Цікавы праект «Краязнаўчыя інтэлектуальныя гульні «Мазаіка Беларусі» стварыў культарганізатар Павел Урбан

- 16:28Образование, Шестой день

Цікавы праект “Краязнаўчыя інтэлектуальныя гульні “Мазаіка Беларусі” стварыў Павел Урбан, малады культарганізатар Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Гульні, якія Павел Андрэевіч праводзіць па суботах, сталі вельмі папулярнымі ў дзяцей. І гэта не дзіўна: малады педагог прыдумвае для іх нясумныя пытанні (прыкладна па 30 для кожнай сустрэчы), якія развіваюць эрудыцыю і пашыраюць веды не толькі пра Віцебшчыну, але і пра ўсе рэгіёны Сінявокай.

Сярод заданняў сустракаюцца няпростыя, якія патрабуюць добрага валодання гістарычным матэрыялам. Напрыклад, не ўсе ведаюць, што традыцыйная беларуская страва, упрыгожаная васковымі рагамі, якую гатуюць на Вялікдзень, — гэта масляны баран.

— Праект стартаваў у мінулым навучальным годзе, — расказвае Павел ­Урбан. — Шэсць гульняў былі прысвечаны розным абласцям краіны, а ў фінале школьнікі адказвалі на пытанні па культуры і гісторыі ўсёй Беларусі — мы ажыццявілі з дзецьмі завочнае падарожжа па розных кутках Радзімы. Да ўдзелу запрашаем школьнікаў 7—9 класаў. У горадзе 13 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, менш за 9 каманд на гульнях ніколі не было. Гэта сведчыць пра тое, што праект прыйшоўся дзецям даспадобы. Нават летам, калі вучні сустракалі мяне ў горадзе, пыталіся: “Калі ўжо наступны сезон?”

Гульня атрымала назву “Мазаіка Беларусі”, таму што кожны яе ўдзельнік нібы адкрывае для сябе родную краіну па кавалачку і збірае свае веды ў адзін вялікі малюнак. Павел Андрэевіч не без гордасці заўважае: пасля гульняў некаторыя дзеці па сваёй ініцыятыве наведвалі тыя мясціны, пра якія былі пытанні.

У гэтым навучальным годзе фармат гульні вырашылі змяніць. Палац дзяцей і моладзі Наваполацка і Астравецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі ў лістападзе адкрываюць “Сезон сяброўства”. Шу­каць адказы на пытанні будуць прадстаўнікі адразу двух гарадоў. Такім чынам, краязнаўчы праект выходзіць за межы сваёй вобласці.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара