Ганна Чарнова: кожны паспяховы эксперымент і прагрэс вучня — гэта мая маленькая перамога

- 15:30Первое рабочее место

За плячыма маладога педагога сярэдняй школы № 9 Жлобіна Ганны Чарновай тры месяцы працы ля дошкі, больш за 100 урокаў фізікі і 140 інфарматыкі, а наперадзе сціплая педагагічная мэта — стварыць уласную старонку ў сацcетках ці сайт, дзе б навучэнцы атрымлівалі дадатковыя веды. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Свядомы выбар

Скончыўшы сярэднюю школу № 9 Жлобіна, а затым факультэт фізікі і інфармацыйных тэхналогій Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны, Ганна Чарнова вярнулася ў родную школу, дзе 31 год настаўніцай пачатковых класаў працуе яе мама, якая, дарэчы, і паўплывала на прафесійны выбар дачкі.

— Я заўсёды захаплялася сваёй мамай Наталляй Аляксандраўнай Чарновай. Яна не проста для мяне родны чалавек, але і сапраўдны прафесіянал, на ўсе сто працэнтаў адданы прафесіі. Кожны дзень, вяртаючыся з работы, яна расказвала пра цяжкасці і радасці школьнага жыцця, дзялілася важнымі працоўнымі момантамі, прыво­дзіла ў прыклад цікавыя сітуацыі, якія адбываліся на ўроках. Гэтыя аповеды дапамаглі мне сфарміра­ваць сваё ўяўленне аб рабоце настаўніка, — расказвае малады спецыяліст, чаму выбрала педагагічную прафесію.

Падчас навучання ў школе Ганна заўсёды захаплялася дакладнымі навукамі. На ўроках фізікі Алены Курылавай дзяўчына нібы пераносілася ў чароўны свет дзівосных з’яў і законаў прыроды:

— Алена Іванаўна натхняла мяне сваім энтузіязмам і любоўю да прадмета. І ў старшых класах я канчаткова зацвердзілася ў рашэнні звязаць жыццё з фізікай, усвядоміла, што хачу яшчэ больш паглыбіцца ў навуку, якая вывучае і тлумачыць агульныя законы прыроды, матэрыі, яе структуру, рух і трансфармацыю. Зразумела, што затым хачу выкладаць гэты прадмет школьнікам: дзяліцца сваімі ведамі з дзецьмі і абуджаць у іх жаданне спазнаваць, як пабудаваны навакольны свет.

На шляху да прафесіі

Падчас вучобы ў ГДУ імя Ф.Скарыны па спецыялізацыі “Фізіка (навукова-педагагічная дзейнасць)” студэнтка Чарнова шырока вывучала методыку выкладання пад кіраўніцтвам кандыдата фізіка-матэматычных навук дацэнта Сяргея Шалупаева.

— Сяргей Вікенцьевіч паўтараў нам, што педагагічная дзейнасць — гэта не толькі перадача ведаў, але і выхаванне дзіцяці, фарміраванне асобы. Сапраўдны настаўнік павінен умець не толькі тлумачыць складаныя тэмы, але і развіваць у вучняў крытычнае мысленне, а таксама любоў да навучання. Мы часта на занятках разбіралі практычныя сітуацыі, якія ўзнікаюць на ўроках, у падрабязнасцях вывучалі і асвойвалі прыёмы ўзаемадзеяння настаўніка з вучнямі, — успамінае студэнцкія гады педагог. — Падчас вучобы я актыўна ўдзельнічала ў розных мерапрыемствах і конкурсах, што дапамагло атрымаць навыкі каманднай работы, навучыцца знахо­дзіць агульную мову з зусім рознымі людзьмі. А яшчэ прымала ўдзел у навуковых праектах, апублікавала 4 навуковыя артыкулы аб методыцы выкладання і сацыялізацыі асобы навучэнцаў сярэдняй школы. Адна з іх трапіла ў зборнік XIII Міжрэгіянальнай навукова-практычнай канферэнцыі навукоўцаў, выкладчыкаў, спецыялістаў, аспірантаў і студэнтаў “Сацыяльная бяспека і абарона чалавека ва ўмовах новай грамадскай рэальнасці ў перыяд распаўсюджвання COVID-19” (Перм, Расія).

Сёння пра ўніверсітэцкія гады маладому настаўніку нагадвае не толькі грамата за актыўны ўдзел у жыцці ўніверсітэта, але і атрыманыя практычныя навыкі, да якіх яна звяртаецца ў сваёй штодзённай педагагічнай дзейнасці.

Займальныя школьныя будні

— У рабоце я імкнуся выкарыстоўваць разнастайныя метады і формы навучання. Пра тое, як будуць праходзіць мае ўрокі, задумвалася яшчэ ва ўніверсітэце. Падчас пераддыпломнай педагагічнай практыкі паспяхова распрацавала і ўкараніла ў адукацыйны працэс лабараторную работу “Вывучэнне тэрмаэлектрычных з’яў як абагульненне раздзелаў цеплавых і электрычных з’яў” для класаў з паглыбленым вывучэннем фізікі, кароткі агляд якой быў прадстаўлены ў адным з навуковых артыкулаў. Я праводжу ўрокі, выкарыстоўваючы практычныя эксперыменты, — гаворыць Ганна Уладзіславаўна. — Часта прапаную групавую работу сумесна з сучаснымі тэхналогіямі. Самастойна распрацаваныя інтэрактыўныя гульні дапамагаюць ма­дэляваць фізічныя працэсы з выкарыстаннем сімулятараў. Так урокі праходзяць больш цікава і плённа, школьнікі лепш засвойва­юць матэрыял.

На сваіх уроках маладая настаўніца фізікі і інфарматыкі імкнецца падтрымлі­ваць атмасферу супрацоўніцтва і адкрытасці, заўсёды цікавіцца думкамі сваіх падапечных, далучае іх да абмеркаванняў, дыскусій, бо ўпэўнена, што гэта вельмі важна для фарміравання даверных адносін. Педагог бачыць, што калі ёсць давер паміж настаўнікам і вучнем, то кожнае дзіця адчувае сябе камфортна і бяспечна. Гэта дазваляе дзецям без сумненняў і боязі дзяліцца думкамі і перажываннямі, а настаўніку — лепш разумець патрэбы і інтарэсы сваіх выхаванцаў.

— Акрамя таго, важна праяўляць цярпенне і павагу, бо кожнае дзіця ўнікальнае і патрабуе індывідуальнага падыходу. У канчатковым выніку моцныя ўзаемасувязі паміж настаўнікам і вучнем могуць стаць падмуркам для поспеху і асобаснага развіцця ў будучыні. Зносіны з вучнямі дораць мне неверагоднае задавальненне. Іх цікавасць, пытанні і жаданне вучыцца натхняюць шукаць і прымяняць новыя падыходы ў адукацыйным працэсе. Кожны паспяховы эксперымент і прагрэс вучня — гэта мая маленькая перамога. Дзякуючы ўсяму гэтаму, мы з дзецьмі заваявалі дыплом III ступені на раённай навукова-практычнай канферэнцыі і выступілі на фестывалі “Кніга — пачатак пачаткаў кожнай навукі”, дзе за сваю даследчую работу былі ўзнагароджаны дыпломам I ступені, — дзеліцца першымі педагагічнымі поспехамі Ганна Чарнова.

Важную частку ў настаўніцкай дзейнасці маладога настаўніка займае выхаваўчая работа. Са сваімі падапечнымі настаўніца прыняла ўдзел у конкурсе камп’ютарных распрацовак патрыятычнай накіраванасці “ПАТРИОТ.by”, распрацаваўшы камп’ютарную мультыплікацыйную прэзентацыю пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. У намінацыі “Іх імёны ў гісторыі Перамогі…” работа была ўзнагароджана дыпломам II ступені.

— Удзельнічаючы ў конкурсе і распрацоўваючы праект, які знаёміць з асабістымі гісторыямі, мы хацелі заклікаць усіх да актыўнага ўдзелу ў захаванні і распаўсюджванні памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, аб тых, хто з гонарам выканаў свой абавязак перад Радзімай. Робячы акцэнт на лёсах удзель­нікаў вайны, хацелася зірнуць на гістарычныя падзеі і асэнсаваць іх праз асобы канкрэтных людзей, іх гераізм і подзвігі, — звяртае ўвагу на асаблівасць распрацоўкі мая суразмоўніца.

Бліц-апытанне

— Ці запомніўся вам першы працоўны дзень?

— Добра яго памятаю, як і цёп­лую сустрэчу сваіх былых настаўнікаў і цяперашніх калег. Першымі эмоцыямі былі змешаныя разам радасць, хваляванне, прадчуванне чагосьці новага. Паступова з правядзеннем кожнага наступнага ўрока хваляванне і мандраж змянялі спакой і ўпэўненасць у сабе.

— Наколькі важная падтрымка вопытных калег маладым спецыя­лістам?

— Падтрымка і настаўніц­тва ад педагогаў, якія мяне ўзга­давалі і сёння заўсёды гатовы прыйс­ці на дапамогу, падзяліцца сваім вопытам, стварае атмасферу адзінства, згуртаванасці, што дапамагае пераадольваць многія цяжкасці. Менавіта дзякуючы гэтай падтрымцы, я заняла ганаровае 2-е месца ў спаборніцтве па шахматах падчас спартакіяды работнікаў адукацыі. Падтрымка прафсаюзнай арганізацыі аддзела адукацыі Жлобінскага райвыканкама прыўносіць яркія фарбы ў правядзенне вольнага часу. На пачатку года я разам з іншымі маладымі спецыялістамі раёна пабывала на экскурсіі на мемарыяльным комплексе “Чырвоны Бераг”, таксама мы прымалі ўдзел у спартыўна-масавых мера­прыемствах.

— Як сёння вам бачыцца, хто такі настаўнік?

— Настаўнік — гэта не кар’ернае рашэнне, а прызванне, якое дае магчымасць адкрываць дзецям свет, поўны таям­ніц і загадак, запальваць у іх іскру цікавас­ці і жадання пазнаваць. Педагог, калі яго сэрца напоўнена любоўю да вучняў і верай у іх, становіцца правадніком да новых ведаў, натхняльнікам да пераадолення перашкод і дасягнення новых мэт. Гэта чалавек, які імкнецца з адной кропкі рос­ту ў іншую, гатовы вучыцца ў сваіх вучняў гэтак жа, як яны вучацца ў яго.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота з архіва школы