Цяжка паверыць, але ў нашай краіне ёсць месцы, дзе міжволі ўяўляеш, як з дапамогай фантастычнай машыны часу ты здзейсніў падарожжа ў далёкае мінулае, на тысячы і сотні тысяч гадоў назад. Прыкладна такое адчуванне апанавала мяне і маіх вучняў, калі мы пабывалі ў выпрацаваным кар’еры драбільна-сартавальнага завода каля вёскі Варонічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Тут нас сустракалі велізарныя спрасаваныя пясчаныя глыбы з разнастайнымі мудрагелістымі формамі — астанцамі, узрост якіх прыкладна 150—200 тысяч гадоў. Незвычайны ландшафт можна параўнаць з пустыннай тэрыторыяй і, больш за тое, з паверхняй іншай планеты.
Пяць разоў на тэрыторыю Беларусі насоўваўся ледавік. У магутнай тоўшчы лёду знаходзілася сумесь з пяску, жвіру, валуноў, якую ледавік павольна, сантыметр за сантыметрам, цягнуў за сабой. Гэтая сумесь пад вялікім ціскам станавілася больш цвёрдай і паступова ператварылася ў марэнныя глыбы розных памераў і форм. П азней, калі ледавік растаў, гэтыя марэнныя ўтварэнні засталіся у тоўшчы пяску на рознай глыбіні.
У пачатку 2000-х на тэрыторыі кар’ера пачаліся работы па здабычы пясчана-жвіровай сумесі. Калі з тоўшчы пяску паказаліся марэнныя астанцы, іх не закранулі, а акуратна вынялі вакол пясок і жвір. Калі здабыча скончылася, астанцы ўтварылі своеасаблівы марэнны гарадок на дне выпрацаванага кар’ера.
…Веласіпеды мы пакінулі каля велізарнай, з двухпавярховы дом, пясчана-жвіровай скалы, вяршыня якой нагадвала крэпасць, што вытрымала шматлікія атакі. Побач узвышалася нахіленая плоская пліта, падобная на карабель, які тоне. Так і хацелася назваць яе “Тытанік”. Крыху далей была скала з пясчаніку з аркай, праз якую можна было прайсці ва ўвесь рост. Калі мы перайшлі на другі бок гэтага астанца, то ён пачаў нагадваць насарога. Яшчэ далей праглядваўся астанец з гарбом, як у вярблюда, побач за невялікім паваротам нібыта выглядвала пясчаная галава дыназаўра. Удалечыні можна было бачыць расколатую пясчаную скалу, падобную на кветку, якая толькі-толькі распусцілася.
Вучні былі ўражаны гэтым відовішчам: падыходзілі да астанцоў, дакраналіся да цвёрдых пясчанікаў, здзіўляліся рознакаляровым валунам, якія былі ў тоўшчы марэнных адкладанняў. Потым дзеці пачалі збіраць невялікія валуны ў свае рукзакі. “А што гэта? Як называецца гэты камень?” — пыталіся яны ў мяне. Паступова наша экскурсія стала ператварацца ва ўрок, дакладней кажучы, у даследаванне. Юныя даследчыкі прыносілі да мяне шмат цікавых знаходак. На адной марэннай глыбе яны знайшлі незвычайныя формы з пясчаніку, якія лёгка можна было аддзяліць ад больш цвёрдай пароды. Магчыма, яны ўтварыліся пад уздзеяннем вады і ветру. Гэтыя формы былі на здзіўленне падобныя да каралаў, толькі са спрасаванага пяску.
“Глядзіце: вось гэта сабака, а вось васьміног!” — гучна радаваліся дзеці. І вось ужо і мяне ахапіў даследчы парыў… Раптам мы заўважылі невялікае азярцо, якое было схавана сярод невялікіх пясчаных узгоркаў і марэнных астанцоў. Не хапала яшчэ дыназаўраў, каб скласці поўны ўзор фантастычнага пейзажу мінулага. Пакідаць гэтае месца нам не вельмі хацелася, аднак веснавое сонейка паступова рухалася ўсё ніжэй і ніжэй да гарызонту. Недзе ўдалечыні забурчаў трактар, гучна праехала машына. Сталі бачны дахі вясковых дамоў. Мы вярталіся ў цывілізацыю, зрабіўшы толькі некалькі крокаў з мінулага ў сучаснасць.
Сяргей КЛЁСАЎ,
настаўнік геаграфіі Сялявіцкага ясляў-сада — базавай школы Слонімскага раёна.
Фота аўтара.