30 гадоў незалежнасці: праз кнігі і лёсы — «Марафон адзінства» ў Віцебску парадаваў цікавымі праектамі

- 14:00Марафон единства, Новости

Віцебск сустракаў гасцей як добры і шчодры гаспадар. Да свята падрыхтаваліся крэатыўна і высокатэхналагічна: напярэдадні вечарам вуліцы заззялі прывітаннямі ўдзельнікам на банерах і білбордах, рэкламных канструкцыях, святлодынамічных упрыгажэннях. Раніцай 29 лістапада горад прачнуўся ў прадчуванні знакавай падзеі — і “Марафон адзінства” не толькі апраўдаў, але і перавысіў усе чаканні. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— УВА, каледжы, прадпрыемствы — усе далучыліся да гэтай падзеі. Працоўныя калектывы прыходзілі адзін да аднаго ў госці, а гэта магчымасць пазнаёміцца з калегамі, гісторыяй прадпрыемстваў, абноўленымі вытворчасцямі. Дзякуючы “Марафону адзінства”, гараджане змаглі сустрэцца з лідарамі меркаванняў і задаць ім пытанні. Праводзіліся экскурсіі для гасцей з усёй рэспублікі, працавалі выставы, — адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

У Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава адбылася выстава Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі “Кнігі ў дар Прэзідэнту”. Наведвальнікаў прываблівала літаральна ўсё: цікавы змест і цудоўнае афармленне, гісторыя стварэння і абставіны ўручэння кожнага выдання, аўтограф, дароўны надпіс і яго аўтар. Эксклюзіўныя экспанаты са збораў Нацыянальнай і Прэзідэнцкай бібліятэк, Палаца Незалежнасці ў розны час былі падораны кіраўніку дзяржавы замежнымі калегамі і знакамітымі землякамі, грамадскімі, культурнымі дзеячамі. Праз гэтыя кнігі можна вывучаць гісторыю беларускай дзяржаўнасці, афіцыйнай і народнай дыпламатыі. У прыватнасці, выразна бачна, якія краіны блізкага і далёкага замежжа наведваў наш Прэзідэнт, з кім, дзе і з якой нагоды ў розны час сустракаўся. А яшчэ вельмі яскрава раскрываецца асоба Аляксандра Лукашэнкі, яго рознабаковыя інтарэсы і захапленні. Прадстаўлена кніга пра хакей, а побач — фотаальбом пра развіццё айчыннай касманаўтыкі. Падарунак Прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева — зборнік вершаў Якуба Коласа ў перакладзе на ўзбекскую мову. У гады Вялікай Айчыннай вайны пісьменнік з сям’ёй жыў у эвакуацыі ва Узбекістане, разказваў у сваёй творчасці пра яго народ — і людзі пра гэта не забылі, шануюць славутага беларуса. Падарунак Уладзіміра Пуціна — кніга “Маляўнічая Расія” — расказвае пра багатую прыроду братэрскай краіны. “Беларускі архіў старажытных грамат” Івана Грыгаровіча — гэты фаліянт падарыў Уладзімір Салаўёў. Геаграфія выданняў на выставе — ад Беларусі да Расіі, Кітая, Турцыі, Азербайджана і Зімбабвэ. Акрамя кніжнай экспазіцыі, былі прадстаўлены афіцыйныя фотаздымкі з міжнародных паездак і сустрэч Прэзідэнта з кіраўнікамі іншых дзяржаў, перададзеныя БелТА.

Імя героя як гордасць Бацькаўшчыны

Спецыяльна для Віцебска і ўніверсітэта арганізатары падрыхтавалі сюрпрыз — унікальны экспанат, упершыню прэзентаваны шырокай публіцы на “Марафоне адзінства”. Гэта кніга, якую Прэзідэнту падарыла ў 1996 годзе ўдава Пятра Міронавіча Машэрава Галіна Андрэеўна. Як паведаміла загадчыца сектара арганізацыі кніжных выстаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Святлана Кажамяка, кніга была першай з падораных кіраўніку дзяржавы. І так супала, што на базе ВДУ якраз 29 лістапада адбылося ўручэнне пасведчанняў аб павышэнні кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў па праграме “Палітычнае будаўніцтва ў сучасным светапарадку” ў рамках рэалізацыі праекта “Партыйная школа”, арганізаванага партыяй “Белая Русь”.

— Магчымасць паглыбіцца ў геапалітычныя і геаэканамічныя тэндэнцыі сучаснага свету на занятках партыйнай школы, убачыць на свае вочы экспанаты выставы “Кнігі ў дар Прэзідэнту” — магутны адукацыйны і маральна-духоўны патэнцыял для кожнага грамадзяніна. Асоба нашага Прэзідэнта — адлюстраванне цэлай эпохі дзяржаўнага будаўніцтва. У мяне падчас знаёмства з выставай асаблівыя пачуцці выклікала кніга, падораная кіраўніку дзяржавы Галінай Андрэеўнай. Сімвалічна, што з гэтага падарунка пачыналася вялікая, змястоўная калекцыя. Імем Пятра Міронавіча Машэрава — настаўніка, абаронцы Айчыны, нацыянальнага лідара — названы яго ўніверсітэт. Наша школа з гордасцю носіць імя настаўніка і воіна Міхаіла Сцяпанавіча Грыневіча. Гэтая пераемнасць, сувязь пакаленняў, думак і спраў яднае нас. Дарэчы, у ліку нашых выпускнікоў Ігар Васільевіч Карпенка, таксама чалавек слова і справы, адданы народу і Беларусі, — заўважыла дырэктар сярэдняй школы №14 Полацка імя М.С.Грыневіча Аксана Грыб.

Пераемнасць

У той жа дзень у ВДУ студэнты і прадстаўнікі працоўных калектываў усіх устаноў вышэйшай адукацыі Віцебска сталі ўдзельнікамі адкрытай размовы “Маё жыццё. Мой шлях. Мой Прэзідэнт” — яшчэ аднаго знакавага мерапрыемства “Марафону адзінства”. З моладдзю сустрэўся Уладзімір Андрэйчанка — чалавек з унікальным прафесійным, дзяржаўным і жыццёвым вопытам, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь і ганаровы грамадзянін Віцебска. Уладзімір Паўлавіч быў членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу першага, другога, трэцяга скліканняў, з 1994 года ўзначальваў Віцебскі аблвыканкам, а з 2008 па 2024 год — Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Мадэратарам дыялогу выступіў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі старшыня праўлення Беларускага таварыства “Веды” Вадзім Гігін.

— Сустрэча хвалюючая і важная для мяне. Такія мерапрыемствы даюць магчымасць нам, людзям старэйшага пакалення, перадаць моладзі свой вопыт, расказаць пра тое, што і як было зроблена ў Беларусі. І трэба сказаць, што зроблена нямала. Мы жывём у зусім іншай краіне ў параўнанні з той, якой яна была ў 1990-я гады. Усё гэта ўдалося здзейсніць дзякуючы кіраўніку нашай дзяржавы, нашым людзям і нашаму адзінству, — выказаў маркаванне Уладзімір Андрэйчанка.

Выступаючы перад студэнтамі, дзяржаўны дзеяч падкрэсліў, што моладзь — стратэгічны сацыяльны рэсурс краіны, таму яна павінна свядома імкнуцца разам ствараць будучыню дзяржавы. Суразмоўнік шчыра адказаў на пытанні, падзяліўся думкамі аб жыцці, кадравай рабоце і тым, што па-сапраўднаму яднае беларусаў. Ён пажадаў моладзі не спыняцца на выбраным шляху, тады наперадзе будзе чакаць усё галоўнае, добрае і значнае. У многіх сённяшніх студэнтаў ужо ёсць дасягненні ў вучобе, навуцы, спорце, культуры, грамадскай дзейнасці. Поспех залежыць ад старання і ўменняў. І вельмі важна ўсё жыццё заставацца патрыётамі роднай зямлі.

— Калі мы гаворым аб забеспячэнні пераемнасці пакаленняў, то павінна быць і пераемнасць кіраўніцкіх палітычных пакаленняў. Мы пачыналі праект “Марафон адзінства” ў Магілёве, дзе правялі сустрэчу з Аляксандрам Міхайлавічам Радзьковым. Сёння ў Віцебску з намі Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка. Гэта людзі, якія ўдзельнічалі ў будаўніцтве сучаснай дзяржаўнасці і сваім жыццём даказалі адданасць Беларусі і нашаму Прэзідэнту, маюць каласальны вопыт і гатовы ім падзяліцца, — рэзюмаваў Вадзім Гігін.

Наступнай да “Марафону адзінства” далучыцца Орша.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара і БелТА