Пазнавальнымі і карыснымі выдаліся асеннія канікулы для сталічных школьнікаў. Для іх з мэтай прафарыентацыі былі арганізаваны экскурсіі на прадпрыемствы, арганізацыі, ва ўстановы адукацыі горада, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Пазбегнуць памылак
Навучэнцы 8—9-х класаў гімназіі № 61 наведалі «Галантэю», дзе змаглі назіраць за працэсам стварэння скургалантарэйных вырабаў. Яны таксама даведаліся, якія спецыялісты патрэбны, каб тут працаваць. Дзяўчат зацікавілі дызайнерскія праекты сумак і партманетаў, кройка вырабаў, юнакоў больш захапілі аўтаматызаваныя сістэмы вытворчасці.
— Падобныя экскурсіі з’яўляюцца важным этапам у прафесійным самавызначэнні навучэнцаў, — адзначыла дырэктар гімназіі Ірына Леўкавец. — Наведванне фабрыкі садзейнічала знаёмству гімназістаў з такімі прафесіямі, як дызайнер-мадэльер, закройшчык і швачка, развіццю здольнасці аналізаваць інфармацыю наконт таго, якія веды і навыкі спатрэбяцца для той ці іншай сферы дзейнасці. Спадзяемся, што такія паездкі дапамогуць пазбегнуць распаўсюджаных памылак, такіх як выбар прафесіі пад прымусам бацькоў або на аснове стэрэатыпаў.
Каледжы — школьнікам
Мінскі дзяржаўны каледж будаўніцтва імя У.Г. Каменскага ў межах праекта «Прафканікулы» прапанаваў для навучэнцаў сярэдніх школ № 67, 101, 145 Маскоўскага раёна экскурсію на «БЕЛГАЗБУД» — кіруючую кампанію холдынга». Старшакласнікі азнаёміліся з гісторыяй прадпрыемства, даведаліся шмат цікавага пра газіфікацыю Мінска і Беларусі, наведалі музей і вучэбны цэнтр па падрыхтоўцы рабочых па прафесіі электразваршчык ручной зваркі, электразваршчык на аўтаматычных і паўаўтаматычных машынах.
У вучэбным цэнтры школьнікам паказалі сучаснае зварачнае абсталяванне, расказалі пра метады кантролю зварных злучэнняў, а таксама далі магчымасць паспрабаваць выконваць электрадугавую зварку на найноўшых зварачных трэнажорах.
Прадстаўнікі Мінскага дзяржаўнага каледжа інавацыйных будаўнічых тэхналогій імя І.М. Жыжаля арганізавалі экскурсію для навучэнцаў сярэдняй школы № 8 на Мінскі завод колавых цягачоў. Школьнікам расказалі пра гісторыю і структуру прадпрыемства, кар’ерныя магчымасці для маладых спецыялістаў.
Прадстаўнікі каледжа з навучэнцамі сярэдніх школ № 173, 164, 208, 206 і гімназіі № 10 пабывалі ў Ленінскім аддзеле (г. Мінска) Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. Супрацоўнікі азнаёмілі з прафесіяй электраманцёр ахоўна-пажарнай сігналізацыі. Служба кінолагаў правяла паказальнае выступленне, прадэманстравала затрыманне злачынцаў з дапамогай спецыяльна навучаных сабак. Школьнікі таксама наведалі спартыўную залу, дзе праходзяць трэніроўкі па фізічнай падрыхтоўцы.
Для ўсвядомленага выбару
Дзесяцікласнікаў з педагагічнага класа сярэдняй школы № 52 прымала будучая альма-матар — БДПУ — у рамках праекта «Вучыцеся з намі, вучыцеся ў нас». За круглым сталом навучэнцы пагутарылі з супрацоўнікамі ўніверсітэта, азнаёміліся з правіламі паступлення для абітурыентаў з педкласаў, пабывалі на розных факультэтах і ў інстытутах. Старшакласнікам выпала ўнікальная магчымасць стаць удзельнікамі сустрэчы ў межах праекта па іміджы педагога «Гармонія. Стыль. Дасканаласць».
Вучні з інжынернага класа наведалі НПЦ па геалогіі. Ім расказалі пра гісторыю стварэння цэнтра, асноўныя напрамкі геалогіі. Экскурсійная праграма аказалася насычанай. Школьнікі пабывалі ў геалагічным музеі і музеі валуноў, азнаёміліся з унікальнымі ўзорамі мінералаў і горных парод і атрымалі практычны вопыт работы з аптычным мікраскопам.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлены ўстановамі адукацыі