Творчыя адносіны да справы. Чым прываблівае цэнтр дадатковай адукацыі ў Высокім Камянецкага раёна

- 10:05Образование

З ранку да вечара прасторныя калідоры Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Высокага Камянецкага раёна напоўнены вясёлым шматгалоссем хлопчыкаў і дзяўчынак, якія прыходзяць сюды, каб разам з педагогамі адправіцца ў свет творчасці і дзіўных адкрыццяў. У такім рэжыме цэнтр працуе ўжо амаль 70 гадоў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Ва ўстанове створаны неабходныя ўмовы для заняткаў харэаграфіяй, спевамі, інфарматыкай, экалогіяй, краязнаўствам, швейнай справай, спортам і яшчэ многім-многім іншым. А блізкае суседства з мясцовай школай толькі дапамагае ў рабоце.

Аб’яднанне па інтарэсах “Эказнайка” (кіраўнік Людміла Сідарава)

Сёння ў цэнтры займаюцца звыш 1,1 тысячы дзяцей, якія наведваюць 104 аб’яднанні па інтарэсах. Улічваючы, што ў Высокім пражывае ўсяго каля 5,5 тысячы чалавек, гэта не так і мала. Але ўстанова гатова прыняць яшчэ больш — магчымасцей хапае.

Студыя выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Фантазёры” (кіраўнік Святлана Дземенцяюк)

— Кожны дзень да нас прыходзяць ад 200 да 270 хлопчыкаў і дзяўчынак, а па суботах удвая больш, — расказвае дырэктар цэнтра Міхаіл Дудар, які змяніў на гэтай пасадзе сваю маці Людмілу Рыгораўну (яна і зараз тут працуе). — Некаторыя аб’яднанні па інтарэсах дзейнічаюць на базе школ і дзіцячых садоў раёна. У сваёй рабоце педагогі выкарыс­тоўваюць 32 аўтарскія праграмы, у тым ліку пяць індывідуальных (для заняткаў з асаблівымі дзецьмі). Радуе, што многія выхаванцы наведваюць цэнтр на працягу не аднаго года, прычым адразу некалькі аб’яднанняў. 11 профіляў дазваляюць кожнаму выбраць занятак па душы. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца аб’яднанні, звязаныя з выяўленчым мастацтвам, дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, мастацкай самадзейнасцю і прыродазнаўча-матэматычнымі ведамі.

Кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Каляровая стужачка” Таццяна Краўчук з выхаванкай Марыяй Нікалаевіч

Сярод “доўгажыхароў” цэнт­ра — дзевяцікласніца Марыя Нікалаевіч з Высокаўскай сярэдняй школы імя М.М.Рудэнкі. Юная рукадзельніца ўжо дзевяць гадоў займаецца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, бо ёй вельмі падабаецца ствараць прыгожыя рэчы сваімі рукамі. Дзяўчынка пад кіраўніцтвам педагога Таццяны Краўчук асвоіла розныя тэхнікі, але перавагу аддае вышыванню стужкамі. Марыя вынікова ўдзельнічае ў раённых і абласных творчых конкурсах.

У цэнтры паспяхова ажыццяўляюцца практыка-арыентаваныя праекты сацыяльнага характару (“Здай батарэйку — выратуй вожыка!”, “Маленькая накрыўка — вялікая дапамога”).

Рэалізаваны праекты па праф­арыентацыі навучэнцаў і арганізацыі шостага школьнага дня, першы з якіх быў адзначаны ў 2022 годзе дыпломам ІІІ ступені на рэспубліканскім узроўні.

Педагогі цэнтра актыўна выкарыстоўваюць у рабоце інфармацыйныя тэхналогіі. Так, QR-коды шырока прымяняюцца ў арганізацыі квестаў, прысвечаных традыцыям і падзеям Высокага: “Легенды роднага горада”, “Падарожжа ў часе”, “Казкі старога парку”. Назапашаныя матэрыялы ляглі ў аснову метадычнай распрацоўкі “Выкарыстанне квестаў у практыцы грамадзянска-патрыятычнага выхавання”, якая па выніках ХІХ Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі была адзначана дыпломам ІІ ступені. Аўтары распрацоўкі — Алена Зай­цава, Наталля Сафроненка, Людміла Сідарава і Аліна Васілюк.

Не менш цікавай атрымалася і віртуальная карта гарадскога парку “Звычайны і нядзіўны цуд”, створаная ў рамках конкурсу “Маршрут ад мясцовых”.

— На нашым сайце можна азнаёміцца не толькі з аб’яднаннямі па інтарэсах, вопытам работы педагогаў, майстар-класамі для навучэнцаў і калег, дыстанцыйнымі заняткамі, — заўважае намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Таццяна Дзеркач. — Увагу наведвальнікаў прыцягвае раздзел, звязаны з дзейнасцю рэспубліканскай апорнай метадычнай пляцоўкі, якой з’яўляецца цэнтр. Пляцоўка, дзе прадстаўлены розныя праекты, майстар-класы і метадычныя распрацоўкі, створана два гады назад для падтрымкі, аховы і папулярызацыі сярод мола­дзі культуры Брэстчыны, абагульнення і распаўсюджвання вопыту фальк­лорнага мастацтва, удасканалення і развіцця сістэмы дадатковай адукацыі.

Дырэктар цэнтра Міхаіл Дудар і яго намеснік Таццяна Дзеркач

Цікавасць выклікаюць ролікі з майстар-класамі па выяўленчым мастацтве, дэкаратыўна-прыкладной творчасці і развучванні рэгіянальных побытавых танцаў, выкладзеныя на YouTube-канале цэнтра. Акрамя іх, там ёсць і сацыяльныя ролікі, знятыя навучэнцамі. Канал асвятляе аздараўленчую кампанію, конкурсы, святы, канцэрты і дзейнасць творчых калектываў. А ў Instagram ладзяцца анлайн-конкурсы (фотамарафон “Сэлфі з педагогам”, “Я і мая сям’я”), размяшчаюцца відэаролікі (“Дзеці ў сям’і”), дзіцячыя малюнкі да розных свят і інш.

Аб’яднанне “Фіеста” (кіраўнік Сняжана Курбанава)

Але пра цэнтр добра веда­юць у горадзе і раёне не толькі дзякуючы інтэрнэту. Установа з’яўляецца арганізатарам і ўдзельнікам шматлікіх мерапрыемстваў на Камянеччыне. Трэці год запар высокаўскія педагогі і іх выхаванцы ладзяць святочны канцэрт у Нацыянальным парку “Белавежская пушча” для ўдзельнікаў міжнароднага культурна-адукацыйнага праекта “Цягнік Памяці”. Нала­джана цеснае супрацоўніц­тва з гарадскім Домам культуры, раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях, Высокаўскім дзяржаўным аграрным каледжам, мясцовай царквой і санаторнай школай-інтэрнатам, Чырвоным Крыжам, тэрытарыяльным цэнт­рам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, прадпрыемствамі.

— Пры арганізацыі мерапрыемстваў акцэнтуем увагу на іх якасці і змястоўным напаўненні, — падкрэслівае Міхаіл Ду­дар. — Абавязкова заахвоч­ваем удзельнікаў, прычым не толь­кі граматамі і дыпломамі, але і
падарункамі. Радуе, што актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах і бацькі выхаванцаў, якія таксама не застаюцца без прызоў.

Асаблівая гордасаць цэнт­ра — узорныя калектывы: клуб аматараў фальклору “Катрынка” (кіраўнікі Алена Зайцава, Алена Краўчук і Наталля Сафроненка) і аматарскае аб’яднанне “Белавежская цявінка” (кіраўнік Ала Карпава), якія дзейнічаюць больш за 20 гадоў.

— Гэтыя калектывы ствараліся з мэтай адраджэння і папулярызацыі мясцовых народных звычаяў і традыцый, — гаворыць Таццяна Дзеркач. — Дзеці з задавальненнем шукаюць, запісва­юць і выконваюць народныя песні і танцы, распаўсюджаныя на малой радзіме, паказваюць абрады, вывучаюць гісторыю беларускага фальклору, цікава і з карысцю праводзяць час. У навакольных вёсках выхаванцы знаёмяцца з асаблівасцямі мясцовай гаворкі, народнымі абрадамі, касцюмамі, гульнямі і песнямі. Арыгінальныя выступленні юных аматараў фальклору карыстаюцца нязменным поспехам у гледачоў. На рахунку ўзорных калектываў шматлікія ўзнагароды, атрыманыя па выніках творчых аглядаў-конкурсаў, фестываляў і выстаў.

Штогод на базе цэнтра працуе летні аздараўленчы лагер “Апельсін” з кругласутачным знаходжаннем 55 дзяцей ва ўзросце ад 8 да 13 гадоў. Пабываць у ім імкнуцца не толькі мясцовыя жыхары, але нават і брэстаўчане. Сакрэт пос­пеху — у цікавым і насычаным жыцці летніка, арганізаваным творчымі педагогамі.

— Сёлетняя змена “Роднымі сцяжынамі” мела грамадзянска-патрыятычны профіль, — адзначае Таццяна Дзеркач. — Праграма лагера ўключала шмат гульнявых, забаўляльных і спартыўных мерапрыемстваў, зай­мальных квестаў, захапляльных прагулак па родным краі, пазнавальных сустрэч з цікавымі
лю­дзьмі, экскурсій у розныя арганізацыі і на прадпрыемствы.

Другі год на базе ўстановы дзейнічае занальны цэнтр, створаны для арганізацыі занятасці сельскіх школьнікаў па суботах. Яго наведваюць выхаванцы вась­мі ўстаноў адукацыі, для якіх ладзяцца краязнаўчыя віктарыны (“Знаўца беларускай мовы”, “Што я ведаю пра Беларусь”), прафілактычныя, прававыя, інтэлектуальныя і спартыўныя гульні (“У дарожных знакаў няма выхадных”, “Энергазберажэнне ў жыцці кожнага”, “Знаўцы права”, “Перагортваючы старонкі гісторыі”, “Вясёлыя забавы з мячом”, “Быць здаровым — модна”), а таксама майстар-класы па маляванні, выпальванні і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Па словах Міхаіла Дудара, падобны фармат работы вельмі запатрабаваны, у тым ліку навучэнцамі мясцовай санаторнай школы-інтэрната, размешчанай праз дарогу ад цэнтра.

Цікавая і рознабаковая дзейнасць высокаўскіх педагогаў адзначана на розных узроўнях, як і дасягненні іх выхаванцаў. Пералік узнагарод за апошнія два гады ўражвае і не змяшчаецца на дзвюх старонках тэксту. Так, па выніках мінулага года цэнтр адзначаны дыпломам ІІІ ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама за высокія паказчыкі ў сваім развіцці. Сцэнарная распрацоўка навагодняй конкурсна-гульнявой праграмы, падрыхтаваная культарганізатарам Наталляй Гарбачук, прызнана сёлета лепшай у краіне. Штогод цэнтр перамагае ў раённым конкурсе па добраўпарадкаванні “Больш цудоўнай стане Камянеччына мая”, а ў абласным конкурсе знаходзіцца ў ліку прызёраў. Можна не сумнявацца, што скарбонка дасягненняў высокаўскіх педагогаў-пазашкольнікаў будзе папаўняцца і далей дзякуючы адказным і творчым адносінам да справы і любові да дзяцей.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара