Новы футбольны праект стартаваў у наваполацкім дзіцячым садзе № 36

- 10:10Образование

Выхаванцаў дзіцячага сада № 36 Наваполацка будуць вучыць тактычным і тэхнічным навыкам гульні ў футбол. У дашкольнай установе стартаваў новы праект. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Самы спартыўны

Гэты наваполацкі сад — самы новы ў горадзе і са­мы вялікі ў Віцебскай вобласці: зараз яго наведва­юць 290 дзетак, тут працуе 17 груп.

— Памеры нашай тэрыторыі і праўда ўражва­юць, — расказвае намеснік загадчыцы сада па асноўнай дзейнасці Святлана Удодава, якая сустракае мяне ля сучаснай спартыўнай пляцоўкі. — Тут можна займацца любымі відамі спорту, гуляць у актыўныя гульні, у тым ліку ў футбол. Яго лю­бяць і дарослыя, і дзеці, таму праблем з запускам абласнога творчага праекта “Далучэнне дзяцей да­школьнага ўзросту да сістэматычных заняткаў спортам праз авалоданне практычнымі, тактычнымі і тэхнічнымі навыкамі гульні ў футбол” у нас не ўзнікла.

Тым не менш за гэтай афіцыйнай назвай хаваецца вялікая дзіцячая радасць паганяць мяч, а ў хлопчыкаў — мара пра вялікую дарослую гульню. Цікава, што да праекта з задавальненнем далучаюцца і дзяўчынкі, а таксама бацькі, бабулі і дзядулі дзяцей.

— Пакуль што мы праводзім заняткі па футболе два разы на тыдзень, пачынаючы з сярэдняй групы, — працягвае Святлана Дзмітрыеўна. — Дзеці адпрацоў­ваюць розныя элементы гульні, вучацца валодаць мячом, гуляюць спачатку ў парах, потым разам. Можна сказаць, гэта такі падрыхтоўчы этап — калі ў школе яны захочуць займацца футболам сур’ёзна, ім бу­дзе лягчэй. Праект, да якога мы далучыліся па іні­цыятыве загадчыцы нашага сада Святланы Казлоўскай, разлічаны на тры гады. Але калі бацькі і дзеці захо­чуць яго працягнуць — калі ласка.

— Футбол, як любы від спорту, карысны для здароўя дашкалят, — заўважае кіраўнік фізічнага выхавання Яўгенія Сухарава. — У малых, акрамя рухальных навыкаў, развіваюцца хуткасць рэакцыі, вытрымка, моц, лідарскія і камандныя якасці, аналітычныя здольнасці.

Дарэчы, перад тым як пачаць футбольны праект, дзяцей некаторы час знаё­мілі з гульнёй: яны хадзілі на гарадскі стадыён, наведвалі спартыўны футбольны клуб “Нафтан”, дзе мелі магчымасць пазнаёміцца з сапраўднымі футбалістамі.

На базе ўстановы праводзіўся абласны семінар пры падтрымцы Беларускай федэрацыі футбола.

На любы густ

У садзе, куды дзетак бя­руць з аднагадовага ўзросту, 87 супрацоўнікаў, з іх 36 педагогаў. Ён размяшчаецца ў адным будынку з філіялам гімназіі № 1 Наваполацка, але фактычна гэта розныя ўстановы. Тым не менш дашкаляты могуць карыстацца стадыёнам школы. Заняткі з малышамі право­дзяць кіраўнікі фізічнага выхавання, якіх тут 4. У прасторнай зале ЛФК з дзецьмі са спецыяльнай групы зай­маецца педагог Святлана Бельчанка. Яна адзначае, што рэгулярныя размінкі вельмі важныя для агульнага развіцця такіх дзетак. Асаблівая гордасць сада — вялікі басейн 10 на 5 метраў, яго максімальная глыбіня — 1,2 метра.

— Гэта басейн для сур’ёзных маленькіх плыўцоў, — усміхаецца Святлана Дзмітрыеўна. — Плаванне ў нас канкурыруе па папулярнасці з футболам. Хацелася б, каб па плане заняткаў у басейне для дзетак было больш, чым раз на тыдзень, — малыя вельмі просяцца.

У вадзе дашкаляты займаюцца з трохгадовага ўзросту, тут праходзяць як урокі плавання, так і проста гульні, а таксама мерапрыемствы і святы, напрыклад, “Дзень Нептуна”.

Таксама ў дашкольнай установе працуюць гурткі па харэаграфіі, карыстаецца попытам і дзіцячы фітнес.

— З 20 дзетак нашай групы на фітнес ходзяць 17! — расказвае выхавальніца Таццяна Гайдаржы. — Прычым займаюцца кожны дзень. Лічу, нашы спартыўныя гурткі — сапраўдны падарунак для выхаванцаў і бацькоў: далёка не ва ўсіх ёсць час і магчымасць вазіць малых у іншае месца. А калі гэта ўсё ў садзе, ды яшчэ і бясплатна, — вялікая радасць для дзяцей і дапамога дарослым. Галоўнае, каб у саміх дашкалят было гарачае жаданне займацца тым жа фітнесам ці футболам.

Крэатыў і неабыякавасць

— Адкрыццё ў Наваполацку новага дзіцячага сада было вялікай падзеяй. Усе ведалі: ён будзе вялікі, нестандартны. На ўрачыстай цырымоніі прысутнічала Наталля Качанава, тады намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі, — успамінае Святлана Удодава. — Наталля Іванаўна ўручыла нам сертыфікат на набыццё спартыўнага інвентару, быццам даўшы саду пуцёўку ў спартыўную будучыню. Для забеспячэння камфортнага і бяспечнага знаходжання дзяцей ва ўстанове пры будаўніцтве былі прыменены інавацыйныя падыходы. У садзе ёсць спартыўная зала, зала ЛФК, басейн і зала для сухога плавання.

Мы вельмі ганарымся нашымі педагогамі. Яны ў нас вельмі творчыя, крэатыўныя ва ўсім — не толькі ў спорце. У гэтым залог нашага іміджу і папулярнасці.

Установа мае нямала спартыўных дасягненняў: яе педагогі перамагалі на гарадскіх спаборніцтвах па плаванні сярод жанчын — работнікаў устаноў да­школьнай адукацыі Наваполацка. Ёсць у выхавальнікаў дыпломы з гарадскіх конкурсаў па кросе і дартсе. А ў 2021 годзе выхаванец Даніла Смарчкоў атрымаў грамату на адкрытым гарадскім турніры па хуткіх шахматах для дзяцей.

На развітанне зноў праходзім па тэрыторыі да­школьнай установы — тут разбіты невялікі экзатычны сумахавы сад, у якім ужо гуляюць дзеці. Прыгожыя клумбы, туі, газоны — вялікая прастора дазваляе разгуляцца фантазіі. Ёсць нават “Камень, які прадказвае надвор’е”. Побач з ім знахо­дзіцца драўляная таблічка, на якой з гумарам напісана: калі камень мокры — ідзе дождж, калі яго не бачна — туман, калі ён белы — снег, калі сіні — мароз, а калі яго няма — прайшоў тарнада. І так ва ўсім — кожная дэталь прадумана з крэатывам. Яшчэ адна цікавая знаходка — “зялёны раяль”, абвіты раслінамі, — копія таго, які выстаўляецца штогод на фестывалі “Славянскі базар”. Раяль супрацоўнікі сада аформілі сваімі рукамі.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара