Фарміраванне сямейных каштоўнасцей адбываецца не толькі праз узаемаадносіны з бацькамі, дзядулем і бабуляй, але і праз сумеснае чытанне кніг.
Пытанням гендарнага і сямейнага выхавання шмат увагі ўдзяляюць педагогі, не засталіся збоку ад хвалюючай праблемы і пісьменнікі. Як зазначыла Алена Стэльмах, яе галоўная мэта як пісьменніцы — засяродзіць увагу чытача на сям’і як найвялікшай каштоўнасці грамадства. Нездарма існуе вельмі трапнае выслоўе: “Моцная сям’я — моцная дзяржава”. Нацыянальны арыенцір — гэта сямейныя каштоўнасці.
Як педагог я ўпэўнена, што праз чытанне казак Алены Стэльмах у дзяцей фарміруюцца сямейныя каштоўнасці, забяспечваецца пераемнасць сямейных традыцый. Невыпадкова кніга “Пашка і сонечны праменьчык” адзначана Нацыянальнай літаратурнай прэміяй.
У кнігу ўвайшлі 8 казак, у кожнай з якіх расказваецца пра важныя прынцыпы выхавання дзіцяці. Пасля прачытання твораў складваецца пэўная сістэма сямейных каштоўнасцей. Кожная з казак па-свойму раскрывае сакрэты сямейных узаемаадносін, паказвае разнапланавую ролю маці, бацькі, вялікі ўплыў на ўнукаў дзядуляў і бабуль.
У кожнай казцы падзеі ці адбываюцца ў сям’і, ці пэўным чынам звязаны з ёй. Героі — дзеці і іх бацькі. У чытача складваецца мадэль пэўных узаемаадносін паміж сямейнікамі. У аснове іх — пяшчота і любоў.
Другі прынцып узаемаадносін — патрабавальнасць і строгасць да дзяцей. У казках гаворыцца: “Ім толькі дай волю!”, “У строгіх матуліных словах адчувалася пяшчота і любоў. Мацярынскае сэрца поўнілася шчасцем ад таго, што ўся яе сонечная сямейка сабралася разам у прасторным Неба-доме. Любая сям’я трымаецца на ўзаемадапамозе”, “Якой бы агністай зоркай ні была маці-Сонца, без дапамогі ўвішных дзетак-праменьчыкаў ёй было б не ўправіцца”.
Задача маці — вучыць сына або дачку адказным паводзінам, сумленна ставіцца да выканання сваіх абавязкаў. Вось як у казцы маці-Сонейка тлумачыць жыццёвыя ісціны: “Гультайства — пачатак усіх бед”, “Слязамі няшчасце не адгоніш”, “Ведай: лепш самому пацярпець, чым каго іншага пакрыўдзіць”.
Адзін з прынцыпаў выхавання, які закладзены ў народнай педагогіцы, грунтуецца на працы. Бацькі сваім прыкладам павінны прывучаць дзяцей да работы. Сумесная праца — аснова выхавання.
Вобраз бацькоў аўтар малюе як самых аўтарытэтных людзей. Маці заўсёды выступае як дарадца, да яе ідуць па параду. Напрыклад: “Навошта нам крыўдзіць павучка? Ён такі маленькі і бездапаможны. Да ўсяго трэба ставіцца з разуменнем, усё трэба любіць такім, якое яно ёсць”. А бацька для дзяцей з’яўляецца непахісным аўтарытэтам.
Выхоўваць можна не толькі прыкладам, але і словам. У казцы “Нечаканая знаходка” кранае эпізод з’яўлення ў кватэры бяздомнага кацяняці. Дзяўчынкі баяліся адмоўнай рэакцыі бацькоў, аднак словы разважлівага таты іх падбадзёрылі: “Ніколі і нікога нельга пакідаць у бядзе. Майце на ўвазе, што зараз за сваю знаходку вы несяце сур’ёзную адказнасць”.
Менавіта ў сям’і дзіця атрымлівае асновы культуры і этыкету.
Як сцвярджае А.Стэльмах, сям’я — гэта група аднадумцаў, паміж якімі пануе сяброўства. Прыклады з твораў: “Цікаўныя і дасціпныя, праменьчыкі моцна сябравалі, чаму маці вельмі радаваліся”, “Бацькі, ведаючы цікавасць сына да неба і палёту, усе разам адпраўляюцца ў адпачынак на самалёце”, “Дома працаўніцу Броню чакала дружная пчаліная сям’я. І калі яна не з’явілася ў час, усе сваякі не на жарт расхваляваліся”.
Адзін з прынцыпаў сямейнага выхавання грунтуецца на еднасці пакаленняў, калі ў жыцці дзяцей прысутнічаюць бабуля і дзядуля. Знаходзім у казках такія эпізоды: “Цікавасць Віталіка да неба і палёту раздзяліў дзед Алесь Пятровіч”, “Каб падтрымаць хлопчыка, ён навучыў яго рабіць самалёцікі з паперы. Часам спаборнічалі, чый паляціць далей”. Важна, каб дзіця чула словы пахвалы, гэта надае ўпэўненасці, веры ў тое, што ўсё атрымаецца: “Шурыку сваімі паслухмянымі паводзінамі захацелася заслужыць пахвалу ў грознага, на іх погляд, дзеда. Мудры, ён ведаў, як падабраць чароўны ключык да дзіцячых сэрцаў. І стары лагодай ды спагадай растапіў у юных душах вострыя ледзяшы затоенай боязі”.
Дзед даваў розныя даручэнні, а прыкмеціўшы спрыт унука, стараўся хлопца падахвоціць.
Як сцвярджае аўтар, дзеці — вялікая ўзнагарода, сэнс чалавечага жыцця. Без дзяцей сям’я не сям’я. У казцы “Дуб і крумкач” з вуснаў мудрага Дуба-бацькі гучыць ісціна: “Час, калі станеш бацькам, варты ўсяго жыцця”. Задаволены з’яўленнем парасткаў, ён прызнаўся: свой бацькоўскі абавязак выканаў сумленна.
Асаблівую ўвагу ў кнізе аўтар звяртае на сямейныя традыцыі, якія перадаюцца з пакалення да пакалення. Добра абмеркаваць увечары падзеі дня, адсвяткаваць радасную падзею пірагом і гарбатай. Варта запрасіць на ўрачыстасць бабулю і дзядулю. Такія моманты яднаюць усіх, збліжаюць.
Добрай традыцыяй з’яўляецца сямейнае чытанне кніг, у прыватнасці чытанне казак перад сном малым дзеткам. Кніга — цудоўны сродак выхавання, падкрэслівае А.Стэльмах.
У беларускай парэміялогіі шмат прыказак з лексемамі “сям’я”, “бацька”, “маці”. Многія з іх знайшлі адлюстраванне ў казках Алены Стэльмах.
Прыказка |
Эпізоды з твораў Алены Стэльмах. Мае думкі |
Дзетак узгадаваць — не курак пасклікаць |
Выхаванне дзіцяці — гэта штодзённая праца бацькоў па фарміраванні асобы |
Бацька фарміруе розум, а маці лашчыць цела і душу |
Сям’я абавязкова павінна быць поўнай. Роля бацькі і маці ў працэсе выхавання вельмі значная |
Умеў дзіця нарадзіць, умей і навучыць |
Неабходныя ў жыцці навыкі фарміруюць бацькі. Гэты працэс пастаянны |
Адно дзіця не дзіця, двое дзяцей — палавіна дзіцяці, трое дзяцей — цэлае дзіця |
Мнагадзетнасць у нашых продкаў была нормай. У казцы “Супоўніца Міла” Эмілька выхоўваецца ў мнагадзетнай сям’і. У Марціна 5 унукаў. А.Стэльмах вітае думку, што сям’я павінна быць вялікай |
У каго ёсць бабуля і дзед, той не ведае бед |
У творах дзед Марцін вучыць унука ганчарнай справе. Алесь Пятровіч майструе папяровы самалёцік |
За агульным сталом ежа смачнейшая |
Сям’я збіралася за сталом кожную нядзелю. Дужа хвалілі боршч і дарослыя, і дзеці |
Пры сонейку цёпла, пры мамцы добра. Ад роднага таткі дорагі і латкі |
Маці павучае Віталіка ціха, спакойна. Мама строгая, але пасля падабрэла. “Хлопчык вінавата зазіраў у матчыны падабрэлыя вочы” |
Дружная сям’я не ведае смутку |
Многія справы, у тым ліку і адпачынак, праходзяць сумесна. Дзед і ўнук спаборнічаюць, чый самалёцік паляціць далей (казка “Папяровы самалёцік”) |
Бацькоўскае слова дарэмна не гаворыцца |
Сын Янка прыслухоўваецца да слоў бацькі. Тата для яго вялікі аўтарытэт. “Бацька дарма з месца не сарве. Значыць, ёсць у тым асаблівая патрэба” |
Які род, такі і плод |
“Род Янкі Жывіцы моцна стаяў на зямлі. Прашчуры роду прыкіпелі душой да лесу” |
Дзеткі добрыя — бацьку-маці вянок |
Трэба такіх дзяцей выхаваць, каб табе чужыя людзі дзякавалі. “Палясоўшчыкі дзякавалі бацьку за сына” |
Народная мудрасць сцвярджае: “Хто бацькоў шануе, той давеку не гіне”. У сваіх творах аўтар не перастае схіляць чытача да шанавання бацькоў, павазе да іх, у далейшым — да пераймання іх найлепшых чалавечых якасцей. Прыклад старэйшых — аснова выхавання і сталення асобы.
Якая сям’я ідэальная? З твораў пісьменніцы, відавочна, што гэта поўная сям’я, дзе пануюць узаемапавага, разуменне. Усе сямейнікі дапамагаюць адно аднаму, падтрымліваюць словам і справай. Бацькі шмат часу бавяць з дзецьмі, у іх ёсць агульныя заняткі, а дзеці паважаюць старэйшых.
Лічу, што казкі Алены Стэльмах варта чытаць разам з дзеткамі. Няхай сумеснае прачытанне прынясе асалоду!
Фота на прэўю з сайта pixabay.com, носіць ілюстрацыйны характар