Адказна фарміраваць асобу дзіцяці і павышаць узровень якасці адукацыі — гэта адны з прыярытэтных кірункаў, над якімі будуць працаваць педагогі Міншчыны ў новым навучальным годзе. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
На гэта падчас пасяджэння калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама звярнуў увагу начальнік галоўнага ўпраўлення Мікалай Башко. Акрамя гэтага, на пасяджэнні калегіі падвялі вынікі летняй аздараўленчай кампаніі і прааналізавалі выкананне плана асноўных мерапрыемстваў рэспубліканскай міжведамаснай праграмы “Клопат” на Міншчыне.
Начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Цвірко звярнула ўвагу на тое, што вынікі падрыхтоўкі і правядзення аздараўленчай кампаніі неаднаразова разглядаліся на нарадах з удзелам намесніка старшыні Мінаблвыканкама, а таксама ў фармаце адзінага дня інфармавання “Арганізацыя і правядзенне летняй аздараўленчай кампаніі 2024 года”.
“У 2024 годзе ахоп дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў адпачынкам і аздараўленнем у летні перыяд склаў 40,42%, — прывяла лічбы Таццяна Анатольеўна. — Так, у 1128 лагерах аздароўлена 66 048 выхаванцаў (па плане — 65 186 навучэнцаў). Агульны працэнт выканання плана аздараўлення склаў 101,3%: 37 462 дзіцяці адпачылі ў лагерах з дзённым, а 28 586 дзяцей — у лагерах з кругласутачным знаходжаннем”.
Для таго каб забяспечыць паўнавартасны летні адпачынак і аздараўленне дзяцей, у Мінскай вобласці функцыянавала 25 стацыянарных аздараўленчых лагераў, у тым ліку 20 — гэта тыя, якія знаходзяцца ў ведамасным падпарадкаванні ўпраўленняў па адукацыі райвыканкамаў.
“Забяспечана максімальна поўнае і эфектыўнае задзейнічанне базы загарадных лагераў у рэжыме не менш чатырох змен, — дадала Т.Цвірко. — У 5 змен працавалі 10 стацыянарных лагераў, а ў 4 змены — 15 летнікаў у розных раёнах вобласці”.
Акрамя аздараўленчых, на Міншчыне працягваецца станоўчая практыка арганізацыі і правядзення абласных профільных лагераў: у шасці адпаведных летніках прынялі ўдзел 514 непаўналетніх. Гэтым летам упершыню ў Мінскай вобласці была арганізавана работа аздараўленчых профільных лагераў “Атам” і “Расток”, дзе вучні знаёміліся з асаблівасцямі інжынерных і аграрных прафесій. Для навучэнцаў педагагічных класаў ужо другое лета запар на Міншчыне працаваў лагер “Пульс” .
“Профільныя лагеры былі створаны для 90 дзяцей, якія вучацца ў педагагічных класах, для 50 навучэнцаў аграрных і для такой жа колькасці навучэнцаў інжынерных класаў, — зазначыў Мікалай Башко. — Будучыя педагогі адпачывалі, трэніраваліся і яшчэ больш пазнавалі прафесію ў Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа. Тыя, хто выбраў інжынерны клас, з карысцю правялі час у лагеры, які працаваў у Дзяржынскім дзяржаўным каледжы. Дзеці, якія схіляюцца да аграрных спецыяльнасцей, упершыню сабраліся ў абласным лагеры “Расток” у Смілавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы”.
Змена кожнага з профільных лагераў працягвалася 9 дзён. За гэты час дзеці змаглі паглыбіцца ў прафесію. У гэтым ім дапамагалі выкладчыкі профільных УВА і каледжаў, а таксама настаўнікі-метадысты. У раскладзе лагераў былі трэнінгі, майстар-класы, шматлікія мерапрыемствы і экскурсіі.
Асаблівая ўвага ў перыяд летняй аздараўленчай кампаніі ўдзялялася рабоце ваенна-патрыятычных лагераў, правядзенню тэматычных мерапрыемстваў сумесна з супрацоўнікамі профільных сілавых ведамстваў. Так, усяго на Міншчыне функцыянавалі 76 лагераў адпаведнага кірунку для 2268 выхаванцаў. Другі раз былі арганізаваны рэспубліканскі дзевяцідзённы аздараўленчы лагер “Гатовы Радзіме служыць!” і вучэбна-палявыя зборы для навучэнцаў 10-х класаў кадэцкіх вучылішчаў. Гэтым летам іх правялі ў 72-м гвардзейскім аб’яднаным вучэбным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў у Печах Барысаўскага раёна.
Але не толькі аздараўленчыя і профільныя лагеры былі ў фокусе ўвагі галоўнага ўпраўлення па адукацыі.
“Летам галоўнае ўпраўленне па адукацыі забяспечвала кантроль за выкананнем ініцыятыў, прадугледжаных планам асноўных мерапрыемстваў рэспубліканскай міжведамаснай праграмы “Клопат” у Мінскай вобласці на 2024 год, — падкрэсліла начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама. — Яе асноўная мэта — арганізацыя вольнага часу і здароўезберагальнага адпачынку дзяцей і падлеткаў у летні перыяд. Так, важным з’яўлялася ўключэнне непаўналетніх у працоўную занятасць, якая шырока прадстаўлена лагерамі працы і адпачынку, часовай працоўнай занятасцю сумесна з упраўленнямі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкамаў, студэнцкімі атрадамі і інш. У нас наладжана цеснае ўзаемадзеянне па арганізацыі часовай працоўнай занятасці з камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама, па арганізацыі работы студэнцкіх атрадаў”.
Згодна з данымі, якія прывяла Т.Цвірко, за студзень — верасень бягучага года арганізавана часовая працоўная занятасць 5740 непаўналетніх, з іх 4739 — школьнікі, 851 — навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
“Часоваму працаўладкаванню непаўналетніх з няпоўных, мнагадзетных, малазабяспечаных сем’яў таксама ўдзялялі значную ўвагу, — акцэнтавала Таццяна Анатольеўна. — За студзень — верасень гэтага года ў свабодны ад вучобы час і падчас летніх канікул заняты 2763 чалавекі з названых катэгорый, у тым ліку 257 навучэнцаў ва ўзросце да 18 гадоў, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа”.
Працаўладкаванне дзяцей з уразлівых катэгорый ажыццяўлялася ў рамонтна-будаўнічыя і швейныя брыгады, экалагічныя атрады па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторый, у брыгады па рамонце і рэстаўрацыі бібліятэчнага фонду, па вырабе сувеніраў і інш.
Наталля САХНО
Фота з архіва БелТА, носіць ілюстрацыйны характар