Прапаную ўвазе калег майстар-клас па падрыхтоўцы да рэспубліканскай кантрольнай работы ў форме “сусветнага кафэ”.
Мэта: плануецца, што падчас заняткаў удзельнікі пашыраць свае веды аб тэхналогіі “сусветнае кафэ” і змогуць прымяняць яе ў сваёй практыцы; навучацца складаць свае дэмаверсіі заданняў для падрыхтоўкі навучэнцаў 11-х класаў да рэспубліканскай кантрольнай работы.
Мэтавая аўдыторыя: настаўнікі гісторыі.
Форма правядзення: “сусветнае кафэ”.
Абсталяванне: прэзентацыя; мультыборд (тэлевізар); заданні для кожнай групы; кубкі-coffee чатырох колераў.
Ход мерапрыемства
І. Арганізацыйны пачатак. Тлумачэнне тэхналогіі “сусветнае кафэ” (да 5 мінут).
Удзельнікі мерапрыемства дзеляцца на 4 групы (па колькасці заданняў) па колеры выбраных кубкаў-coffee.
Вядучы (вітае ўдзельнікаў мерапрыемства). Ці чулі вы калі-небудзь пра такую тэхналогію? Запішыце з адваротнага боку кубкаў-coffee вашы чаканні.
Вядучы тлумачыць прынцыпы работы.
“Сусветнае кафэ” (WorldCafé) — гэта дынамічны фармат арганізацыі групавой работы, накіраваны на хуткі абмен меркаваннямі і вопытам паміж удзельнікамі.
Методыка “сусветнага кафэ” прадугледжвае:
- падзел удзельнікаў на групы;
- фармулёўку пытанняў, якія абмяркоўваюцца;
- правядзенне некалькіх раўндаў абмеркавання з пераходам удзельнікаў ад тэмы да тэмы па пэўным алгарытме;
- прэзентацыю вынікаў групавой работы.
Гэты метад мэтазгодна выкарыстоўваць падчас канферэнцый, семінараў, дыскусій. Ён можа быць рэалізаваны і як самастойны інструмент, і як складовая частка трэнінгу.
Метад дапаможа, калі неабходна ў групе людзей сабраць інфармацыю, зрабіць абмен ведамі, вопытам, свабодна падзяліцца ідэямі і меркаваннем, пачуць, што думаюць іншыя наконт актуальных пытанняў.
ІІ. Асноўная частка (20 мінут).
Вядучы. Кожны стол — гэта група, у якой павінен быць “гаспадар стала”. Вызначыцеся, хто з вас будзе “гаспадаром стала”. Астатнія будуць “госці”. (Удзельнікі выбіраюць “гаспадара стала”.)
На кожным стале ляжыць вялікі ліст — папяровы абрус, на якім вы будзеце пісаць фламастарам (маркерам). Кожнай групе будзе дадзена заданне. Паколькі ў нас тэма “Рэспубліканская кантрольная работа — агульная стратэгія”, заданні так ці інакш будуць тычыцца гэтай тэмы.
Ваша задача — за 5 мінут максімальна выканаць заданне. Пасля заканчэння часу я на правах вядучага дам каманду закончыць абмеркаванне, і “госці” па гадзіннікавай стрэлцы пераходзяць за наступны стол і дапаўняюць адказы на заданне, што было пастаўлена групе, якая знаходзіцца за гэтым сталом.
“Гаспадар стала”:
- захавальнік ведаў групы;
- не перамяшчаецца, застаецца на сваім месцы, сустракае групу, якая будзе да яго далучацца;
- паведамляе “гасцям” заданне для яго стала і прэзентуе асноўныя меркаванні, разгледжаныя да гэтага.
Група, якая далучылася да абмеркавання пастаўленага задання, працягвае дапаўняць адказ, прапісваючы свае варыянты. Затым па сігнале вядучага пераходзіць за наступны стол. Такіх пераходаў павінна быць 4, пакуль “госці” не вернуцца на месца, з якога пачалі свой шлях.
Правілы этыкету ў “сусветным кафэ”:
- Факусіруйцеся на найважнейшым.
- Дзяліцеся сваімі ідэямі і разважаннямі.
- Слухайце для лепшага разумення.
- Злучайце ідэі ў адзінае цэлае.
- Рабіце заметкі, стварайце на абрусах — тут гэта можна і трэба!
- Атрымлівайце задавальненне ад працэсу!
Заданні для абмеркавання:
1-ы стол. Складзіце заданні закрытага тыпу першага ўзроўню засваення вучэбнага матэрыялу на пазнаванне прымет гістарычнай з’явы (выбар двух правільных адказаў з пяці прапанаваных). Напрыклад, назавіце дзве асноўныя рысы палітыкі “ваеннага камунізму”; назавіце два мерапрыемствы, характэрныя для НЭП, назавіце асноўныя ідэі групы “Гоман”.
2-і стол. Назавіце спосабы, метады і прыёмы для адпрацоўкі ўзнаўлення па памяці азначэнняў паняццяў. Напрыклад, індустрыялізацыя, калектывізацыя сельскай гаспадаркі, калабарацыянізм, генацыд і інш.
3-і стол. Складзіце заданні адкрытага тыпу трэцяга ўзроўню засваення вучэбнага матэрыялу на здабыванне інфармацыі, прад’яўленай у гістарычных картах (карты прадастаўляюцца).
4-ы стол. Складзіце заданні адкрытага тыпу чацвёртага ўзроўню засваення вучэбнага матэрыялу на параўнанне вывучаных гістарычных падзей па прапанаваных крытэрыях; выяўленне агульных і адметных прымет; фармуляванне высноў. Напрыклад, параўнайце Брэсцкі мірны дагавор і Рыжскі мірны дагавор па прапанаваных крытэрыях; параўнайце аграрную рэформу 1861 года і Сталыпінскую аграрную рэформу па прапанаваных крытэрыях; параўнайце становішча БССР і Заходняй Беларусі ў перыяд з 1921 па 1939 год па прапанаваных крытэрыях. Зрабіце вывад.
Арганізацыя работы за сталамі, абмеркаванне кожнага задання, праз 5 мінут па сігнале вядучага каманды перамяшчаюцца.
III. Узаемаправерка распрацаваных заданняў (10 мінут).
Азнаямленне кожнай з груп з метадычнымі матэрыяламі, распрацаванымі іншымі групамі. Вынікі работы прадастаўляе “гаспадар стала”.
IV. Прэзентацыя метадычных распрацовак і вынікаў узаемаправерак “Збіраем ураджай” (10 мінут).
“Гаспадары сталоў” прэзентуюць атрыманыя вынікі ўсім групам.
V. Фармуляванне метадычных рэкамендацый (5 мінут).
Вядучы і ўдзельнікі груп фармулююць рэкамендацыі па падрыхтоўцы навучэнцаў да рэспубліканскай кантроль-
най.
VІ. Рэфлексія (5 мінут).
— Ці змаглі б вы выкарыстоўваць тэхналогію “сусветнае кафэ” ў сваёй рабоце? У якіх выпадках?
— Ці зможаце вы самастойна распрацаваць заданні для падрыхтоўкі да рэспубліканскай кантрольнай работы?
— Наколькі паспяховай была камандная работа ў групе?
— Які быў ваш уклад у работу групы?
— Ці апраўдаліся сёння вашы чаканні?
Як падрыхтавацца да выпрабавання
- Настаўнікам гісторыі рэкамендавана пры вызначэнні мэт і задач урока строга прытрымлівацца патрабаванняў да вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў, прадугледжаных вучэбнай праграмай па вучэбным прадмеце.
- На вучэбных занятках забяспечваць: максімальную ўключанасць навучэнцаў у розныя віды вучэбна-пазнавальнай дзейнасці; рэгулярную праверку выканання навучэнцамі дамашняга задання; аб’ектыўнае ацэньванне вынікаў вучэбнай дзейнасці школьнікаў у адпаведнасці з нормамі ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці па прадмеце. А таксама настаўніку неабходна прадугледжваць арганізацыю розных відаў вучэбна- пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў на ўроку: работа з інфармацыяй вучэбнага дапаможніка (у тым ліку з табліцамі, схемамі, дыяграмамі, картасхемамі), гістарычнымі паняццямі, гістарычнай картай; выяўленне прычынна-выніковых сувязей; складанне абагульняючых/параўнальных табліц; аналіз гістарычных крыніц і інш.
- Неабходным кампанентам пры падрыхтоўцы да РКР з’яўляецца своечасовае выяўленне цяжкасцей навучэнцаў пры вывучэнні вучэбнага прадмета “Гісторыя Беларусі” і правядзенне адпаведнай карэкцыі ведаў і ўменняў навучэнцаў.
- У працэсе навучання гісторыі настаўнікам рэкамендуецца больш увагі ўдзяляць фарміраванню ў навучэнцаў уменняў тлумачыць гістарычныя паняцці (канкрэтызаваць змест, вылучаць істотныя прыметы і на іх аснове фармуляваць азначэнні паняццяў); працаваць з гістарычнай картай як з крыніцай інфармацыі; параўноўваць вывучаныя гістарычныя падзеі па прапанаваных або самастойна выбраных крытэрыях, выяўляць агульныя і адметныя прыметы, фармуляваць высновы; праводзіць аналіз і сістэматызацыю даных з розных крыніц; фармуляваць свае меркаванні (аргументы) па гістарычных фактах, якія вывучаюцца.
- З мэтай фарміравання ў навучэнцаў матывацыі да вывучэння вучэбнага прадмета: прапаноўваць вучням актыўныя формы арганізацыі вучэбнай дзейнасці на ўроку (дыскусія, даследчая, праектная дзейнасць); выкарыстоўваць для пастаноўкі вучэбнай задачы фрагменты мастацкай і мастацка-публіцыстычнай літаратуры, мастацкіх і дакументальных фільмаў, фатаграфіі з месцаў гістарычных падзей і славутасцей Беларусі; арганізоўваць экскурсіі да памятных мясцін, звязаных з гістарычнымі падзеямі, якія вывучаюцца, выкарыстоўваць краязнаўчы матэрыял.
- Важным фактарам паспяховага выканання кантрольнай работы з’яўляецца сістэматычнае фарміраванне чытацкай адукаванасці навучэнцаў у працэсе навучання гісторыі, у прыватнасці выкарыстання дакументальных (візуальных) крыніц гістарычнай інфармацыі, і вывучэнне гісторыі
ў 10—11-х класах на праблемна-тэарэтычным узроўні.
Галіна РУЦІЧ,
настаўнік-метадыст, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 1 Бярозы імя В.Х.Галаўко