Дзейнасць педагогаў ваўкавыскага сада № 6 накіравана на рэалізацыю асаблівых адукацыйных патрэб кожнага дзіцяці

- 11:02Знак качества, Образование

Быць адкрытай педагагічнай сістэмай і працаваць у пашыраным спектры адукацыйных паслуг для дзіцячага сада № 6 Ваўкавыска звычайны парадак дня. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Рэалізацыя ідэй інклюзіўнай адукацыі сёння з’яўляецца адным з вядучых напрамкаў дашкольнай адукацыі. У 6-м садзе Ваўкавыска гэтае пытанне даўно на кантролі, таму дзейнасць педагагічнага калектыву накіравана на рэалізацыю асаблівых адукацыйных патрэб кожнага дзіцяці і аказанне ім неабходнай дапамогі і падтрымкі. Уся прастора дзіцячага сада аформлена пад вучэбныя і выхаваўчыя запыты дзяцей. Разам з тым не страчана атмасфера цеплыні і ўтульнасці.

“Адзіная і даступная для ўсіх наведвальнікаў сада адукацыйная прастора ўлічвае розныя адукацыйныя патрэбы. У нас 52 выхаванцы з АПФР, з іх 4 — дзеці-інваліды. Ахоп спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай складае 100% і ажыццяўляецца ў межах функцыянавання спецыяльнай групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, трох груп інтэграванага навучання і выхавання. Ва ўстанове з 2012 года працуе пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Яшчэ адзін акцэнт, які робіцца ў рамках стварэння спецыяльных умоў, — гэта ўстойлівая практыка кантролю педагагічных работнікаў, што дазваляе ажыццяў­ляць персанальнае суправаджэнне ў адукацыйным працэсе дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра”, — адзначыла загадчыца дзіцячага сада Вольга Самайлюк.

Педагагічны працэс педагогі-дэфектолагі будуюць з улікам карэкцыйнай дзейнасці. Ён арганізаваны з апорай на структуру, ступень цяжкасці фізічнага або псіхічнага парушэння, на вучэбна-праграмную дакументацыю. Старанна прадумваюцца змест і этапы работы, робяцца акцэнты на развіцці пазнавальнай актыўнасці, фарміраванні інтэлектуальных уменняў, узбагачэнні слоўнікавага запасу дзяцей, фарміраванні камунікатыўных уменняў, сацыяльна-бытавых навыкаў і ўзбагачэнні эмацыянальнай сферы кожнага выхаванца.

З 2022 года дзіцячы сад уваходзіць у пералік 110 пілотных пляцовак праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Інклюзіўная адукацыя: спрыяльнае асяроддзе для рэалізацыі патэнцыялу кожнага дзіцяці”, які ажыццяўляецца ў партнёрстве з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і пры фінансавай падтрымцы ўрада Расійскай Федэрацыі.

Для стварэння адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя, якое дазваляе навучэнцам з АПФР і інваліднасцю больш паспяхова засвойваць праграмны матэрыял, захоўваць і ўмацоўваць здароўе, узаемадзейнічаць з навакольнымі нароўні з аднагодкамі, ва ўстанове вядзецца актыўная работа па набыцці асістыўнага абсталявання; усталяваны пандус, поручні ў санвузле групы інтэграванага навучання і выхавання.

Павышэнню якасці дашкольнай адукацыі спрыяе ўдзел педагагічнага калектыву ўстановы ў эксперыментальным праекце “Апрабацыя рознаўзроўневага зместу адукацыі выхаванцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з улікам прынцыпу інклюзіўнасці”.

Педагагічны калектыў дзіцячага сада характарызуецца стабільнасцю і высокай прадукцыйнасцю дзейнасці. Сваё прафесійнае майстэрства і кампетэнтнасць педагогі дэманструюць на рознага ўзроўню метадычных аб’яднаннях, у перыядычным друку і, канечне ж, у рабоце з выхаванцамі.

У групе выхавальніц Алены Макавецкай і Ганны Амброс гульня ішла поўным ходам. Малыя, адзеў­шы кухарскія каўпакі, з вялікай цікавасцю завіхаліся каля посуду з цацачнай смакатой. Заніраванне гульнявой прасторы дапамагае арыентаваць выхаванцаў у вывучаемых тэмах. Асобна прадстаўлены дыдактычныя гульні, распрацоўкай якіх педагогі займаюцца не першы год. Каляровыя папкі з разнастайнымі малюнкамі сведчаць, што гульні складзены ў сістэму (па тэмах) і поўнасцю адпавядаюць праграмным патрабаванням.

Педагагічны і метадычны та­лент выхавальнікаў не абмяжоўваецца апісаннем гульні. Алена Вячаславаўна і Ганна Іванаўна — натуры творчыя, з багатай фантазіяй. Здагадацца вырабіць кавалачкі торта з губак для мыцця посуду зможа не кожны. Як і ўпакоўку з прывычнымі сасіскамі для гульні ў магазін.

Такія ж таленавітыя і крэатыўныя педагогі сустрэлі нас і ў наступным кабінеце — настаўнік-дэфектолаг у групе ін­тэграванага навучання і выхавання Людміла Вярстак і выхавальніца Таццяна Касцюк, якая ажыццяўляе персанальнае суправаджэнне дзетак з РАС. Іх метадычныя і гульнявыя распрацоўкі ўразілі не менш.

Спецыфічнымі патрэбамі дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра абумоўлена наяў­насць у групе візуальнай падтрымкі ў выглядзе схем, картак, умоўных абазначэнняў, надпісаў, раскладаў, спецыяльных цацак. Усё гэта было прадстаўлена ў Людмілы Пятроўны і Таццяны Фёдараўны. Спецыялісты ўстановы адзначылі, што прымяненне сродкаў альтэрнатыўнай камунікацыі зніжае частату непажаданых паводзін, павышае ў дзіцяці жаданне мець зносіны, паляпшае разуменне дзіцячых патрэб.

“Практыка паказала, што вель­мі станоўча на дзетак з асаб­лівымі патрэбамі дзейнічае музыка. Заняткі па музычным мастацтве дапамагаюць прая­віць здольнасці ў апрацоўцы танальнасці, маркіроўцы эмоцый у музычных перавагах выхаванца, з’яўляюцца для яго магутным стымулятарам развіцця эмацыянальнай сферы, павышаюць якасць камунікацыі, узмацня­юць здольнасць да самарэгуляцыі, павышаюць мышачны тонус”, — адзна­чыла намеснік загадчыка  дзіцячага сада Аксана Веруш.

У наступным годзе дзіцячы сад № 6 Ваўкавыска адзначыць паўвекавы юбілей. Дашкольная ўстанова адпавядае абсалютна ўсім існуючым трэндам. Паспяховасць рэалізацыі ідэй адукацыйнай інклюзіі забяспечвае цеснае ўзаемадзеянне з бацькамі, якія сталі паўнавартаснымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара