Старт навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” сёлета будзе дадзены ў паўночным рэгіёне: дзе плануецца галоўная пляцоўка. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сустрэчу па падрыхтоўцы да свята правёў у Віцебску намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі — начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Аляксандр Мацюшонак. У абмеркаванні рабочых пытанняў таксама прынялі ўдзел дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільчанка, загадчык філіяла КЗ “Віцебск” Цэнтра культуры “Віцебск” Уладзімір Варанецкі, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Алена Багдановіч.
— Пад патранатам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі акцыя “Нашы дзеці” праводзіцца па ўсёй краіне ўжо больш за чвэрць стагоддзя, — адзначыў Аляксандр Мацюшонак. — Яна стала не толькі добрай традыцыяй, але і адным з яркіх сімвалаў бескарыслівасці, клопату, яднання пакаленняў у сучаснай гісторыі нашай дзяржавы. Беларусь актыўна рыхтуецца сустрэць свята. У тым ліку ідзе поўнамаштабная падрыхтоўка да яго адкрыцця ў Віцебску, якое плануецца 16 снежня. Творчы патэнцыял задзейнічаных калектываў магутны, галоўная пляцоўка вельмі дастойная, з сучаснымі тэхнічнымі магчымасцямі. Цяпер канцэптуальна прапрацоўваецца сцэнарый. Упэўнены, усё пройдзе на высокім узроўні.
Па словах прадстаўніка Міністэрства адукацыі, з мінулага года быў апрабаваны новы фармат, калі афіцыйны старт акцыі адбываецца не ў сталіцы, а ў рэгіёнах. Першай была Брэсцкая вобласць: марафон добрых спраў адкрылі ў рэзідэнцыі Дзеда Мароза, якая знаходзіцца ў Белавежскай пушчы. Цяпер эстафета перададзена Віцебшчыне. Тут месцам свята выбрана адна з галоўных сцэн міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар” — канцэртная зала “Віцебск”.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара і ЦК “Віцебск”