Настаўнік назаўжды. Сакрэтамі жыццёвай актыўнасці падзялілася Любоў Альшэўская

- 17:20Образование

Педагог Мастоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Любоў Альшэўская прыйшла ў прафесію з жаданнем даць дзецям як мага больш і з поўнай самааддачай працуе ўжо звыш паўстагоддзя. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На пытанне, для колькіх дзяцей яна адкрыла дзверы ў свет ведаў, Любоў Вікенцьеўна толькі паціскае плячыма: “Цяжка падлічыць”. Як настаўніца рус­кай мовы і літаратуры яна ўпершыню пераступіла парог школы ў 1971 годзе. І з тых часоў зносіны са школьнікамі — яе будні.

— Заўсёды захаплялася красамоўствам сваёй настаўніцы рускай мовы і літаратуры Валянціны Бондаравай. Яе прыклад і стаў маёй пуцяводнай зоркай у педагогіку. Зрэшты, мае школьныя педагогі заклалі вялікую цікавасць да ўсяго ў жыцці. Разам з настаўнікамі фізкультуры, памятаю, з лёгкасцю пераадолелі маршрут падчас велапаходу праз Дзятлава і Наваельню, Навагрудак і Свіцязь, — успамінае суразмоўніца, разважаючы аб ролі настаўніка ў жыцці чалавека.

Працоўны шлях Любові Вікенцьеўны пачаўся ў Шчучынскім раёне. Пэўны час яна была часткай калектыву школы ў Дзятлаўскім раёне, якую скончыла сама. А з пачатку 1980-х гадоў месцам рэалізацыі яе педагагічнага майстэрства стала сярэдняя школа № 3 Мастоў. Многія гады педагог была яшчэ і кіраўніком музея “Памяць”. Якраз тут вытокі яе захаплення краязнаўчай тэматыкай, якім сёння Любоў Вікенцьеў­на дзеліцца з моладдзю Мастоўскага краю. У цэнтры творчасці дзяцей і моладзі яна больш за дзясятак гадоў вядзе аб’яднанне па інтарэсах “Спадчына Мастоў­шчыны”.

— Мае інтарэсы і захапленні фарміраваліся дзякуючы сустрэчам з цікавымі і сапраўды апантанымі сваёй справай людзьмі. Калі прыйшла працаваць у 3-ю школу, пошукавай работай і вывучэннем мінулага Мастоўскага краю мяне захапіў кіраўнік школьнага музея “Памяць” Міхаіл Максімавіч Гурскі. Неаднойчы ў складзе школьнай дэлегацыі педагогаў і навучэнцаў я бывала ў Маскве на сустрэчах з ветэранамі. Асабліва цікава было будаваць дыялог з непасрэднымі ўдзельнікамі вызвалення Мастоў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — адзначае Любоў Вікенцьеўна.

З цеплынёй успамінае суразмоўніца сяброўскія сувязі з калегамі з маскоўскай школы № 25 у пытаннях героіка-патрыятычнага выхавання моладзі. Справа ў тым, што дзве ўстановы адукацыі вялі сумесную пошукавую работу, прысвечаную 348-й Бабруйскай ордэнаў Чырвонага Сцяга і Кутузава 2-й ступені стралковай дывізіі, якая прымала ўдзел у вызваленні мастоўскай зямлі. Гаворачы аб такіх сустрэчах, настаўніца ўспамінае дзясяткі прозвішч і гісторый. Многія замалёўкі яе асабістага мінулага добра знаёмы ўдзельнікам аб’яднання па інтарэсах “Спадчына Мастоўшчыны”.

— Цыкл нашых майскіх заняткаў нязменна называецца “Па дарогах памяці” — у сугуччы з аднайменным зборнікам Ула­дзіміра Пятровіча Бараноўскага, удзельніка вызвалення Мастоўшчыны, які актыўна пісаў вершы, — адзначае Любоў Вікенцьеўна.

Гартаючы гэты зборнік, яна прыгадвае і першую сустрэчу з паэтам-франтавіком.

— Ветэраны 348-й стралковай дывізіі ўпершыню гасцявалі ў Мастах у 50-ю гадавіну вызвалення Беларусі ў 1994 го­дзе. І па выніках гэтай сустрэчы Уладзімір Пятровіч напісаў верш “Сустрэча з юнац­твам”. Як кіраўнік музея ў 3-й школе я шмат гадоў падтрымлівала з ім сувязь, ён не раз прыязджаў у нашу школу, — расказвае суразмоўніца.

Сёння яна працягвае пачатую ветэранамі справу і дзеліцца са школьнікамі ўспамінамі аб сустрэчах з відавочцамі ваеннага часу. У скарбонцы напрацовак педагога — урокі мужнасці і памяці па матэрыялах музея 3-й школы, цыкл заняткаў “Іх імёнамі названы вуліцы Мастоўшчыны”, у аснове якіх у тым ліку матэрыялы публікацый раённай газеты. У штогадовым плане сустрэч з навучэнцамі — урокі-разважанні “Памяць сэрцаў” і пабудаваныя ў форме вуснага часопіса заняткі “Ішоў салдат дарогамі вайны” — аповеды аб гераічным шляху ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Любоў Вікенцьеўна арганізоўвае цікавыя сустрэчы і з воінамі-інтэрнацыяналістамі з Мастоў, цікавымі жыхарамі райцэнтра.

— З 2002 года мой працоўны стаж ідзе паралельна пенсіённаму. І зносіны з дзецьмі да гэтага дня зараджаюць энергіяй і дораць натхненне, — адзначае Л.Альшэўская.

Сёння педагог з’яўляецца яшчэ і кіраўніком клуба “Аптыміст” ветэранаў педагагічнай працы раёна і арганізоўвае сустрэчы для сваіх калег. Адным словам, жыццёвай актыўнасці суразмоўніцы можна толькі па-добраму пазайздросціць.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара