплем трошкі зерня, накрыем посцілкай і паставім туды карагод. А дзе ж нашыя хлопцы? Без іх нельга ісці ў поле!
Падыходзяць хлопцы. Аднаму дзяўчаты даюць ікону, другому – граблі з зялёным фартухом.
Ганначка (звяртаецца да хлопца). Бяры, ваявода, свайго карагода! Пойдзем у поле Бога прасіць, каб даў нам добры ўраджай! Ісці на поле будзем амаль моўчкі, спяваць не дазваляецца!
Спускаюцца са сцэны, накіроўваюцца да поля. Спачатку ідуць дзве дзяўчыны, трымаюць ручнік, нібы браму. Потым – хлопец з іконай, другі нясе ўпрыгожаны каравай (карагод), трэці – граблі (сімвал працы) з зялёным фартухом. За імі ідуць музыкант з гармонікам і дзяўчыны, падымаюцца на сцэну. Усе праходзяць праз сімвалічную браму. Становяцца ў кола, пасярэдзіне стаяць хлопцы з іконай, караваем, граблямі і зялёным фартухом.
Дзяўчына 2. Вось і падышлі мы да поля. Дзень добры, ніва маладая! З хлебам з соллю да цябе прыйшлі!
Ганначка. Дай паклічам святога Юр’я адмыкнуць зямліцу, выпусціць расіцу! Радзі, Божа, жыта на новае лета! Жыта, і пшаніцу, і ячмень, як мятліцу! Божы дар – кавалачак чорнага хлеба (перавязаны чырвонай стужкай) – закапаем у святую зямлю, каб вярнуць нам ураджай. Просім усердна! Бо без Бога не да парога!
Дзяўчына 3. Людзі кажуць: «Калі прыйдзе Юры, не ўбачыш у жыце куры!»
Дзяўчына 4. Ой, то Юры сказаў: «Жыта ўрадку», а Мікола адказаў: «Падажджы, пагляджу!»
Дзеці ідуць па ходу сонца, узяўшыся за рукі, у сярэдзіне кола стаяць хлопцы з іконай, караваем, граблямі і зялёным фартухом. Усе спяваюць.
- Дай, Юрай, маці ключы, да падай маці ключы.
Яго неба атварыці, дай расіцу спусціці.
- Ведом, ведом карагод, сам Бог напярод.
А ў карагода сын ваявода, а ў карамысле добрыя мыслі.
Мяняюць фартушок на граблях з зялёнага на чырвоны.
- Дзе карагод ходзіць, там Бог жыта родзіць.
А дзе не бывае, там жыта лягае.
- Зарадзі, Божа, жыта да на новае лета.
Да на жыта караністае, а да верху каласістае.
Дзяўчына 1. Святы Юр’я – божы ўгоднік, абарані нашу ніву ад усякіх напасцяў, ад граду, ад спёкі, каб не палягло, не выгарэла, каб расло, красавалася, буйным коласам налівалася!
Дзяўчына 2. Святое Благавешчанне, святая Тройца, усе святыя, памажыце!
Дзяўчына 3. Ісус Хрыстос, Багародзіца, выратуйце нас ад бяды, ад усялякай хваробы!
Дзяўчына 4. Станьце, ангелы-ахоўнікі, сцяною ад нячыстай сілы, ліхіх людзей, чараўнікоў!
Дзяўчына 1. Святы Юр’я, дай нам на жытачка род, на статачак – плод!
Дзяўчына 2. Будзьце словы нашыя моцныя і магутныя!
Дзяўчына 3. Папрасілі мы ў Бога, каб было ў нас жыта многа. А зараз патанчым па расе, каб былі здаровыя ўсе.
- Дай, Юрай, маці ключы, да падай маці ключы.
Яго неба атварыці, дай расіцу спусціці.
- Дзе карагод уецца, там жыта смяецца,
А дзе не бывае, там жыта лягае.
- Ведом, ведом карагод, усе дзевачкі напярод,
А хлопчыкі за намі моргаючы бровамі.
- Зарадзі, Божа, жыта да на новае лета.
Да на жыта, на пшаніцу, да на ўсякую пашніцу.
- Дай, Юрай, маці ключы, да падай маці ключы.
Яго неба атварыці, дай расіцу спусціці.
З поля выходзяць зноў праз браму ў тым жа парадку, спяваюць песню «Дай, Юрай, маці ключы».
Літаратура
1. Святло каштоўнасцей духоўных. Жлобінскі край: фмінулае і сучаснасць / пад агульнай рэдакцыяй: В. С. Новак, А. А. Станкевіч. – Гомель: ААТ Палеспячаць, 2009. – 544 с.
2. Этнаграфія Беларусі: Беларус. сав. энцыкл. / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БелСЭ, 1989. – 575 с.
Фота на прэўю з архіва рэдакцыі, носіць ілюстрацыйны характар