Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка актыўна займаецца міжнароднай дзейнасцю. БДПУ мае звыш 190 дагавораў аб супрацоўніцтве з універсітэтамі-партнёрамі па ўсім свеце. Больш за 40 з іх — з КНР. Пра гэта карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” паведаміў прарэктар па вучэбнай рабоце БДПУ Аляксандр Макоўчык.
Сёння ва ўстанове вучыцца амаль 800 замежных студэнтаў, каля 600 з іх — прадстаўнікі Кітая.
— У 2017 годзе БДПУ падпісаў дагавор аб узаемадзеянні з Хэнаньскім універсітэтам. Пасля да нашага супрацоўніцтва далучыліся і іншыя ўніверсітэты правінцыі Хэнань: Хэнаньскі прафесійны інстытут мастацтваў, Лаянскі педагагічны ўніверсітэт і Хуайіньскі педагагічны ўніверсітэт. Але Хэнаньскі ўніверсітэт з’яўляецца каардынуючай арганізацыяй, якая курыруе нашы адносіны з іншымі ўстановамі адукацыі гэтай правінцыі, — адзначыў Аляксандр Макоўчык.
Новыя фарматы
Восенню БДПУ наведала дэлегацыя Хэнаньскага ўніверсітэта. У час сустрэчы былі намечаны канкрэтныя крокі па пашырэнні ўзаемадзеяння ў адукацыйнай, навукова-даследчай і культурнай дзейнасці. Абмеркавалі таксама і супрацоўніцтва ў галіне пачатковай, дашкольнай адукацыі, фізічнага выхавання і па спецыяльнасцях мастацка-эстэтычнага профілю, магчымасць атрымання паглыбленай вышэйшай адукацыі па праграмах на англійскай мове, арганізацыю стажыровак і актуалізацыю акадэмічнай мабільнасці студэнтаў у рамках летніх і зімовых школ, стварэнне маладзёжных праектаў. Асаблівая ўвага была ўдзелена падрыхтоўцы праектаў дадатковых пагадненняў па рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм па сістэме “3+1+1” і “4+0”.
— Па фармаце “3+1+1” замежныя студэнты першыя тры гады вучацца ў Кітаі, потым прыязджаюць да нас на 4 курс. Пры гэтым яны паралельна пішуць дыпломную работу на ўзроўні бакалаўрыята. У БДПУ вывучаюць рускую мову на працягу года на падрыхтоўчым аддзяленні, атрымліваюць пасведчанне аб яго заканчэнні. Пасля вяртаюцца ў Хэнаньскі ўніверсітэт, дзе ім уручаюць дыплом бакалаўра. Затым яны прыязджаюць зноў да нас, але ўжо на вучобу ў магістратуры па спецыяльнасцях “Дашкольная адукацыя”, “Пачатковая адукацыя”, “Фізічная культура і спорт”, “Музычнае мастацтва”, “Выяўленчае мастацтва” і “Псіхалогія”, — праінфармаваў Аляксандр Васільевіч.
Паводле яго слоў, менавіта вышэйназваныя спецыяльнасці карыстаюцца найбольшай папулярнасцю сярод кітайскіх абітурыентаў. Хоць перыядычна яны выбіраюць і іншыя спецыяльнасці, напрыклад, фізіка-матэматычнага факультэта.
— Канечне, большасць кітайцаў вучыцца на факультэце эстэтычнай адукацыі. Каб яны з задавальненнем вучыліся ў нас, мы стварылі такія адукацыйныя ўмовы, каб у іх не было ніякіх праблем у зносінах. Таксама яны могуць пражываць у нашым інтэрнаце, азнаёміцца з культурай Беларусі, наведваючы гістарычныя мясціны не толькі сталіцы, але і іншых рэгіёнаў, — дадаў прарэктар БДПУ.
Што тычыцца фармату “4+0”, то ён прадугледжвае 4-гадовае навучанне ў Кітаі з дыстанцыйным уключэннем у адукацыйны працэс выкладчыкаў БДПУ. Яны прыкладна 30% вучэбнага плана будуць чытаць лекцыі анлайн, удзельнічаць у прамежкавай і выніковай атэстацыі. Пасля заканчэння студэнты атрымаюць дыпломы двух універсітэтаў.
Перспектыўная прафілізацыя
У БДПУ ў наступным годзе адкрыецца новая прафілізацыя “Гісторыя Кітая” ў рамках магістарскай праграмы “Гістарычная адукацыя”.
— Сёння ў нашай краіне няма такіх прафілізацый, таму мы спадзяёмся, што яна выкліча цікавасць у кітайскіх абітурыентаў. Да таго ж стане стымулам і нашым выкладчыкам павысіць сваю кампетэнтнасць па гісторыі Кітая. Хоць БДПУ і з’яўляецца моцным метадалагічным цэнтрам па гістарычнай адукацыі, але што тычыцца гісторыі Кітая, то і нам давядзецца нарошчваць веды ў гэтым навуковым напрамку, — расказаў А.В.Макоўчык.
У педуніверсітэце падрыхтаваны ўжо вучэбны план на рускай і англійскай мовах. У яго ўвайшлі такія дысцыпліны, як “Кітай са старажытных часоў да пачатку ХХ ст.”, “Кітай у сучасны час”, “Вялікі шаўковы шлях: гісторыя і сучаснасць” і г.д.
На пачатку снежня дэлегацыя БДПУ наведала Чжэнчжоускі педагагічны ўніверсітэт і дамовілася аб стварэнні сумеснага інстытута для рэалізацыі праграм бакалаўрыята і магістратуры.
Культура і спорт
У межах беларуска-кітайскага адукацыйнага супрацоўніцтва ў мінулым годзе ў БДПУ быў створаны цэнтр кітайскай мовы і культуры.
— А яшчэ сёлета мы адкрылі секцыю па ушу, і зараз нашы студэнты могуць авалодаць гэтым кітайскім баявым мастацтвам. На сённяшні дзень у секцыі займаецца каля паўсотні студэнтаў, прычым кітайскіх — значна больш, чым беларускіх. Як аказалася, на радзіме, у КНР, мало хто з іх вывучаў ушу. Дарэчы, наша ўніверсітэцкая каманда сёлета ўпершыню выступіла на чэмпіянаце Беларусі па ушу і атрымала 5 медалёў, — не без гонару паведаміў Аляксандр Васільевіч.
У найбліжэйшы час у БДПУ плануецца стварэнне яшчэ аднаго цэнтра кітайскай культуры “Кітайская мова+”, дзе “+” — гэта навучанне ушу.
— Спадзяёмся, што гэты цэнтр зможа каардынаваць усё наша супрацоўніцтва з кітайскімі ўніверсітэтамі, — падагульніў А.В.Макоўчык.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота прадастаўлены БДПУ