Як наваполацкія школьнікі трапілі ў кінафільм дзякуючы суботнім урокам дабрыні

- 11:04Новости, Шестой день

Усё пачалося з таго, што сярэдняя школа № 2 імя Я.А.Трапезнікавай Наваполацка, якая, дарэчы, з’яўляецца Школай міру, далучылася да цікавага міжнароднага культурна-гуманітарнага праекта “Кінаўрокі ў школах Расіі і свету”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Яго місія гучыць сур’ёзна: выхаванне пакаленняў выпускнікоў школ 2030—2040 гадоў са сфарміраванай сістэмай этычных якасцей і высокім узроўнем маральнай, сацыяльнай і інтэлектуальнай кампетэнтнасці. Дасягнуць такой мэты плануецца праз кіно: школьнікам раз у месяц дэманструюцца кароткаметражныя стужкі, у якіх раскрываюцца маральныя якасці чалавека, а затым ідзе абмеркаванне матэрыялу з настаўнікам. Потым, як вынік, у шосты школьны дзень праходзіць мерапрыемства на гэтую тэму з удзе­лам дзяцей і педагогаў.

— Тэматыка фільмаў самая розная, напрыклад, аптымізм, подзвіг, любоў да прыроды, патрыятызм і г.д., — расказвае настаўніца пачатковых класаў Ірына Цюкала. — Стужкі невялікія і вельмі цікавыя, таму вучні з захапленнем іх чакаюць. Мы не адзіная школа ў Наваполацку, якая далучылася да праекта, але раскажу пра наш вопыт. Праводзіць кінаўрокі я пачала два гады назад. З дзецьмі, якія сёння з’яўляюцца пяцікласнікамі, мы правялі шмат заняткаў па фільмах. Зараз у мяне зноў першы клас — для іх прагляды толькі пачынаюцца.

Педагог падкрэслівае: галоўнае ў кінапраекце — добрыя справы, на якія матывуе фільм, а таксама якасці, якія ён развівае ў навучэнцаў.

— Напрыклад, мы пагля­дзелі карціну пра пачуццё зайздрасці, а ў суботу сабраліся ў класе, каб разам стварыць прыгожыя вырабы сваімі рукамі, — адзначае Ірына Цюкала. — Менавіта разам — каб дзеці не зайздросцілі адно аднаму, што ў кагосьці атрымалася лепш. А ў адным з фільмаў, які вучыць спачуванню, дзяўчынка пашкадавала хлопчыка, з якім ніхто не сябраваў, і падарыла яму мандарын. Пасля таго кінаўрока адзін з маіх вучняў па сваёй ініцыятыве прыйшоў праведаць мяне ў бальніцы, куды я неўзабаве трапіла. Лічу, гэта вельмі добры выхаваўчы эфект. Яшчэ прыклад: стужка пра каштоўнасць сям’і, пра тое, як важна разам право­дзіць час, натхніла нас у суботні дзень арганізаваць сумесную экскурсію для вучняў і іх бацькоў у Мінск. Пасля фільма пра асабістую адказнасць я правяла для дзяцей экскурсію па го­ра­дзе, накіраваную на замацаванне правіл дарожнага руху. Таксама мы хадзілі ў кафэ, каб навучыцца правілам этыкету за сталом. Пасля прагляду кіно пра бескарыслівасць наведалі прытулак для бяздомных жывёл, арганізавалі канцэрт для пажылых лю­дзей у Наваполацкай бальніцы сястрынскага догляду.

Паміж мінулым і будучыняй

На актыўных наваполацкіх школьнікаў звярнула ўвагу кінарэжысёр і сцэнарыст з Санкт-Пецярбурга Алена Дуброўская — аўтар праекта “Кінаўрокі ў школах Расіі і свету”. Яна завітала ў Беларусь, каб з дапамогай маленькіх навапалачан зняць кароткаметражную стужку “Чараўнікі”, у якой расказваецца пра ўзаемадапамогу і паралельна пра гісторыю ўзнікнення маладога горада. Сюжэт інтрыгуе: падчас падрыхтоўкі ў школе канцэрта, прысвечанага юбілею Наваполацка, Ульяна знаходзіць у зборніку вершаў ліст з далёкага 1959 года. Яго аўтар, настаўніца Каця, з-за асабістай занятасці не паехала з сябрамі на будоўлю ў складзе студэнцкага атрада, а потым вельмі шкадавала, што не дапамагла таварышам. У яе лісце чытаем: “Разам можна не толькі “горад-рай” пабудаваць, але і пераўтварыць увесь свет. Дапамагайце адзін аднаму ў малым і вялікім”. Дзе зараз тая Каця і яе сябры, якую песню яны ра­зам спявалі — пра ўсё гэта му­сіць даведацца Ульяна.

— Для здымак фільма ў школах і гімназіях Наваполацка праходзіў кастынг, — успамінае Ірына Цюкала. — Ад нашай школы яго прайшлі два мае вучні Арсенцій Хамянок і Вадзім Юрчанка, які вельмі натхнёна прачытаў верш пра родны горад. Дарэчы, Вадзім у гэтым годзе стаў уладальнікам прэміі Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў талетавітым дзецям і моладзі ў сферы культуры і мастацтва.

— Было вельмі хвалююча здымацца ў фільме пра будаўнікоў — сапраўдных чараўнікоў, якія на месцы звычайнай вёскі ўзвялі сучасны горад, — адзначае Вадзім. — Стужка расказвае пра знакамітых людзей Наваполацка. З адным з іх, заслужаным трэнерам Рэспуб­лікі Беларусь Аркадзем Мікалаевічам Геновым, мы сустрэліся ў шосты школьны дзень у спартыўнай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву № 3 імя М.Л.Генова. Пазнаёміліся і з яго жонкай Таццянай Вячаславаўнай, якая з’яўляецца дырэктарам гэтай школы.

99 крокаў дабрыні

Паглядзець фільм “Чараўнікі” можна на сайце праекта “Кінаўрокі ў школах Расіі і свету”. Дарэчы, да кінаўрока па гэтай стужцы педагогі наваполацкай школы № 2 імя Я.А.Трапезнікавай распрацавалі метадычныя рэкамендацыі.

Гордасць за “Чараўнікоў” адчувае і начальнік аддзела па адукацыі Наваполацкага гарвыканкама Пётр Апановіч:

— У гэтым фільме здымаліся наваполацкія дзеці, настаўнікі, дырэктары школ і гімназій — нашчадкі тых самых першабудаўнікоў горада. Быў толькі ­адзін прафесійны акцёр з Расіі.

Ірына Цюкала — настаўнік-метадыст, выдатнік адукацыі. “Любімая настаўніца” — так яе называюць многія, у тым ліку знакамітыя дзеячы горада. У сярэдняй школе № 2 імя Я.А.Трапезнікавай Ірына Іванаўна працуе 35 гадоў.

— Праектам прадугледжана 99 фільмаў. Лічба невыпадковая: менавіта столькі месяцаў вучацца дзеці ў школе з 1 па 11 клас. Такім чынам, кожны месяц яны глядзяць па стужцы, прысвечанай якой-небудзь якасці чалавека, — тлумачыць Ірына Цюкала. — У выніку мы атрымаем высокамаральнага, выхаванага выпускніка. Гэтая высакародная мэта, вядома, вартая ўсіх нашых намаганняў.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара