Як падрыхтаваць пераможцу конкурсу прафмайстэрства, ведае майстар вытворчага навучання Дзмітрый-Мар’ян Петрык

- 9:00Главная, Образование

Як падрыхтаваць пераможцу конкурсу прафесійнага майстэрства, ведае Дзмітрый­-Мар’ян Петрык, майстар вытворчага навучання Мінскага каледжа інавацыйных будаўнічых тэхналогій імя І.М.Жыжаля. З гэтага навучальнага года ён узначальвае аддзяленне па падрыхтоўцы навучэнцаў да спаборніцтваў прафесійнага майстэрства. 

Маё завочнае знаёмства з ім адбылося на чэмпіянаце высокіх тэхналогій, які праходзіў у Вялікім Ноўгарадзе. Праграма ўключала спаборніцтвы па 12 інавацыйных кампетэнцыях, у 6 з якіх удзельнічалі нашы канкурсанты. У кампетэнцыі “Сістэмы разумнага дома” Беларусь прадставіў выхаванец Д.-М.Петрыка Іван Гаўрылік, навучэнец 3 курса, а яго майстар выступіў у ролі эксперта.

— Дзмітрый Тадэвушавіч, гэтай кампетэнцыі ў пераліку нацыянальных чэмпіянатаў пакуль няма. Якім чынам вы да яе рыхтаваліся? Як увогуле змаглі на яе выйсці?

“Сістэмы разумнага дома” сёння вельмі актуальныя і вельмі запатрабаваныя сярод насельніцтва. Для многіх гараджан і сяльчан разумны дом стаў што­дзённасцю, што не дзіўна. Сістэмы разумнага дома вырашаюць бытавыя пытанні без прыцягнення чалавека, дазваляюць комп­лексна забяспечваць функцыянаванне інжынерных сістэм дома ці кватэры, зберагаюць час іх уладальнікаў, павышаюць якасць жыцця чалавека. Попыт на такія тэхналогіі сёння імкліва расце, што патрабуе адпаведных спе­цыялістаў. Улічваючы тое, што ў нашым каледжы рыхтуюць кадры па кампетэнцыі “Электрамантажныя работы”, якая перамяжоў­ваецца з “Сістэмамі разумнага дома”, то мы можам пашырыць магчымасці нашых навучэнцаў у асваенні прафесійных навыкаў, удасканаліць іх веды і тым самым павысіць статуснасць прафесіі.

— Па сутнасці, вы сталі першапраходцамі ў нашай краіне па развіцці сістэм разум­нага дома як конкурснай кампетэнцыі.

— Так, і паказалі сябе з найлепшага боку: наш Іван заняў у спаборніцтве 2-е месца сярод 10 іншых канкурсантаў, а гэта для нас прыраўноўваецца да “золата”. Заданне было няпростае і складалася з 4 модуляў: трэба было выканаць мантаж розных кабельных сістэм, элементаў кіравання і нагрузкі, а таксама элементаў сістэмы “разумнага дома”, правесці пусканаладачныя работы, запраграмаваць лагічны кантролер, скласці праграму кіравання электраўстаноўкай па зададзеных у конкурсным заданні алгарытмах. Плануем, што і на наступных конкурсах у гэтай кампетэнцыі, а таксама ў кампетэнцыі “Электрамантажныя работы” будзем прымаць актыўны ўдзел. Увогуле, такія спаборніцтвы дазваляюць азнаёміцца з новымі тэхналогіямі і абсталяваннем, прадэманстра­ваць сваё майстэрства, параўнаць сябе з іншымі канкурсантамі і паглядзець на сябе збоку. Акрамя гэтага, у такіх конкурсах загартоўваецца характар, камандны дух, завязваюцца новыя знаёмствы.

— А хто быў вашым першым канкурсантам?

Дзмітрый Кірэеў — мой першы выхаванец, з якім пачалі прадстаўляць нашу ўстанову на спаборніцтвах. Ужо на 1 курсе ён выдзяляўся сярод іншых, валодаў сур’ёзнымі навыкамі ў электрамантажных работах. Дзмітрый з сям’і электрыкаў, яго маці таксама вучылася ў нашым каледжы. У хлопца быццам закладзены генетычны код, таму ён прысвяціў сябе гэтай прафесіі і працягнуў дынастыю. Дзмітрый імгненна ўспрымаў інфармацыю, цікавіўся навінкамі ў электрамантажы, пастаянна ўдасканальваў свой прафесійны ўзровень, загартоўваў характар, замацоўваў у ім такія рысы, як адказнасць, дысцыпліна, захапленне любімай справай. Цяпер праяўляе гэтыя якасці ў ролі майстра вытворчага навучання на аддзяленні дапрафесійнай падрыхтоўкі нашага каледжа.

— А ў вас як сфарміравалася цяга да педагогікі?

Не магу сцвярджаць, што стаць настаўнікам, майстрам вытворчага навучання я марыў з дзяцінства. Хаця адзін выпадак можа навесці на такія думкі. Аднойчы, калі вучыўся ў 11 класе Варнянскай сярэдняй школы, што каля Астраўца, падчас дня самакіравання мой класный кіраўнік настаўнік геаграфіі Ула­дзімір Саленік даручыў мне правесці ўрок геаграфіі ў 9 класе. Я прапанаваў школьнікам напі­саць кантрольную работу па пройдзеных тэмах, а дзеці, успрымаючы мяне такім жа школьнікам, сталі прасіць даць спі­саць. І былі вельмі здзіўлены, калі я павёў сябе, як кажуць, па-даросламу, як настаўнік і стаў адразу наладжваць дысцыпліну, каб школьнікі не расслабляліся. Некаторыя нават тады пакрыўдзіліся на мяне, а настаўнікі заўважы­лі ўва мне пэўныя педагагічныя здольнасці і пахвалілі.

Як бачыце, майстрам вытворчага навучання стаў не на пустым месцы, хоць тады і не надаў гэтаму значэння. А вось тэхнічнымі навукамі, электронікай, электрамантажнымі работамі захапляўся па-сур’ёзнаму, таму і выбраў Мінскі вышэйшы радыётэхнічны каледж і скончыў яго па спецыяльнасці “Радыёэлектроніка” з кваліфікацыяй “педагог-інжынер”. У выніку мог працаваць на вытворчасці, аб чым і марыў, і педагогам, але гэтай магчымасці спачатку не разглядаў. Разам з тым так адбылося, што пасля размеркавання стаў працаваць майстрам вытворчага навучання ў гэтым каледжы. І працую ўжо 9 гадоў. А стаць сапраўдным прафесіяналам у гэтай сферы мне дапамагла мой педагог Святлана Сяргееўна Бусел.

— Памятаеце, як першы раз прыйшлі ў сваю вучэбную групу?

— Памятаю, як бязмерна хваляваўся. Што значыць публічна выступаць перад навучэнцамі, калі табе 22, а ім 16? І не толькі выступаць, а зацікавіць прадметам, дапамагчы засвоіць першыя прафесійныя навыкі. Учарашнія дзевяцікласнікі, будучыя электрыкі, вучацца прафесіі 3 гады. Група, як звычайна бывае, разнамасная. Адны ведаюць прадмет на ўзроўні першых навыкаў, другія крыху паглыблена, але самавучкі. На ўроку вытворчага навучання хтосьці не ўмее карыстацца адвёрткай, а іншы ўжо схему электраправодкі складае, займаецца першасным праектаваннем. Таму я напачатку імкнуўся выраўноўваць навучэнцаў у засваенні прадмета, матываваць да вучобы на прыкладзе больш моцных. У гэтым дапамагала выкладанне некаторых спецдысцыплін, што дазваляла трымаць на кантролі не толькі практычны складнік, але і тэарэтычны, і запаўняць узнікшую нішу ў ведах. За кароткі час мне ўдалося наладзіць кантакт з аўдыто­рыяй, пасябраваць з навучэнцамі і знайсці тыя рычагі, якія дазволілі мне вучыць іх прафесіі.

— Як можна знайсці падыход да сучасных падлеткаў?

Трэба ісці ў нагу з сучасным пакаленнем, пабыць у іх асяроддзі, даведацца, што ім цікава, што захапляе, і ўвогуле паставіць сябе на іх месца. Не сакрэт, што сёння інтарэсы моладзі прэваліруюць у бок мабільных гаджэтаў. Маладыя людзі захоплены сацыяльнымі сеткамі, чатамі, іх жыццё ў інтэрнэце вельмі актыўнае. Каб павысіць ціка­васць да навучання, інфармацыйныя тэхналогіі мы закладваем і ў працэс прафесійнай падрыхтоўкі. Калі гава­рыць проста, то прафесія электрыка — гэта ў асноўным навучанне прос­тым бытавым навыкам: як замяніць разетку, выключальнік, развесці разводку. Але з цягам часу прафесійная падрыхтоўка набывае новыя рысы, кола прафесійных навыкаў пашы­раецца.

Кампетэнцыя сістэм разумнага дома даказвае, што электрамантажныя работы выходзяць на новы ўзровень і патрабуюць ведаў у сферы інфармацыйных тэхналогій і праграмавання. Сёння ўсе тэмы мы раскрываем з дапамогай ІТ, інтэрактыўных дошак, спецыяльных дадаткаў у мабільных тэлефонах і ноўтбуках. Я шукаю эфектыўныя прыёмы і метады выкладання, новыя педагагічныя тэхналогіі, сам ствараю адпаведныя праграмы. Вяду дадатковыя курсы, прысвечаныя праграмаванню лагічных кантролераў, распрацоўваю адпаведныя заданні. Спачатку навучэнцы не цікавіліся курсамі, а цяпер у нас чарга з тых, хто хоча вучыцца праграмаванню. Мой выхаванец Іван Гаўрылік быў у першых радах. І ў выніку — яго выдатны поспех на спаборніцтвах.

Увогуле, з нашага каледжа выходзяць высокакваліфікаваныя спецыялісты. Заказчыкі кадраў з радасцю прымаюць іх на работу. У асноўным гэта МТЗ, МАЗ, Мінскі завод колавых цягачоў, Мінскі электратэхнічны завод, будаўнічыя ўпраўленні, прыватныя арганізацыі. Таксама многія працягваюць вучобу ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.

— Майстар вытворчага навучання нясе і выхаваўчую місію.

Я люблю спорт, захапляюся ім з дзяцінства. Займаўся лёгкай атлетыкай, потым футболам, перамагаў на спаборніцтвах, маю спартыўны разрад, рэгулярна хаджу ў трэнажорную залу. У выхаванні навучэнцаў імкнуся аб’ядноўваць іх адным заняткам, інтарэсам, ствараць каманду. Гэта дапамагае не толькі ў вольны час, але і ў час вучобы. Калі ў каледжы вырашылі стварыць футбольную секцыю, то я паступіў у БДПУ на спецыяльнасць “Фізічная культура”, скончыў універсітэт завочна і зараз магу працаваць трэнерам альбо выкладчыкам фізкультуры. Я тры разы на тыдзень вяду заняткі ў секцыі. Футбол навучэнцаў згуртаваў, яны аб’яднаны адным заняткам, якому прысвячаюць свой вольны час, і мацуюць камандны дух. Безумоўна, так расце і мой аўтарытэт. Часта да мяне звяртаюцца па дапамогу бацькі маіх навучэнцаў, маўляў, дапамажыце парадай, як знасці падыход да свайго дзіцяці. Я заўсёды іду насустрач.

— Відавочна, што вы ў пастаянным пошуку самога сябе.

Па складзе характару вельмі не люблю штодзённую руціну, калі як быццам усё добра, можна і так жыць, працаваць, але адчуванне, што стаіш на адным месцы, не дае супакаення. Мне ўвесь час хочацца нечага новага, ствараць і тварыць, тым самым самаўдасканальвацца, павышаць свой прафесійны ўзровень. Так атрымаў вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Пошук сябе падштурхнуў уключыцца ў конкурсны рух, я стаў ездзіць на стажыроўкі, прымаць удзел у рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах — атрымаў статус эксперта. Я на пастаяннай сувязі з галоўным экспертам краіны па кампетэнцыі “Электрамантажныя работы” Уладзіславам Краўцовым, выпускніком Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа мантажных і пад’ёмна-транспартных работ. Ён не раз перамагаў на рэс­публіканскіх і міжнародных чэмпіянатах прафесійнага майстэрства, а сёння рыхтуе навучэнцаў да прафесійных спаборніцтваў, выступае з майстар-класамі, праводзіць семінары для экспертнага супольніцтва, мы разам распрацоўваем конкурсныя заданні. Я ўключыўся ў пошук адораных навучэнцаў, якія захоплены сваёй прафесіяй і гатовы паказ­ваць сваю падрыхтоўку ў спаборніц­твах. Займаюся падрыхтоўкай канкурсантаў да спаборніцтваў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню і сам расту разам з імі.

Ала КЛЮЙКО
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ