«Роўна ў 12»: псіхолаг Алена Міхаленя распрацавала ўнікальны праект для школьнікаў

- 13:17Интервью, Психолог в школе

Для работы з вучнямі ў сярэдняй школе № 1 Лагойска распрацавалі ўнікальны праект — псіхалагічны кінаклуб “Роўна ў 12”. У чым яго навацыі і ўнікальнасць, якія праблемы школьнікаў дапамагае вырашаць такая форма работы — пра гэта карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала аўтар ідэі педагог­-псіхолаг Алена Міхаленя.

Кароткаметражны фармат

— Алена Уладзіміраўна, раскажыце падрабязней аб вашым праекце “Роўна ў 12”. Калі і для чаго ён быў задуманы? Адкуль узнікла такая ідэя?

— Першая сустрэча псіхалагічнага кінаклуба “Роўна ў 12” адбылася ў снежні 2018 года падчас зімніх канікул. Тады мы сабраліся ўпершыню. Сустрэча адбылася ў нефармальнай абстаноўцы: з пледамі, гарбатай і салодкімі прысмакамі. Навучэнцы 9-х класаў нашай школы глядзелі фільм. Здаецца, гэта зусім звычайная справа, амаль як у кіно схадзіць, але ўсё было крыху інакш. Дзеці павінны былі ўважліва гля­дзець фільм і звяртаць увагу на паво­дзіны людзей і іх узаемаадносіны, на ўчынкі, эмоцыі, матывы і г.д.

Я крыху хвалявалася, бо гэта не кароткаметражны відэаролік, а паўнавартасны фільм, і галоўнай задачай было ўтрымаць увагу актыўных падлеткаў, засяродзіць яе на праблеме, якая адлюстравана ў фільме. У канцы сустрэчы, калі дзеці давалі зваротную сувязь, было зразумела, што такая форма работы вельмі ім спадабалася і яны гатовыя наведваць падобныя мерапрыемствы ў далейшым. У выніку ўсё атрымалася, пастаўленая мэта была дасягнута, таму я прыняла рашэнне ладзіць такія пасяджэнні пастаянна ў перыяд канікул.

Натхніла на выкарыстанне такой формы работы Наталля Васільеўна Пляшкевіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 1 Лагойска. Рыхтуючыся да зімніх канікул, хацелася прыду­маць нешта новае, чаго яшчэ не было ў нашай установе адукацыі. Але што прыдумаць, каб гэта было цікава падлеткам? Наталля Васільеўна прапанавала ідэю з кінаклубам, і яна мне вельмі спадабалася.

Клуб быў арганізаваны для падлеткаў з мэтай развіцця камунікатыўных здольнасцей, умення свабодна штодня падтрымліваць зносіны ў тыпавых сітуацыях, пашырэння кругагляду вучняў сродкамі прагляду фільмаў пра сацыяльныя праблемы грамадства, а таксама для павышэння ўзроўню псіхалагічнай культуры, прафарыентацыі, прафілактыкі правапарушэнняў і булінгу.

Звычайна арганізоўваю тэматычныя пасяджэнні на восеньскіх, зімніх і вясенніх канікулах. Тэматыку планую загадзя, а наведванне кінасустрэчы з’яўляецца абсалютна добраахвотным. Таксама запрашаю да ўдзелу тых дзяцей і падлеткаў, якія знаходзяцца на розных відах уліку. Як паказала практыка, той, хто прыйшоў аднойчы, з задавальненнем прыходзіць зноў і зноў. Першапачаткова клуб быў задуманы для падлеткаў, але сёння праводжу адпаведныя сустрэчы і з навучэнцамі 3-х і 4-х класаў, у якіх яны таксама карыстаюцца поспехам.

— Як падбіраеце фільмы? Ці часта падчас прагляду кінастужкі для вас як для псіхолага становяцца відавочнымі праблемы, з якімі сутыкаюцца дзеці?

— Сустрэчы нашага кінаклуба арганізаваны наступным чынам: вызначаюцца дні пасяджэнняў, тэматыка. Затым я выбіраю фільм ці мультфільм для прагляду. Тэматыка наступнага пасяджэння вызначаецца зыходзячы з пажаданняў удзельнікаў клуба. Звычайна прапаноўваю загадзя вызначаную тэму і фільмы або мультфільмы. Безумоўна, дзеці могуць выказаць пажаданні наконт таго, што яны хочуць пагля­дзець, якую праблему разабраць. Калі наступае дзень сустрэчы, удзельнікі збіраюцца ў кабінеце. Прагляд фільма запланаваны на 12.00, але гэтаму папярэднічае ўступная частка: агучваюцца правілы, якія неабходна выконваць ва ўмовах групавой работы. Я прапаноўваю правілы, але даю магчы­масць дзецям унесці і свае. У выніку складаем спіс правіл, які прымаецца ўсімі ўдзельнікамі пасяджэння. Пасля гэтага паведамляю інфармацыю пра фільм і акрэс­ліваю праблемы, на якія варта звярнуць увагу падчас прагляду. У працэсе прагляду фільма робім паўзы на ключавых, пераломных, спрэчных момантах. Затым са школьнікамі разважаем і аналізуем, што адбылося ў сцэне, чаму героі зрабілі так, а не інакш, у якім рэчышчы будзе разгортвацца сюжэт. Безумоўна, важная частка — разважанні аб тым, як бы самі навучэнцы дзейнічалі ў той ці іншай сітуацыі.

Адразу пасля прагляду фільма прахо­дзіць дыскусія: вучні дзеляцца сваімі эмоцыямі ад убачанага, абмяркоўваюць тэматыку фільма ці мультфільма, аналізуюць праблемы, якія там раскрываюцца. Мы многа гаворым пра паводзіны герояў, выз­начаем, якую думку хацеў данесці рэжысёр, разважаем, як часта акрэсленая праблема сустракаецца ў грамадстве, і г.д. На гэтым кропка не ставіцца. Дзеці запаўняюць дзённікі гледача кінаклуба “Роўна ў 12”, а затым падводзім вынікі пасяджэння. Часам даю дамашняе заданне па прагледжаным фільме, прашу зрабіць малюнак, напісаць сачыненне па тэматыцы пасяджэння.

Заўважыла, што аналіз фільма садзейнічае асобаснаму развіццю вучняў, дапамагае фарміраваць камунікатыўныя навыкі, матывацыю да навучання, спрыяе павышэнню ўзроўню маўленчай кампетэнцыі, развівае індывідуальнасць. Акрамя таго, такая форма работы накіравана на выхаванне маральных якасцей асобы, дапамагае вырашаць праблемы ў зносінах і навучанні, спрыяе агульнаму развіццю, сацыялізацыі, усвядомленаму прафесійнаму самавызначэнню школьнікаў і г.д.

Што тычыцца праблем, з якімі сутыкаюцца дзеці, калі глядзяць фільмы, то гэта няўменне сфармуляваць і выказаць сваю думку, а яшчэ слухаць і чуць іншых.

Сярод прагледжаных мультфільмаў адным з самых любімых у вучняў 5-х класаў з’яўляецца франка-бельгійскі анімацыйны фільм “Эрнэст і Селестына. Прыгоды мышкі і мядзведзя”. Гэты фільм зняты ў 2012 го­дзе і заснаваны на аднайменнай серыі кніг для дзяцей, напісанай бельгійскай пісьменніцай і мастачкай Габрыэль Венсан. Пасля прагляду было шмат выказванняў пра сяб­роўства і тое, чым адрозніваюцца людзі. У выніку прыйшлі да адзінага меркавання, што адрозненні не павінны з’яўляцца прычынай нянавісці і варожасці. Гэта мульт­фільм пра сапраўднае сяброўства і чалавечнасць, якія важна захаваць, нягледзячы на ўсе нягоды і непаразуменні з боку навакольных. У гэтым анімацыйным фільме таксама ўзнімаюцца пытанні аб пошуку шчасця і свайго месца ў свеце, а самае галоўнае — аб праве быць самім сабой, не зважаючы на забабоны.

У вучняў 7-х класаў любімымі мультфільмамі сталі “Галаваломка” і “Галаваломка-2”, што не дзіўна, бо гэта мультфільмы пра падлеткаў, пра эмоцыі, з якімі ім даво­дзіцца сутыкацца. А для больш старэйшых вучняў цікавым стаў фільм “Голас Монстра”.

З пачатку работы псіхалагічнага кінаклуба “Роўна ў 12” у нас адбылося больш за 70 пасяджэнняў. Асноўныя тэмы, якія былі закрануты, — гэта адрозненні людзей і талерантнасць, залежнасці, супрацьпраўныя дзеянні, асаблівасці падлеткавага ўзросту, эмоцыі ў жыцці чалавека, адоранасць асобы, булінг, матывацыя на поспех, выбар будучай прафесіі, узаемаадносіны з бацькамі, канфлікты, упэўненасць у сабе.

Трэнінгі і арт-тэрапія

— Летась у раскладзе школы з’явіўся факультатыў па псіхалагічным дабрабыце. Чым была выклікана неабходнасць яго арганізацыі?

— Так здарылася, што ў мінулым навучальным годзе я азнаёмілася з новымі факультатыўнымі заняткамі “Мой псіхалагічны дабрабыт і дапамога аднагодкам у крызіснай сітуацыі”. Я прыйшла ў захапленне ад таго, колькі працы ўклалі ў яго распрацоўку: прапаноўваюцца і метадычны дапаможнік для педагога, і рабочы сшытак для навучэнцаў. Таму з задавальненнем узялася за рэалізацыю гэтага кірунку работы ў нашай установе адукацыі. Дзяўчынкі, якія запісаліся на факультатыў, зрабілі гэта свядома, а значыць, былі матываванымі. Таму наша сумесная работа праходзіла на адным дыханні, мы нават не заўважалі, як праходзяць 45 мінут. Пасля таго як у школе з’явіўся факультатыў, прыйшло запрашэнне паўдзельнічаць у праграме “АПШЫФТ”. Раней я не ведала такой метадалогіі, але пачытала, разабралася і прапанавала вучаніцам. Яны вельмі актыўна ўзяліся за праблематыку, якая была заяўлена, — “Псіхалагічны дабрабыт падлеткаў і моладзі”. Дзяўчынак вучылі дыстанцыйна. Ім трэба было стварыць праект, які, на іх думку, неабходны для падтрымання псіхалагічнага дабрабыту падлеткаў і моладзі. Маёй задачай як педагога-псіхолага стала арганізацыя спрыяльных умоў для навучання і суправаджэння навучэнцаў на ўсіх этапах работы.

У выніку ўдзелу ў “АПШЫФТ” у нашай установе адукацыі з’явіўся прататып метадычнага дапаможніка “ПОДROSTOK.FM”, які распрацавалі мае падапечныя. Ён трапіў у спіс лепшых работ у краіне па згаданым кірунку.

— На што накіравана згаданая метадалогія? Ці можна яе назваць дадатковым сродкам у вырашэнні праблем, з якімі сутыкаюцца школьнікі?

— Метадалогія “АПШЫФТ” — гэта міжнародная праграма сацыяльных інавацый для падлеткаў і моладзі, якая дазваляе маладым людзям, уключаючы дзяцей з уразлівых груп, выяўляць актуальныя праблемы і распрацоўваць варыянты іх вырашэння. Дзякуючы гэтаму, падлеткі і моладзь набываюць і развіваюць актуальныя навыкі, неабходныя для паўнавартаснага развіцця. Так, яны вучацца крытычна мысліць і камунікаваць, супрацоўнічаць адно з адным і г.д.

У межах рэалізацыі праграмы штогод падлеткі з усёй краіны прыязджа­юць у Мінск на рэспубліканскі трэнінг па сацыяльным праектаванні “АПШЫФТ”. Напрыклад, сёлета ён быў прысвечаны тэме псіхалагічнага дабрабыту і рэалізаваны Інстытутам псіхалогіі БДПУ ў супрацоўніцтве з Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі.

Каманды падлеткаў з розных школ і гімназій краіны распрацоўвалі свае ідэі і прэзентавалі іх журы. Сярод пераможцаў апынуліся коўчынг-бук для вырашэння канфліктаў з бацькамі, настаўнікамі і сябрамі — інтэрактыўны дапаможнік, дзе можна даведацца, як дапамагчы сабе ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Таксама лепшымі сталі картачная гульня, якая дапамагае вырашаць канфлікты з бацькамі, і воркбук, дзе сабраны практыкаванні для самадапамогі ў стрэсавых сітуацыях, дыхальныя і фізічныя практыкі.

— Алена Уладзіміраўна, якія методыкі вы часцей за ўсё ўжываеце ў сваёй рабоце? Што больш за ўсё любяць школьнікі?

— Часцей за ўсё ў сваёй рабоце выкарыстоўваю элементы арт-тэрапіі, такія як МАК (метафарычныя асацыятыўныя карткі) і маляванне, праводжу заняткі з элементамі трэнінгу. Таксама праводжу факультатыўныя заняткі па асновах сямейнага жыцця, выбару прафесіі і псіхалагічны факультатыў, пра які ўжо згадвала. Нашым навучэнцам вельмі падабаюцца настольныя прафарыентацыйныя гульні, гутаркі, псіхалагічныя акцыі. Таксама школьнікі любяць розныя віды дзейнасці, але тут усё індывідуальна: хтосьці любіць трэнінгавыя заняткі, дзе можна выказацца і пачуць іншых, дыскусіі, практыкумы, кінаклуб “Роўна ў 12”, а камусьці вельмі падабаюцца індывідуальныя заняткі. У цэлым усё зале­жыць ад таго, што неабходна вучню. І задача школьнага псіхолага якраз у тым, каб знайсці падыход да кожнага дзіцяці і падабраць той метад, дзякуючы якому яно зможа раскрыцца і вырашыць усе свае запыты і праб­лемы. Калі дзіця само не можа прыйсці да псіхолага, бо баіцца, то яму ў гэтым павінен дапамагчы класны кіраўнік. Толькі дзякуючы сумеснай рабоце і цеснаму ўзаемадзеянню ў нас можа атрымацца добры вынік. Гаварыць, што работа праведзена эфектыўна, можна толькі тады, калі мы бачым дзяцей шчаслівымі.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА