Вынікі абласнога этапу конкурсу “Адкрываем Беларусь” падвялі на Магілёўшчыне. Навучэнцы прадставілі больш за сто ўнікальных відэаролікаў аб гісторыі і сучасных дасягненнях краіны, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Творчае спаборніцтва аб’яднала вучняў 5—10 класаў з розных куткоў рэгіёна. Першапачаткова лепшыя работы выбіраліся на ўнутрыўстановачных і раённых этапах. У абласны тур прайшлі 120 удзельнікаў. Усе школьнікі з энтузіязмам займаліся вывучэннем гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа.
Лейтматывам відэаролікаў стала фраза “я адкрыў для сябе і хачу расказаць…”. Юныя аўтары з захапленнем расказвалі пра любімыя мясціны Беларусі, герояў вайны і працы, дэманстравалі любоў да Радзімы. Так, Варвара Калакустава з Вішоўскай сярэдняй школы Бялыніцкага раёна расказала пра старадаўнюю царкву ў сваёй вёсцы і адраджэнне знакавага храма. Навучэнец Цэнтра творчасці “Эверэст” Магілёва Данііл Глявіцкі адкрыў для сябе паходнае жыццё і прыгажосць беларускай прыроды. Вучаніца сярэдняй школы № 5 Магілёва Паліна Агішава ў цікавай форме прадставіла галоўныя славутасці роднага горада, а навучэнка Раманавіцкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Вольга Катайлава на прыкладзе сямейнай рэліквіі высветліла паходжанне салдацкіх лістоў-трохвугольнікаў ваенных часоў.
У ходзе прэзентацыі неаднойчы падкрэслівалася арыгінальнасць, змястоўнасць і асэнсаванасць работ. Дзеці паказалі разуменне гістарычных працэсаў, важнасць лакальных і нават сямейных падзей у гісторыі дзяржавы.
— Праз такія конкурсы мы пераадольваем гістарычную амнезію. У маладым пакаленні ўмацоўваецца пачуццё прыналежнасці да роднага краю, патрыятызм і нацыянальная свядомасць, — падкрэсліў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк.
— Конкурс стаў для навучэнцаў магчымасцю зразумець нашы традыцыйныя каштоўнасці, дакрануцца да гістарычнага мінулага і слаўнага цяперашняга Беларусі. Вялікую ролю ў даследаваннях вучняў адыграла падтрымка педагогаў і бацькоў. Сумесна трэба матываваць дзяцей на пазнанне краіны і далей, — адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ірына Кускова.
Заслужанымі дыпломамі пераможцаў і лаўрэатаў на мерапрыемстве былі адзначаны 10 хлопчыкаў і дзяўчынак. Большасць з іх у хуткім часе прадставяць вобласць на заключным этапе конкурсу ў сталіцы.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара