Як зрабіць бібліятэку адным з самых наведвальных месцаў у навучальнай установе, ведаюць у талачынскай сярэдняй школе № 2 імя М.П.Лугоўскага. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Наўрад ці каму па сілах пераацаніць ролю школьнай бібліятэкі ў прывіцці дзецям любові да кнігі. У талачынскай сярэдняй школе № 2 імя М.П.Лугоўскага навучэнцы могуць карыстацца кніжным фондам, які складае 10,9 тысячы экзэмпляраў мастацкай літаратуры і 10,1 тысячы падручнікаў.
В.А.Сухамлінскі сцвярджаў: “Школа — гэта перш за ўсё кніга, а выхаванне — перш за ўсё слова, кніга і жывыя чалавечыя адносіны”. На думку дырэктара талачынскай сярэдняй школы № 2 Тамары Сушковай, сфарміраваць у навучэнцаў цікавасць да кнігі, развіць іх інтэлектуальныя і творчыя здольнасці, духоўна-маральныя якасці магчыма толькі ў цесным супрацоўніцтве настаўнікаў, бацькоў і бібліятэкара.
У дырэктара нават сумненняў няма ў тым, што бібліятэку іх установы трэба ўспрымаць значна шырэй, чым у прывычным разуменні гэтага слова:
— Гэта цэнтр школьнага жыцця, клуб па інтарэсах. За 12 гадоў на пасадзе загадчыцы школьнай бібліятэкі Наталля Дзямешка зрабіла яе адным з самых наведвальных месцаў у навучальнай установе.
Пакуль мы размаўляем з Наталляй Міхайлаўнай, у бібліятэку заглядваюць цікаўныя першакласнікі: яны ўжо прайшлі “пасвячэнне ў чытачы”. Іх вабяць паліцы з яркімі дзіцячымі кнігамі, захапляюць пазнавальныя і забаўляльныя гульні, інтэрактыўныя літаратурныя падарожжы, віктарыны, загадкі, майстар-класы па вырабе кніжных закладак. Прыцягвае ўвагу школьнікаў да бібліятэкі фотаконкурс на лепшае сэлфі з кнігай у фотазоне “Краіна Чыталія”.
Па словах Наталлі Міхайлаўны, самыя частыя наведвальнікі — вучні пачатковых класаў. Шмат чытаюць і старшакласнікі. Узровень чытацкай актыўнасці школьнікаў выяўляецца праз апытанні, аналіз фармуляраў, маніторынгі запытаў на кнігу, індывідуальныя гутаркі. Вызначаюцца як самыя чытаючыя класы, так і самыя актыўныя чытачы.
Выявіўшы цікавасць чытачоў да той ці іншай тэмы, аўтара, Наталля Міхайлаўна падбірае некалькі кніг па іх інтарэсах, ладзіць гутаркі, прапануе ім задаць пытанні, пераключае іх увагу ад твора да творчасці аўтара. Часта прыцягвае ўвагу чытачоў па прынцыпе “ад фільма — да кнігі, ад кнігі — да творчасці аўтара”. Заахвочвае вучняў да сістэматычнага чытання праз азнаямленне з рэсурсамі бібліятэкі ў каталогах, картатэках, бібліяграфічных бюлетэнях, на кніжных выставах, інфармацыйных стэндах, шляхам індывідуальнага інфармавання. Павышэнню цікавасці дзяцей да класічнай і сучаснай літаратуры спрыяюць кніжныя выставы, літаратурныя чытанні, абмеркаванні, святы да юбілейных дат пісьменнікаў і паэтаў, чытацкія канферэнцыі.
Адной з самых эфектыўных форм бібліятэчнай работы Наталля Міхайлаўна называе сустрэчы з творчымі людзьмі, таму часта арганізоўвае літаратурныя гасцёўні. Размовы тут заўсёды праходзяць ажыўлена і нават з палемікай. Госці заўсёды атрымліваюць ад вучнёўскай аўдыторыі шчыры інтарэс і шмат пытанняў.
Чытацкая актыўнасць дзяцей стымулюецца пад кіраўніцтвам Наталлі Дзямешка і ў аб’яднаннях па інтарэсах “Літаратурнае чытанне” і “Расток” (17 і 12 удзельнікаў з ліку вучняў 2—3 класаў). У “Растку” навучэнцы малодшых класаў адкрываюць для сябе свет праваслаўнай культуры. Ва ўзаемадзеянні з благачынным Талачынскай акругі протаіерэем Аляксандрам Лазуком для дзяцей арганізуюцца экскурсіі ў праваслаўныя храмы Талачына, гутаркі па прачытаных кнігах, прагляды фільмаў духоўна-маральнага зместу з наступным абмеркаваннем. У бібліятэцы стала добрай традыцыяй штогадовае правядзенне тыдня праваслаўнай кнігі ў мэтах далучэння школьнікаў да духоўнай спадчыны.
Духоўна-маральнае, грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне арганізавана ў школе як цэласная сістэма работы педагогаў і бібліятэкара. Толькі ў мінулым навучальным годзе прайшло 36 мерапрыемстваў па фарміраванні грамадзянскай свядомасці школьнікаў з удзелам каля 500 навучэнцаў. Гэта тэматычныя кніжныя выставы, гісторыка-пазнавальныя гадзіны, прымеркаваныя да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, літаратурна-патрыятычныя акцыі, выставы-інсталяцыі, інтэрактыўныя плакаты, урокі мужнасці.
Актыўнае супрацоўніцтва бібліятэкара і педагогаў дапамагае засяродзіць увагу вучняў на розных праблемах. Асаблівы акцэнт — на бяспецы жыццядзейнасці, прафарыентацыі, папулярызацыі сямейных каштоўнасцей. У бібліятэцы праводзяцца тэматычная гадзіна “Пакланіся да зямлі сваёй маці”, пазнавальная гадзіна “Бацька — усяму апора”. Дзеці разам з бацькамі рыхтуюць відэаролікі, творчыя праекты. А творчасць, як вядома, лепшы спосаб згуртавання сям’і.
— Вучні толькі тады змогуць па-сапраўднаму захапіцца чытаннем, калі іх будзе прывабліваць бібліятэка, — падкрэслівае Наталля Міхайлаўна.
Каб сустрэчы з чытачамі былі цікавымі і карыснымі, яна ўдала спалучае ў рабоце традыцыйныя падыходы з бязмежнымі магчымасцямі інфармацыйных тэхналогій. Наталля Дзямешка ўпэўнена ў тым, што бібліятэка проста абавязана мяняцца.
— Кожны раз мы прыдумваем і выкарыстоўваем новыя формы работы, каб заахвочваць дзяцей да чытання. Яно не павінна стаць для іх абавязкам, — адзначае Наталля Міхайлаўна. — Калі кніга захапляе, закранае пачуцці навучэнца і запрашае адкрыць для сябе свет, то пошукі адказаў на многія пытанні абудзяць у дзіцяці прагу пазнання і прывядуць у бібліятэку. Ну і, безумоўна, усімі сродкамі візуалізацыі і ўласным прыкладам паказваем, што чытанне — гэта займальна.
Наталля Дзямешка вядзе блог bibltol, прадстаўляе бібліятэку ў школьный групе “Місія выканальная: расЧытаем любога!”. Актыўна дзеліцца вопытам, напрацоўкамі, ідэямі па духоўна-маральным выхаванні дзяцей і моладзі на Грамнічных чытаннях у Віцебску. Плённая праца, творчы падыход да справы не маглі застацца незаўважанымі. Школьная бібліятэка мае важкія дасягненні, сярод якіх — 1-е месца ў раённым конкурсе на лепшую школьную бібліятэку (2020 год), дыплом II ступені ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання” (2020 год), два дыпломы III ступені ў абласным конкурсе “Бібліятэка. Бібліятэкар. Крэатыў” (2022 год), дыплом II ступені ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання” (2024 год).
Няхай і далей у школьнага бібліятэкара будзе бадзёры настрой ад плённай працы і мноства творчых задум, каб дзеці цікавіліся кнігай і мелі павагу да мудрага слова.
Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі